від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т. л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).
Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.
На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.Гараеў, Я.Гаўрыленка, М.Кіраў, У.Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.Іўчанка і П.Пачанчук; у трайным скачку А.Каваленка і І.Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.Шыкаленка, дыска У.Дуброўшчык, В.Капцюх і Э.Зверава; у сямібор’і Н.Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.Смяхнова (1983), А.Бялеўская (1987), У.Сасімовіч (1991), Я.Місюля (1991, 1995), С.Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.Духнова (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕБЕЛАРУ́СКІ ДРУ́К Развіваўся ў 1920—30-я г. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні, а таксама звароты, пракламацыі і інш.Перыяд. выданні падзяляліся на літ.-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на бел., рус., польск., літ., яўр. мовах. У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Зах. Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я г. — Берліне і інш. месцах. Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922—23); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сац. і нац. інтарэсы бел. народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—28 і 1928—30) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1917—40) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Бел.нацыяналіст. сябрына — «Беларусь працы». Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў 2-й пал. 1920—1-й пал. 1930-х г. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (1925—27) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Выданні рэв.-дэмакр. і нац.вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны. У змаганні за сац. вызваленне працоўных Зах. Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—38): нелегальныя газ.«Чырвоны сцяг» і час.«Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «До валькі», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы». «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Zołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Biułetyn informacyiny КС KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦККПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».
У 1930-я г. выдавецкай дзейнасцю займаліся акр. і некат. раённыя к-ты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газ. «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барикады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польск. і яўр. мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» (Беласток), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога». Культурна-асв. дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», час.«Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.
У 2-й пал. 1920-х — пач. 1930-х г. у Зах. Беларусі было створана шмат новых партый і арг-цый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газ.«Сялянская ніва», Беларуская сялянская партыя — газ.«Народ»; Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», час.«Саха»; Т-вабел. асветы — газ.«Родны край»\ Часовая бел. рада (Бел.нац. рада) — газ. «Беларускае слова»; левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады — газ.«Грамадзянін»; група Бел. фронту — газ.«Беларускі фронт»; бел. нацыянал-сацыялісты — газ. «Голас праўды», час.«Новы шлях». Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала час. «Do złuczenia» («Да злучэння»). Выходзілі часопісы сатыр.«Авадзень», «Асва»; літ. — «Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арг-цыі выдавалі час.«Беларуская борць», Бел. аб’яднанне жанчын імя Цёткі — час.«Жаноцкая справа»; Бел.ін-т гаспадаркі і культуры — час.«Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.
У 2-й пал. 1930-х г. у Зах. Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакр. работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакр. выданні «Беларуская газета», «Наша воля», час.«Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскіх арг-цый. «Фронт», «Карта», «Папросту» заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму. Дзякуючы дэмакр.зах.-бел. перыёдыцы стварылася прафес.маст.л-ра (М.Васілёк, М.Танк, В.Таўлай, П.Пестрак, Л.Родзевіч, А.Салагуб, М.Машара, К.Сваяк, М.Засім, І.Дварчанін, Г.Леўчык, А.Іверс, С.Новік-Пяюн, Н.Арсеннева, Хв.Ільяшэвіч, Я.Чабор, П.Граніт, С.Крывец, А.Мілюць, Н.Тарас і інш.). За 1921—39 зах.-бел. друк налічваў каля 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 іт.). Мн., 1974;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977.
С.В.Говін.
Да арт.Заходнебеларускі друк. Падпольныя перыядычныя выданні КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.
1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы.Зарэцкі.Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца.Прыказка./ Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў.Мікуліч.
2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам.Купала.Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне.Кірэенка.// Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў.Колас.Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём?Мележ.// Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні.Хадановіч./ Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні.Лобан.Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы.Ракітны.Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала.Панчанка.
3.Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна.Скрыган.
