АКРАДЭРМАТЫ́Т

[ад акра... + дэрматыт(ы)],

група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.

М.З.Ягоўдзік.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)