Га́пка1, апе́лька ’пятля для кручка’ (Жд. 1), га́пка ’пятля ў адзенні’ (Сцяц. Словаўтв.), га́пка, гапе́лечка, гапе́лька ’пятля’ (Шатал.), га́пачка ’самаробны гузік; пятля’ (Сцяшк. МГ). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар. лекс., 125. Сцяцко (там жа) лічыць, што бел. форма га́пка ўзята з польск. haptka ’тс’ (гэта з’яўляецца дыялектнай формай польск. haftka < ням.; аб этымалогіі гл. Слаўскі, 1, 390). Гэта магчыма, але можна лічыць зыходным і польск. haftka; на бел. глебе замена ф > п, што звычайнае ў слав. мовах. Параўн. га́птка, га́фтка.

Га́пка2 ’свіны страўнік’ (Шатал.). Няясна. Магчыма, ад уласнага жаночага імя Гапка (ад уласных імён нярэдка ўтвараюцца назвы розных прадметаў, у прыватнасці назвы часцей цела). Параўн. укр. дыял. га́пка ’задняя частка цела, podex’ (Грынч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гвозд1 ’цвік’ (БРС, Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. гвоздь, укр. гвоздь, гвіздь, в.-луж. hózdź, польск. gwóźdź, ст.-слав. гвоздь і г. д. Прасл. *gvozdъ, gvozdь ’тс’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 7, 185–186 (там і агляд літ-ры), значэнні ’гвозд’ і ’лес’ (параўн. гвозд2) звязаны; праформай з’яўляецца і.-е. *guos‑d‑ (параўн. ням. Quast, Quaste, с.-в.-ням. quast(e) ’кісць, пучок, мяцёлка, венік’).

Гвозд2. Палес. слова (’сухая ўзвышаная мясціна сярод балот, прастора, пакрытая густым лесам’), якое мае сувязі ў зах.-слав. і паўд.-слав. мовах. Аб магчымасці яго існавання гл. Талстой, Геогр., 61–62 і наст. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 7, 185–186; Мартынаў, Этимология 1968, 14 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́рны1 ’гаротны, сумны’ (БРС). Гэта слова ў такім значэнні не сустракаецца ў іншых слав. мовах. Яго няма ў аглядзе Трубачова (Эт. сл., 7, 57–58), дзе разглядаецца матэрыял усіх слав. моў. Таму можна думаць, што гэта самастойнае ўтварэнне на бел. глебе ад го́ра (< прасл. *gorʼe ’гора, бяда і да т. п.’).

