ДЭМАНАЛО́ГІЯ (ад дэман + ...логія),

рэлігійнае вучэнне пра злых духаў, заснаванае на першабытнай веры ў духаў (нячысцікаў), а таксама пра спосабы пазбаўлення ад іх людзей, апанаваных д’яблам. Такімі спосабамі хрысціяне лічаць малітвы, заклінанні і пэўныя культавыя дзеянні па выгнанні д’ябла (экзарцызм). Гіст. Д. бярэ пачатак у першабытнай веры ў духаў. Найб. значэнне мае ў рэлігіях з дуалістычным падзелам Сусвету на свет дабра і зла (зараастрызм і маніхейства). У больш позніх рэлігіях, на якія паўплываў зараастрызм (іудаізм, хрысціянства, іслам і інш.), Д. з’яўляецца таксама важнай састаўной ч. веравучэння. Большасць вобразаў бел. нар. Д. дахрысціянскага паходжання. У Д., як і ў міфалогіі, з’явы навакольнага свету, адухоўленыя нар. фантазіяй, адлюстраваны ў выглядзе фантаст. істот. Дэманалагічныя ўяўленні звязваліся з прыроднымі з’явамі (духі прыроды), гаспадаркай і хатнім побытам (хатнія духі), нягодамі, хваробамі, прычым пераважалі вобразы злой сілы. Нар. фантазія надзяляла іх чалавечымі рысамі, знешне падобнымі да чалавека (пераважна на старога дзядка з сівой барадой). Сярод духаў прыроды вылучаліся лясун — гаспадар лесу, вадзянік — дух вады, палявік, жыцень — духі палёў; вылучалі лазавіка, багніка, што нібыта жылі ў лазняку, багне. Большасць павер’яў пра хатніх духаў звязана з уяўленнямі пра «апекуна» дома і гаспадаркі дамавіка; бытавалі таксама ўяўленні пра хлеўніка, гуменніка, лазніка, ёўніка (апошняму часта ахвяроўвалі сноп жыта, каб не спаліў ёўню). Хваробы, паводле павер’яў, чынілі цётухны (увасаблялі ліхаманку), крыксы, начніцы (увасаблялі дзіцячыя хваробы), маровая панна (увасабляла мор, эпідэмію). Увасабленнем трывожнага сну была мара. Найб. пашыраным у нар. Д. быў вобраз чорта, які лічыўся прычынай усякай бяды, няшчасця, зла; быў падобны на д’ябла і служыў яго сінонімам. У канцы 19 — пач. 20 ст. вобразы нар. Д. страцілі рэліг. значэнне і засталіся ў фальклоры як персанажы нар. маст. фантазіі (трапляюцца пераважна ў былічках і чарадзейных казках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Руса́лка 1 ’міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце’ (ТСБМ), ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, руса́ўка ’тс’ (ТС). Укр. руса́лка (і ма́вка), рус. руса́лка, польск. rusałka, чэш., славац. rusalka, славен. rusalka (і vila), серб.-харв. ру́са̄лка (і вила), балг. руса́лка (і ви́ла, самоди́ва). Этымалогія цьмяная ў сувязі з налажэннем розных паняццяў і семантычнымі зменамі. Першаснай формай трэба прызнаць руса́ўка і значэнне ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, якія суадносяцца з ру́савы дзед (гл.). Форма руса́лка другасная, узнікла пры дапамозе субстантывуючага суфікса ‑ка ад руса́льны (дзень, тыдзень), параўн.: Русалка — дэнь такый (драг., Талстая, Полес., 214), прыметніка, утворанага ад русаллі (гл.). У далейшым назва міфалагізавалася і была перанесена на паганскія персанажы, што сімвалізавалі ахоўную функцыю (Той русаўкой пужалі дзецей, шчоб не ходзілі по жыці, ТС, 4, 336). Гл. Цыхун, БЛ, 57, 120.

Руса́лка 2 ’страказа’ (гом., Арх. ГУ), параўн. балг. руса́лка ’матылёк падзёнка, Ephemera vulgata’. Перанос назвы русалка 1 на насякомых, звязаных з вадой, па знешняму выгляду (“бухматасць”) і перыяду з’яўлення, блізкім да свята Тройцы. Мяркуецца, што яны сімвалізавалі душы памерлых продкаў, гл. Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГО́ГАЛЬ (Мікалай Васілевіч) (1.4.1809, с. Вялікія Сарочынцы Палтаўскай вобл., Украіна — 4.3.1852),

