рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе за рэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,
у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАКУ́СТЫКА (ад бія... + акустыка),
біялагічная акустыка, галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны паміж жывёламі. Афіцыйнае прызнанне атрымала ў 1956 на 1-м Міжнар. біяакустычным кангрэсе (ЗША). Цесна звязана з эталогіяй жывёл, фізіял. акустыкай, якая вывучае будову і функцыі гукаўтваральнай і гукаўспрымальнай сістэм чалавека і жывёл, а таксама з акустыкай. Абмен гукавымі сігналамі найб. развіты ў птушак, у меншай ступені ў млекакормячых і земнаводных. Некаторыя жывёлы (лятучыя мышы, дэльфіны) пры дапамозе гукавой сігналізацыі арыентуюцца ў прасторы, вызначаюць каардынаты, памеры перашкод або здабычы (эхалакацыя). Даныя біяакустыкі выкарыстоўваюць для кіравання паводзінамі жывёл штучна ўтворанымі гукамі (адпужванне птушак ад аэрадромаў, лоўля рыбы, у марской справе і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ, Вашынгтонская дэкларацыя. Падпісана ў Вашынгтоне 1.1.1942 прадстаўнікамі 26 дзяржаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Бельгіі, Гаіці, Гандураса, Гватэмалы, Грэцыі, Дамініканскай Рэспублікі, Індыі, Канады, Кітая, Коста-Рыкі, Кубы, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нікарагуа, Новай Зеландыі, Панамы, Паўднёва-Афрыканскага Саюза, Польшчы, Сальвадора, Чэхаславакіі і Югаславіі). Прынята ў развіццё Атлантычнай хартыі 1941. Прадугледжвала абавязацельствы бакоў (атрымалі назву Аб’яднаных Нацый) выкарыстаць усе свае ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць фаш. Германіі, яе саюзнікаў і сатэлітаў, узаемнае супрацоўніцтва краін антыгітлераўскай кааліцыі, незаключэнне імі сепаратнага перамір’я або міру з праціўнікам, далучэнне да Дэкларацыі інш. нацый, якія дапамагаюць або могуць дапамагчы ў барацьбе з фашызмам. З’явілася важным крокам у справе аб’яднання сіл антыгітлераўскай кааліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭШЫФРАВА́ННЕаэрафотаздымкаў,
метад даследавання мясцовасцей і атм. з’яў па іх касмічных і аэрафотаадлюстраваннях. Заключаецца ў выяўленні, распазнаванні аб’ектаў, вызначэнні іх якаснай і колькаснай характарыстык па дэшыфравальных прыкметах (прамых і ўскосных) і паказе іх умоўнымі знакамі на картах, схемах. Адрозніваюць комплекснае (агульнагеагр., ландшафтнае і інш.) і галіновае Д., якое выкарыстоўваецца ў ваен.справе, тапаграфіі, картаграфіі, геалогіі, пры пошуках карысных выкапняў, землеўпарадкаванні, акіянаграфіі (прыбярэжныя часткі дна мораў), метэаралогіі і інш. Праводзіцца ў 3 этапы: папярэдняе (зняцце першаснай інфармацыі са здымкаў і нанясенне яе на папярэднія схемы); палявое (праверка першаснай інфармацыі на мясцовасці, выяўленне індыкатараў аб’екта, які даследуецца) і канчатковае — камеральнае (складанне канчатковых карт па ўдакладненых даных). Гл. таксама Аэрафотаздымка і Аэракасмічныя метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБА́ЙН (англ. combine літар. злучэнне),
агрэгат з некалькіх рабочых машын, прызначаных адначасова выконваць поўны цыкл рознахарактарных аперацый. Пачаткам такога цыкла можа быць здабыванне сыравіны, канцом — выпуск прадукцыі.
Аб’яднанне некалькіх паслядоўных аперацый у К. паскарае вытв. працэс і павышае прадукцыйнасць працы за кошт выключэння міжаперацыйных страт часу, матэрыялаў і шматлікіх паўтарэнняў пагрузачна-разгрузачных, трансп. і інш. работ. К. бываюць рухомыя (самаходныя, прычапныя) і стацыянарныя. Найб. пашыраны рознага тылу К. ў с.-г. вытв-сці, напр., бульба-, збожжа-, канопле-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачны К. (гл. адпаведныя арт.), ільноўборачны (гл. ў арт.Ільноўборачныя машыны).Выкарыстоўваюцца К. ў горнай справе (гл.Горны камбайн), атрымалі пашырэнне кухонныя К. (гл. ў арг.Кухонныя прылады і прыстасаванні), музычныя К. (музычныя цэнтры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЦ (ням. Quarz),
мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІН-КАМІ́НСКІ (Тадэвуш Карлавіч) (7.5.1922, Мінск — 7.2.1968),
бел. акцёр. У 1939—41 вучыўся ў рэсп. Тэатр.
вучылішчы. У Вял.Айч. вайну вязень фаш. канцлагераў у Зах. Еўропе. З 1945 у Мінску, высланы ў Сібір (да 1947). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1948), працаваў у гэтым тэатры. Характарны акцёр. Ролі вызначаліся маст. пераканаўчасцю, лаканізмам сродкаў выразнасці, знешняй стрыманасцю пры напружаным унутр. жыцці персанажа. Сярод роляў: Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Парфірый («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Бем («Прага застаецца маёй» Ю.Буракоўскага), Цырульнік («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета), Кяміль («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Анастасіс («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Петушкоў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ СПРА́ВА,
назва серыі суд. працэсаў па абвінавачанні шэрагу буйных парт., сав. і гасп. работнікаў у здрадзе Радзіме і намеры ператварыць Ленінградскую парт. арг-цыю ў апору барацьбы супраць ЦКВКП(б), сфальсіфікаваных органамі бяспекі СССР у канцы 1940 — пач. 1950-х г.Суд. працэс над гал. абвінавачанымі (вер. 1950) праведзены з парушэннем працэсуальных норм: 6 чал., у т. л. былыя чл. Палітбюро ЦКВКП(б) М.А.Вазнясенскі, сакратар ЦКВКП(б) А.А.Кузняцоў, старшыня СМ РСФСР М.І.Радзіёнаў, 1-ы сакратар Ленінградскага абкома партыі П.С.Папкоў, расстраляны, астатнія асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. У Ленінградзе па гэтай справе рэпрэсіравана каля 2000 чал. Пазней усе асуджаныя па Л.с. рэабілітаваны, большасць пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ БІ́ЗНЕС,
камерцыйная дзейнасць, арганізаваная ў межах малога (гл.Малое прадпрыемства) ці сярэдняга прадпрыемства з пэўным колькасным крытэрыем працуючых і аб’ёмам гасп. дзейнасці. Такія прадпрыемствы павінны мець незалежнае кіраванне, уласны капітал, лакальны раён дзеяння, адносна невял. памер у адносінах да галіны ў цэлым. Перавагі М.б.: незалежнасць дзеянняў, здольнасць хутка адаптавацца да навакольных умоў (напр., пераарыентавацца на вытв-сць новых відаў тавараў), параўнальна нізкія бягучыя выдаткі, больш высокая абарачальнасць капіталу, хуткае дасягненне эфектыўнасці (атрыманне прыбытку і інш.). Недахопы: фін. цяжкасці, асабістыя адказнасць і рызыка прадпрымальнікаў, няўпэўненасць партнёраў пры заключэнні кантрактаў, залежнасць ад інш. асоб, фірм, дзяржавы ў справе атрымання рэсурсаў і інш. У развітых краінах на М.б. прыпадае асн. частка знешнеэканам. сувязей.