4.Зал.да таміць (у 3, 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕРШАБЫ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва эпохі першабытнага грамадства. Пачатковыя імпульсы выяўл. дзейнасці вядомы ў неандэртальцаў, фарміраванне П.м. адносіцца да позняга палеаліту і паяўлення сучаснага чалавека (40—30 тыс.г. назад). Найб.стараж. помнікі П.м. выяўлены ў Зах. Еўропе, пераважна на тэр. Францыі і Іспаніі (наскальныя размалёўкі ў пячоры Альтаміра і інш.), Афрыцы (наскальныя выявы на плато Тасілін-Аджэр), а таксама ў Італіі, Аўстрыі, Чэхіі, на Урале, Каўказе і інш. У абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, эскімосаў Канады, некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі і Паўн.-Усх. Сібіры П.м. захавалася да нашых часоў. Першапачаткова П.м. не было аформлена ў асобны від дзейнасці і было звязана з прац. працэсам, паляўнічай (пазней і аграрнай) магіяй, выяўляла асн. жыццёвыя інтарэсы і светаўяўленне першабытнага чалавека, адухоўленне сіл прыроды (гл.Анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (гл.Татэмізм) і інш. Сярод матываў П.м. пашыраны гравіраваныя, рэльефныя і жывапісныя выявы (гл.Наскальнае мастацтва) жывёл — аб’ектаў палявання, схематычныя фігуры чалавека, каменныя і касцяныя статуэткі жанчын з гіпертрафіраванымі формамі цела і схематызаванымі галовамі (т. зв. «палеалітычныя Венеры», магчыма, звязаныя з культам прамаці), абагульнена-выразныя скульпт. фігуркі жывёл і іх гравіраваныя выявы на косці і камені, просты геам. арнамент на посудзе і прыладах працы, пятрогліфы. Помнікі П.м. эпохі палеаліту вызначаюцца яркай, стыхійнай рэалістычнасцю перадачы знешняга выгляду, звычак жывёл. У познім палеаліце зарадзілася архітэктура: паглыбленыя ў зямлю жытлы, дамы на па́лях, культавыя комплексы з вял. камянёў (гл.Кромлех, Дальмен) і інш. У мастацтве мезаліту павялічваецца схематызм, пашыраюцца шматфігурныя кампазіцыі, выявы чалавека ў дзеянні (сцэны паляванняў, бітваў і інш.). Развіццё керамікі, ткацтва, металаапрацоўкі абумовіла пашырэнне і ўскладненне мастацтва арнаменту, спрыяла вылучэнню дэкар.-прыкладнога мастацтва ў самаст. від творчай дзейнасці. На мяжы бронзавага і жал. вякоў у сцяпных стэпавых народаў Еўразіі пашырыўся «звярыны стыль». У перыяд разлажэння першабытнаабшчынных адносін пачалі ўзнікаць развітыя віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.
На тэр. Беларусі знаходкі выяўл. П.м. вядомы з мезалітычнага часу (арнаментаваныя касцяныя наканечнікі, гравіраваныя выявы мужчын і звяроў). На неалітычных стаянках сустракаюцца арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, зубоў, бурштыну, дробныя пластычныя выявы людзей, жывёл і птушак з дрэва, рогу, косці. Арнамент на керамічным посудзе пераважна штампаваны і пракрэслены, складзены з ямак, наколаў, насечак, грабеньчатых адбіткаў, ліній. У канцы неаліту і ў бронзавым веку паявіліся сімвалічныя выявы нябесных свяціл, а таксама сімвалы плоднасці. Для ранніх этапаў бронзавага веку Беларусі характэрна суіснаванне маст. традыцый мясц. паляўнічых з абстрактным стылем маст. творчасці земляробаў. У П.м. жал. веку на Беларусі развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва. Буйныя скульптурныя формы, характэрныя для канца жал. веку, прадстаўлены каменнымі ідаламі. Адчуваліся ўплывы з Прычарнамор’я, Цэнтр. Еўропы і Прыбалтыйскага рэгіёна.
Літ.:
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Мириманов В.Б. Первобытное и традиционное искусство. М., 1973;
Мировая художественная культура: Хрестоматия. [Т.] 1. Художественная культура первобытного общества. СПб., 1994;
Столяр А.Д. Происхождение изобразительного искусства. М., 1985;
Формозов А.А. Памятники первобытного искусства на территории СССР. 2 изд. М., 1980.
С.У.Пешын, М.М.Чарняўскі.
Да арт.Першабытнае мастацтва. Першабытны мастак. З мал. З.Бурыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ле́та, ле́то, ліэ́то, лі́то ’самая цёплая пара года’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Яруш., ТС; драг., стол., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.), лі́та (мн. л.) ’слаі ў драўніне, паводле якіх вызначаюць узрост дрэва’ (Клім.; бяроз., Шатал.), ’год’ (Касп., Яруш.), лета ў лета ’круглы год’ (ТСБМ), на ле́та ’на будучы год’ (Яруш., Бяльк.), лета ле́цкае ’на працягу ўсяго лета’ (Ян.), ліэто, літо ’цыкл летніх абрадавых песень’ (Бес., Клім.), драг.літа́ (мн. лік) у выразе: выхо́дытэ з літ ’перыяд заканчэння клімаксу ў жанчын’ (І. Лучыц-Федарэц), памянш. летка, летко, ле́цечка (Кл., Шат., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), ле́тны, летні, літный, ле́тненькі (ле́тнянькі, летні́нькі) ’летні’, ’цёплы, цеплаваты, ледзь цёплы, трохі падагрэты’ (Сцяшк., Бяльк., Шат., ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах.; нясв., Жд. 2, Др.