БАРАНЕ́Ц

(Huperzia),

род дзярэзаў сям. баранцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца баранец звычайны (Huperzia selago). Расце невял. групамі ў старых яловых і шыракаліста-яловых лясах, арэшніках і чорнаалешніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовазялёная дзераза выш. 10—15 см. Спарафіт, утварае шчыльныя курціны з двойчы-чатырохразова вільчакова-разгалінаваных прамых ці ўзыходных сцяблоў, укрытых, як чарапіцай, дробным ланцэтным лісцем. Спарангіі жоўтыя, аднагнездавыя, ныркападобныя, на кароткіх ножках у пазухах спарафілаў. Спараносіць у ліп.—жніўні. Споры вельмі дробныя (каля 30 мкм). Зарастак (гаметафіт) цыліндрычны, радыяльна-сіметрычны. Лек. (мае алкалоіды, сродак ад алкагалізму і курэння), фарбавальная, інсектыцыдная і дэкар. Расліна.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)