рускі пісьменнік, пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус. л-ры. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1828). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу (1829—31). Выкладаў гісторыю ў Пецярбургскім ун-це (1834—35). З 1836 жыў пераважна за мяжой (Італія, Германія, Швейцарыя, Аўстрыя, Францыя). У 1840 у Вене перажыў цяжкую нервовую хваробу, якая адбілася на яго светаадчуванні і прадвызначыла наступныя душэўныя зрывы. З 1848 у Расіі. Першы твор — паэма-ідылія «Ганц Кюхельгартэн» (1829). Літ. вядомасць прынесла кн. аповесцей «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (ч. 1—2, 1831—32), у якой створаны паэт. вобраз Украіны, яскравыя малюнкі нар. жыцця і побыту, шырока выкарыстаны ўкр. фальклор. Зб-кі «Міргарад» і «Арабескі» (абодва 1835) засведчылі станаўленне пісьменніка на пазіцыях рэалізму і народнасці. У аповесці «Тарас Бульба» (1835, новая рэд. 1842) у эпічна-былінным стылі ўславіў барацьбу ўкр. народа за нац. вызваленне ў 17 ст. Як глыбокі рэаліст і бязлітасны сатырык выступіў у т.зв. «пецярбургскіх аповесцях» («Нос», «Партрэт», «Неўскі праспект», «Запіскі вар’ята» і інш., 1835—42), у «Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам» (1834). Наватарскі характар драматургіі камедыі «Рэвізор» (паст. 1836) дазволіў увасобіць у вобразах чыноўнікаў павятовага горада аблічча ўсёй тагачаснай Расіі. Сярод інш. драм. твораў Гогаля камедыі «Жаніцьба», «Гульцы», «Тэатральны раз’езд пасля паказу новай камедыі» (усе 1842) і інш. Маст. адкрыццём стаў вобраз «маленькага чалавека» з аповесці «Шынель» (1842), у якой Гогаль стаў на абарону зняважанай чалавечай годнасці. Вяршыня творчасці Гогаля — паэма-раман «Мёртвыя душы» (т. 1, 1842), дзе ў вобразах надзвычайнай маст. і псіхал. ёмістасці пісьменнік увасобіў маральнае аблічча сучаснага яму грамадства. Духоўныя пошукі 1840-х г. прывялі Гогаля да вывучэння багаслоўскіх прац, гісторыі царквы. Яго «Выбраныя мясціны з перапіскі з сябрамі» (1847) сталі адным з самых палемічных твораў рус. л-ры. У ёй Гогаль выказаў веру ў мажлівасць лепшага ўладкавання Расіі, яе месіянскую ролю, заснаваную на вернасці ідэалам праваслаўя і маральнага ўдасканалення чалавека. Большасць крытыкаў убачыла ў кн. пераход пісьменніка да рэліг. пропаведзі. В.​Бялінскі абвінаваціў Гогаля ў крывадушнасці і жаданні стварыць гімн уладам. Грамадскае непрыняцце «Выбраных мясцін...» у многім вызначылі далейшы лёс Гогаля і яго творчасці. За 10 дзён да смерці Гогаль спаліў рукапіс 2-га т. «Мёртвых душ». З імем Гогаля ў рус. л-ры звязана станаўленне крытычнага рэалізму, т.зв. натуральнай школы. М.​Чарнышэўскі ўвёў ва ўжытак нават паняцце «гогалеўскі перыяд рускай літаратуры».

Творчасць Гогаля зрабіла ўплыў на бел. л-ру (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Колас, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, К.​Чорны, К.​Крапіва, Я.​Брыль і інш.). На бел. мову яго творы перакладалі М.​Краўцоў, Крапіва, М.​Лужанін, М.​Машара, М.​Паслядовіч, А.​Бачыла, П.​Місько, В.​Рабкевіч і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены кн. Гогаля «Жаніцьба» (1937), «Вечары на хутары ля Дзіканькі» (1950), «Мёртвыя душы» (1950), «Рэвізор» (1951), «Тарас Бульба» (1954) і інш. Першыя пастаноўкі п’ес Гогаля на Беларусі адбыліся ў 19 ст. («Рэвізор», 1848; «Жаніцьба», 1850; «Цяжба», 1853; «Запіскі вар’ята», 1888, і інш.). У 1945 «Рэвізор» паст. ў Бел. т-ры Я.​Коласа. У Тэатры-студыі кінаакцёра «Беларусьфільма» ажыццёўлены арыгінальныя пастаноўкі «Запіскі вар’ята» (1983) і «Фантазіі паводле Гогаля» (1987).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—14. М., 1937—52;

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1984—86;

Бел. пер. — Зачараванае месца // Наша ніва. 1909. № 9;

Тарас Бульба. Рэвізор. Мёртвыя душы. Мн., 1990.

Літ.:

Белинский В.Г. О Гоголе. М., 1949;

Чернышевский Н.Г. Очерки гоголевского периода русской литературы. М., 1953;

Н.​В.​Гоголь в воспоминаниях современников. М.; Л., 1952;

Турбин В.Н. Герои Гоголя. М., 1983;

Гоголь: История и современность. М., 1985;

Набоков В. Н.​Гоголь. М., 1987;

Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;

Яго ж. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;

Яго ж. Жывая спадчына. Мн., 1977.