-Падб., Гарэц., Юрч.), лудз. ’яравы’ (Сл. паўн.-зах.), слуц.ле́ткі ’тс’ (Нар. словатв.), летавы ’летні’ (Федар. Дад.), ваўк.летні ’стары’ (БНТ, Лег. і пад.), ст.-бел.лѣтный, лѣтний ’які адбываецца летам, які прызначаны для выкарыстання летам’, ’аднагадовы, адналетні’, ’немалады’ (Булахаў, Гіст., 113). Укр.літо, рус.лето, польск.lato, палаб.lʼotüв.-луж.lěćo, н.-луж. і в.-луж.lěto, чэш.léto, славац.leto, славен.lę́to, серб.ле̏то, харв.ljȅto, макед.лето, lʼatu, балг.лято, ст.-слав.лѣто ’самая цёплая пара года’ > ’год (= час ад лета да лета)’, прасл.lěto. Найбольш пераканаўчай са шматлікіх версій пра паходжанне лексемы можна лічыць этымалогію Ваяна (BSL, 64 (2), 124–126), які супастаўляе прасл.lěto з літ.lė̃tas ’павольны, ціхі, спакойны, лагодны’, лат.lę̄ts ’лёгкі’, лац.lēnis ’лагодны, памяркоўны’ і адносіць іх да і.-е.*lē‑ ’паслабіць, зрабіць больш лёгкім’. Махэк₂ (328) супастаўляе слав.lěto з лац.laetus, якое першапачаткова мела значэнне ’добры, прыемны, уцешлівы’, ’які добра выглядае’. Мартынаў (Балто-слав.-итал. изол., 21–22) адносіць прасл.lěto (vermę) да італ. інфільтратаў, супастаўляючы яго з лац.laetus ’багаты, плённы, квітнеючы, радасны, спрыяльны, прыемны, бліскучы, шыкоўны, тлусты’. Такім чынам, прасл.lěto (з суф. ‑to, як žito) азначала ’час, перыяд, калі палягчэла з холадам, калі ўсё цвіце, калі чалавеку прыемна, радасна, калі ўсяго ў дастатку’. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 70–71; Фасмер, 2, 488–489; Скок, 2, 336–337; Бязлай, 2, 137.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хваро́ба, ‑ы, ж.
1. Парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Дзіцячыя хваробы. Заразныя хваробы. □ Урач бачыла, што хлопчык ідзе на папраўку, ды вельмі ж марудна пакідала яго шчупленькае цела хвароба.Даніленка.Хвароба сваёй хаты не мае, а па людзях ходзіць.Прыказка.
2.перан. Недахоп. Нявытрыманасць — гэта яго хвароба.
•••
Венерычная хвароба — інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца ў асноўным цераз палавыя органы: сіфіліс, ганарэя, шанкер.
Гіпертанічная хвароба — захворванне, якое выяўляецца ў павышэнні крывянога ціску ў артэрыяльных сасудах.
Гісторыя хваробыгл. гісторыя.
Горная хвароба — хваравіты стан, калі моташна, кружыцца галава і пад. пры пад’ёме на значную вышыню.
Жаночыя хваробы — спецыфічныя для жанчын захворванні, звязаныя з асаблівасцямі жаночага арганізма.
Кесонная хвароба — захворванне, якое ўзнікае пры хуткім выхадзе з асяроддзя з павышаным атмасферным ціскам у асяроддзе з больш нізкім ціскам (у вадалазаў, касманаўтаў).
Прамянёвая хвароба — захворванне, якое выклікаецца дзеяннем радыеактыўных рэчываў.
Слановая хвароба — тое, што і слановасць.
Сонная хвароба — інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца моцнай санлівасцю.
Унутраныя хваробы — хваробы ўнутраных органаў.
Хваробы росту — цяжкасці, якія ўзнікаюць у перыяд развіцця або асваення чаго‑н. новага (у вытворчасці, грамадскім жыцці і пад.).
Цукровая хвароба — тое, што і цукровы дыябет (гл. дыябет).
Язвавая хвароба — агульнае хранічнае захворванне, якое суправаджаецца ўзнікненнем язваў на сценках страўніка і дванаццаціперснай кішкі.
Да хваробы (груб.) — вельмі многа.
Панская хвароба — а) прытворная, несур’ёзная хвароба; б) недахопы, якасці, уласцівыя панам. [Засцянкоўцы] і фанабэрыстыя, і скупыя, і хварэюць на панскія хваробы: звысака глядзяць на тых, хто бяднейшы за іх.Якімовіч.
Як хваробе кашальгл. кашаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́рства, ‑а, н.
1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска.Якімовіч.
2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.
3.перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства.«Беларусь».Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень.Мележ.А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух.Матрунёнак.// Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола.Хомчанка.І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства.«Звязда».Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны!В. Вольскі.
•••
Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.
Вечнае царства — пра рай.
Вянчацца на царствагл. вянчацца.
Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.
Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае...Навуменка.
Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.
Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.
Царства нябеснаекаму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула...Шамякін.
Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК,
на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл.Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.
Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл.Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).
Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.