ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),

род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).

Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.

В.​В.​Маўрышчаў.

Павітуха.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́РЛІКІ (Aquila),

птушкі роду арлоў сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 2 віды: П. вялікі, або арол-крыкун (A. clanga), і П. малы (A. pomarina). Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жывуць у лясах, паблізу лясных балот, у далінах рэк і азёр. Гняздуюцца высока на дрэвах. На Беларусі часцей трапляецца П. малы, пераважна на Палессі. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і пальцы жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Драпежнікі, асн. здабыча — дробныя млекакормячыя (пераважна мышападобныя), птушкі, жабы, насякомыя. Нясуць 1—2 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Падворлік малы.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РЫ,

службовая асоба ў ВКЛ. П. прыдворны адказваў за парадак і ўбранства ў пакоях вял. князя, быў яго дарадчыкам і ўваходзіў у склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Прызначаўся з буйных феадалаў. П. павятовы разглядаў зямельныя спрэчкі паміж шляхтай у падкаморскім судзе, удзельнічаў у разглядзе спраў у каптуровым судзе. Прызначаўся вял. князем з 4 кандыдатаў, выбраных шляхтай на павятовым сейміку. Гэту пасаду мог займаць толькі шляхціц-хрысціянін, ураджэнец ВКЛ, які валодаў маёнткам у гэтым павеце, ведаў права. П. прызначаў сабе з мясц. шляхты 1—2 памочнікаў — каморнікаў, якія вымяралі спрэчныя землі, а таксама па яго даручэнні разглядалі дробныя справы.

Я.​А.​Юхо.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТНЯ́К, кохія (Kochia),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, на Пд Еўропы, у Азіі, Афрыцы і на З Паўн. Амерыкі ў стэпах, пустынях і паўпустынях, часта на засоленых глебах. На Беларусі 3 віды П.: венікавы (K. scoparia), Сіверса (K. sieversiana), шарсцістакветны (K. laniflora). Трапляюцца на пустках, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У культуры вырошчваецца разнавіднасць K. scoparia var. trichophylla, летні кіпарыс, з дробным лісцем.

Аднагадовыя травы ці паўхмызнякі. Сцёблы галінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, вузкаланцэтнае. пераважна апушанае. Кветкі дробныя, сабраныя ў суквецце-клубочак. Плод — арэх. Кармавыя, тэхн., дэкар. лек., харч. расліны, некат. — пустазелле.

В.​М.​Прохараў.

Прутняк распасцёрты.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ШКА (Petroselinum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 4 віды. Пашыраны ў Зах. і Паўд. Еўропе. Стараж. культура Міжземнамор’я П. агародная, ці пасяўная (P. sativum, або P. crispum) вырошчваецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі. Мае 2 разнавіднасці: П. каранёвая з патоўшчаным караняплодам і П. лісцевая з тонкім верацёнападобным караняплодам і вял. колькасцю лісця.

Адна- і двухгадовыя травы. Лісце перыстарассечанае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, у складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Караняплоды і лісце П. агароднай маюць вітамін С (70—400 мг%), карацін, мінер. солі, плады — да 6% эфірнага алею. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прам-сці, кулінарыі, пры кансерваванні.

В.​М.​Прохараў.

Пятрушка агародная: 1 — лісцевая; 2 — каранёвая.

т. 13, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАРО́ПША (Silybum),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. плямістая, або вострастракатая (S. marianum). Трапляецца каля жылля, на агародах, па краях дарог і палёў.

Р. плямістая — калючы адналетнік выш. 60—150 см, з верацёнападобным коранем і прамым, рабрыстым, лямцава-апушаным сцяблом. Лісце буйное, скурыстае, з вял. белымі плямамі і жоўтымі калючкамі, ніжняе — чаранковае, эліпсападобнае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае, перыста-лопасцевае. Кветкі дробныя, трубчастыя, лілова-малінавыя, у адзіночных кошыках. Плод — сямянка. Маладое лісце і чаранкі ўжываюцца як салата, у насенні да 30% алею, прыдатнага ў ежу. Лек., дэкар. расліна.

В.​М.​Прохараў.

Растаропша плямістая.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Trümmer pl абло́мкі; руі́ны;

in ~ ghen* разбі́цца, ру́шыцца;

in ~ schlgen* разбіва́ць на дро́бныя кава́лкі; разруша́ць разбура́ць, ператвара́ць у руі́ны;

die Stadt sank in ~n го́рад ператварыўся ў руі́ны

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Гні́сці, гніць (БРС, Шат., Касп.). Рус. гнить, укр. гни́ти, польск. gnić, чэш. hníti, серб.-харв. гњи̏ти, балг. гни́я, ст.-слав. гнити. Прасл. *gniti (чаргуецца з *gnojь, гл.). Роднаснымі лічацца ст.-в.-ням. gnitan ’расціраць’, ст.-грэч. χνίει ’распадацца на дробныя кавалачкі’. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 6, 176–177; гл. таксама Фасмер, 1, 421–422; Слаўскі, 1, 302–303. Вытворныя гнілы́, гніль (*gnitъ, *gnilь) маюць прасл. характар (Трубачоў, там жа’, 174–176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́крупне ’высеўкі’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж падкру́пніца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), падкру́пʼядробныя грэцкія крупы’ (Бяльк.). Рус. подкрупка ’мука, высеяная з крупаў’, подкру́пье ’тс’. Першапачаткова, магчыма, покрупʼе з далейшым пераходам ‑пʼе ў ‑пне. Семантыка: тое, што застаецца ’па крупах’, г. зн. пасля таго, як зерне змелена. Да по- і крупы (гл.). Формы з пад‑, відаць, пад уплывам народнай этымалогіі з семантыкай ’нібы крупы; не зусім крупы’, параўн. под- (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сме́цце, ‑я, н.

1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.

2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.

3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.

•••

Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)