Го́рны2 ’фанабэрысты, выхвальны’, ’прыгожанькі, прыгожы’ (КЭС). Рус. дыял. гордно́й, го́рдный ’горды’, горно́й, го́рный ’тс’, польск. garny ’горды, пераборлівы’, серб.-харв. гр́дан, гр̑дан (у розных значэннях) і г. д. Прасл. *gъrdьnъjь, якое з’яўляецца вытворным пры дапамозе прыметнікавага суфікса *‑ьnъ ад прасл. прыметніка *gъrdъ. У бел. мове (як і некаторых іншых слав.) адбылося спрашчэнне кансанантнай групы ‑рдн‑ > ‑рн‑. Агляд форм, семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастры́ца ’кастрыца’ (Касп., БРС, Шат., Сцяшк. МГ); вядома таксама ў значэнні ’ігліца’, ’асцюкі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Параўн. рус. дыял. костри́ца ’кастрыца’, ’ягады розных раслін (напр., касцянікі камяністай)’, ’дробная салома’, костри́ка, костры́ка ’кастрыца’, ’салома’, укр. костри́ця ’кастрыца’, кістри́ця. Параўноўваюць далей серб.-харв. ко̀стрица ’дробная рыбіна костачка’, польск. дыял. kostrzyca ’кастрыца’ і г. д. Прасл. форма *kostrica, *kostrika. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 162. Лічыцца вытворным (з суфіксамі ‑ica, ‑ika) ад прасл. *kostra, якое мае шырокі спектр значэнняў (’рыба з цвёрдай луской’, ’ускудлачаная курыца’, ’шкілет, касцяк’, ’кастрыца’ і г. д.; агляд значэнняў у Трубачова, Эт. сл., 11, 158–159). Слав. *kostra — утварэнне суфіксам ‑r(a) ад *kostь. Бернекер, 1, 583–584; Трубачоў, Эт. сл., 11, 159.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крэ́сіць ’высякаць агонь крэсівам’ (ТСБМ). Укр. кресати, рус. кресать ’тс’, серб.-харв. крѐсати, славен. krésati ’тс’, польск. krzesać, чэш. křesati, славац. kresať, в.-луж. křesać, н.-луж. tśasaś ’тс’. Прасл. kresati не мае надзейных этымалогій (агляд версій гл. Слаўскі, 3, 227). Заслугоўвае ўвагу думка Атрэмбскага (LP, 1, 137–138) аб кантамінацыі лексем česati ’часаць, скрэбці’ і kremy ’крэмень’. На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць магчымасць узнікнення праславянскай figura etymologica *kresati kresem (параўн. бел. красаць красавам) ад *česati kremenem. Для такіх выпадкаў, як вядома, рыфмаванае словаўтварэнне даволі тыповае (параўн. Вуд, IF, 22, 166, Гюнтарт, 13). Іншая этымалогія: kresati да krasa. Тады kresati ognь ’ствараць агонь’. Параўн. лац. creare ’ствараць’. Гл. краса (Трубачоў, Эт. сл., 12, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́ран ‘халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад.’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), сві́ран, свіро́н, све́ран, сві́рнік, свы́ран, св́ірань, све́рэнь, свірн ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ДАБМ), ст.-бел. свирен, свѣрон ‘тс’ (1499). Укр. сві́рон, рус. зах. свирён, сви́рон, пск. сви́рна, польск. усх. świren, świrnia ‘тс’. Запазычанне з літ. svìrna ‘гаспадарчае памяшканне, клець’, svir̃nas ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 135, Труды, 396–397; Брукнер, 537. Магчымасць польскага пасрэдніцтва для часткі форм (польск. ‑ier‑ < ‑ir‑) ставіцца пад сумненне, параўн. польск. świronek ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 55). Адносна канкурэнцыі назваў клець і свіран гл. падрабязна Анікін, Опыт, 273. Агляд праблематыкі і літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лес, ліс ’лес’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’дрэвастой’ (ТС), ’вільготны лісцевы лес’ (Маш.), ’лесаматэрыял’ (ТС, Зянк.), ’будаўнічы матэрыял з драўніны’, лесам ’без догляду’ (Сл. паўн.-зах.), лясьсё ’нелюдзімае, дзікае месца’ (міёр., Нар. сл.). Укр. ліс, рус. лес, польск. las, палаб. lʼos, луж. lěs, чэш., славац. les, славен. lẹ̑s, серб.-харв. ле̑с, lȉjęs, балг. лес, ст.-слав. лѣсъ. Семантыка гэтай лексемы размяркоўваецца наступным чынам: паўсюдна lěsъ абазначае ’будаўнічы матэрыял’, а на поўначы і ’лес — сукупнасць дрэў’, першае з іх лічыцца першасным для прасл. lěsъ, якое тады можна генетычна суаднесці з лац. lignum драўніна, матэрыял’, якое з *likʼ‑no‑m (Мартынаў, Лекс. Палесся, 33; Брукнер, 290). Агляд іншых малаімаверных або малапераканаўчых версій гл. яшчэ Слаўскі, 4, 56; Скок, 2, 298; Фасмер, 2, 485.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёд, лід ’замёрзлая вада’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Сцяшк., Бяс., Ян., Сл. паўн.-зах.), лёдзіна, лёдіна, лёдына ’ільдзіна’ (Зн.; бяроз., лун., Шатал.). Укр. лід, рус. лёд, польск. lód, н.-луж. lod, в.-луж. lód, чэш. led, славац. ľad, славен. lę̑d, серб.-харв. ле̏д, макед. лед, лʼет, балг. лед, ледът, ст.-слав. ледъ ’лёд, мароз, лёдавы холад’. Прасл. ledъ адпавядаюць літ. ledùs, лат. lędus ’лёд’, а таксама формы з o‑асновай літ. lẽdas ’лёд’, ledaĩ ’град’, ст.-прус. ladis. Магчыма, роднасным будзе і ірл. ladg ’снег’ (Стоўкс, 239). Параўн. ст.-грэч. λίθος ’камень’. Агляд літаратуры гл. Фасмер, 2, 474; Слаўскі, 4, 339–341; Скок, 2, 283–284; Бязлай, 2, 130; Шустар-Шэўц, 856). Сюды ж лун. лёденік ’вада на паверхні лёду’ (Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глухі́ ’глухі’. Агульнаславянскае слова праславянскага характару. Параўн. рус. глухо́й, укр. глухи́й, чэш. hluchý, славац. hluchý, в.-луж. hłuchi, н.-луж. głuchy, польск. głuchy, балг. глух, макед. глув, серб.-харв. глу̑х, славен. gluh, ст.-слав. глоухъ. Прасл. *gluxъ. Асноўнае значэнне слова ’глухі’, але адзначаецца таксама ’пусты’, ’бясплодны і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 146. Аб гэтым слове напісана многа, але, паводле Трубачова (там жа, 146–147), найбольш пераканаўчым трэба лічыць тлумачэнне прасл. *gluxъ як экспрэсіўнай змены першапачатковага і.-е. *k̑lou̯s‑ (якое адносіцца да групы слав. слоў. *sluxъ, *slušati). Такое тлумачэнне даў у свой час Махэк₂ (170), які знайшоў у літ. мове адпаведныя дублетныя формы. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 417; Траўтман, 91; Слаўскі, 1, 295–296; Фрэнкель, 1, 159 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіль1 ’снягір’ (БРС, Касп.), рус. гиль, укр. гиль, польск. gil, giel, чэш. hýl і г. д. Этымалогія назвы гэтай птушкі вельмі няпэўная. Старая версія аб запазычанні з ням. (с.-в.-ням.) gel ’жоўты’ не вельмі надзейная (гл. Фасмер, 1, 406; Слаўскі, 1, 278); іншыя думаюць аб гукапераймальным характары гэтай назвы (агляд версій гл. у Слаўскага і Фасмера). Пытанне аб этымалогіі застаецца адкрытым. Сл. паўн.-зах. прыводзіць форму гіль ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 221), *gylьпрасл. слова (магчыма, ад *gyliti).

Гіль2 ’конскі авадзень’ (гродз., гл. Цыхун, Лекс. балтызмы, 52; Сцяшк., Шатал., Жд. 1; параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах.). Паводле Цыхуна (там жа), запазычанне з літ. мовы (параўн. літ. gylỹs ’авадзень’). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) думае пра роднаснасць з прасл. *gylь ’снягір’; няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)