М.В.Гогаль. Мастак Ф.​Молер. 1841.

т. 5, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дражні́ць, дражню, дражніш, дражніць; незак., каго-што.

1. Знарок, наўмысна злаваць, раздражняць чым‑н. Дражніць сабак. □ [Нюрка] наогул мала калі сядзела спакойна на месцы. То імчалася да бацькі ў краму і мыла там падлогу, то дапамагала заганяць у хлявы калгасных цялят, то дражніла панурага скнару Колю. Даніленка. // Паўтараць у смешным выглядзе чые‑н. словы, рухі і пад. Нехта дражніць мяне: Кашляну, — і ў адказ кашляне І схаваецца недзе... Куляшоў. — Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, — дражніць Цімох Кустрэя. Колас. // Называць крыўднай мянушкай. — Смыкам дражняць мяне, а сапраўднае прозвішча Скрыпка. Гурскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі. Хомчанка.

2. Узбуджаць, распальваць, выклікаць якія‑н. пачуцці, жаданні. На сталах на гэтых страва Дражніць нос прынадным пахам. Крапіва. Вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў .. [Лабановіча], кудысь зваў і смяяўся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́мвал, ‑а, м.

Умоўнае абазначэнне, знак якога‑н. прадмета, з’явы, ідэі. Белы голуб — сімвал міру. □ І няслі мы сцяг чырвоны, — Сімвал вольнасці і працы, — Ў бойках кулямі прабіты. Броўка. І тут здарылася якраз тое, што непазбежна павінна было здарыцца. Дзядзька Пятрусь стаў для Даніка сімвалам надзей і спадзяванняў. Майхровіч. Зубр — сімвал імклівай сілы — стаў эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвалам «машыннай сілы краіны». В. Вольскі. // У літаратуры — мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую‑н. думку, ідэю, перажыванне. Не традыцыйная высокая муза, а народная жалейка стала сімвалам, увасабленнем паэзіі. Івашын. // Спец. Умоўнае абазначэнне якой‑н. велічыні, паняцця, прынятае той ці іншай навукай. Сімвалы хімічных элементаў.

•••

Сімвал веры — а) кароткі выклад асноўныя дагматаў хрысціянскай рэлігіі; б) перан. асноўныя перакананні.

Сімвал часу (кніжн.) — тое, што з’яўляецца найбольш тыповым для таго ці іншага часу.

[Ад грэч. symbolon — умоўны знак, прыкмета.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.​Міцкевічам, Т.​Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя. 1994. № 11.

М.​В.​Хаустовіч.

Я.Баршчэўскі.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н IV Васілевіч Грозны

(Жахлівы; 25.8.1530, Масква — 18.3.1584),

вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі [з 1533], першы рус. цар [1547—84], З дынастыі Рурыкавічаў. Сын вял. кн. Васіля III Іванавіча і княгіні Алены Васілеўны Глінскай (гл. Глінскія). У 7 гадоў застаўся сіратой, выхоўваўся ва ўмовах баярскага кіравання, якое вызначалася зацятай барацьбой груповак Бельскіх, Шуйскіх і Глінскіх. Самаст. правіў з 1549. Пры ім пачалі склікацца Земскія саборы, складзены Судзебнік 1550. У 1549—60 правёў рэформы цэнтр. і мясц. кіравання, арміі, суда, фінансаў і інш. Для барацьбы з рэшткамі феад. раздробленасці і баярскай апазіцыяй увёў апрычніну (1565, адмяніў у 1572), фізічна знішчаў сваіх праціўнікаў, канфіскоўваў іх уладанні. За дэспатычны характар празваны Грозным. Пры ім узмацнілася запрыгоньванне сялян: увёў часовую забарону ў 1581 сял. выхаду ў Юр’еў дзень. У знешняй палітыцы прытрымліваўся курсу на пашырэнне межаў дзяржавы. У часы яго праўлення далучаны Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), у залежнасць трапіла Сібірскае ханства (1555, далучана ў 1581), Вял. Нагайская арда (1557). Вёў Лівонскую вайну 1558—83, у 1562 на чале 80-тысячнага войска ўступіў у межы ВКЛ, што прывяло да вял. разбурэнняў і чалавечых ахвяр на тэр. Беларусі. Пры І. IV наладжаны гандл. сувязі з Англіяй (1553), створана 1-я друкарня ў Маскве. У гістарыяграфіі пра яго з пач. 17 ст. складвалася канцэпцыя «двух Іванаў» — мудрага дзярж. дзеяча ў 1-й пал. царавання і тырана ў 2-й. І. IV быў адукаваным для свайго часу чалавекам; аўтар пасланняў кн. А.​М.​Курбскаму, англ. каралеве Лізавеце I, швед. каралю Юхану III і інш. Вобраз І. IV шырока адлюстраваны ў фальклоры, л-ры (М.​Ю.​Лермантаў, А.​К.​Талстой, А.​М.​Талстой), выяўл. мастацтве (І.​Я.​Рэпін, В.​М.​Васняцоў, М.​М.​Антакольскі).

Літ.:

Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;

Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982;

Скрынников Р.Г. Царство террора: Монография. СПб., 1992;

Яго ж. Великий государь Иоан Васильевич Грозный. Т. 1—2. Смоленск, 1996;

Альшиц Д.Н. Начало самодержавия в России;

Государство Ивана Грозного. Л., 1988.

Іван IV Васілевіч Грозны. Малюнак з «Вялікай гасударавай кнігі» («Царскага тытулярніка»), 1672.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КТ (ад лац. projektus кінуты наперад) у архітэктуры і будаўніцтве, сістэма ўзаемазвязаных дакументаў, якія служаць асновай для буд-ва, рамонту, рэканструкцыі ці рэстаўрацыі аб’ектаў. Складаецца з абгрунтоўваючай і зацвярджаемай (абавязковая для выканання ўсімі фіз. і юрыд. асобамі) частак. Склад графічных, тэкставых і таблічных матэрыялаў П. (чарцяжы, схемы, разлікі, тлумачальныя запіскі, арх. макеты) вызначаецца спец. нарматыўнымі дакументамі. Для гарадоў і інш. нас. месцаў распрацоўваюцца П.: планіроўкі прыгарадных зон, генпланаў, дэталёвай планіроўкі асобных ч. горада, жылых, вытв., рэкрэацыйных і інш. функцыян. зон, асобных гар. вузлоў, вуліц і інш. Праектаванне ажыццяўляецца звычайна ў 2 стадыі: арх. П. (забяспечвае ўяўленне пра матэрыяльны вобраз аб’екта, яго размяшчэнне, фіз. параметры і маст.-тэхн. якасці, змяшчае тэхн.-эканам. паказчыкі); буд. П. (выконваецца на аснове зацверджанага арх. П., праведзеных інж. работ, навук.-тэхн. даследаванняў; забяспечвае непасрэдную рэалізацыю інвестыцый для буд-ва аб’ектаў). Нескладаныя П. распрацоўваюць у адну стадыю (рабочы П., які ўключае і зацверджаную арх. частку). Пры распрацоўцы дакументацыі на больш складаны і адказны аб’ект папярэдне распрацоўваюць эскізны П., тэхн.-эканам. абгрунтаванне, праводзяць конкурсы. Адрозніваюць П. тыпавы (для масавага буд-ва аднолькавых аб’ектаў) і індывід. (для буд-ва унікальных аб’ектаў).

Праектныя работы вядомы ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння. У 18 ст. ў Зах. Еўропе распрацоўваліся т.зв. П.-фантазіі. Часам нерэалізаваныя П. значна ўплывалі на развіццё архітэктуры (напр., П. горада на 3 млн. жыхароў, арх. Ле Карбюзье, Францыя, 1922).

На Беларусі пачатак праектнай дзейнасці адносіцца да канца 16 ст. (г. Нясвіж). З 2-й пал. 18 ст. пачалі выкарыстоўвацца тыпавыя (узорныя) П. пры буд-ве жылых і грамадскіх будынкаў (Гродна, Магілёў, Полацк, в. Варняны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). Сучасныя П. распрацоўваюцца ў праектных арг-цыях: ін-тах «Беларускі праектны інстытут», «Белдзіпрадар», «Белдзіпралес», «Белдзіпрабудматэрыялы», «Мінскграмадзянпраект», «Мінскінжпраект», «Мінскграда» (з 1997) і інш., у персанальных творчых майстэрнях архітэктараў, якія маюць адпаведную ліцэнзію. Абавязкова праводзіцца дзярж. экспертыза П., яго зацвярджэнне ў адпаведных органах дзярж. кіравання, а ў асобных выпадках — грамадскае абмеркаванне П. на любой стадыі яго выканання.

С.​А.​Сергачоў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.

Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.​Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл. Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл. Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.

Літ.:

Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ. М., 1970;

Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;

Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.

А.​А.​Гусак.

Да арт. Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІФТ ((Swift) Джонатан) (30.11.1667, Дублін — 19.10.1745),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.​Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.

У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел. т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;

Рус. пер. — Памфлеты. М., 1955;

Дневник для Стеллы. М., 1981;

Путешествия Гулливера... Мн., 1992;

Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.

Літ.:

Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;

Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;

Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.

М.​С.​Рагачэўская.

Дж. Свіфт.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)