КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),

атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.

Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл. Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх. Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс. га, у т. л. 45 тыс. га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс. га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс. га) і балоты (больш за 17 тыс. га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пн еўрап. ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІБО́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл., Іўеўскім і Навагрудскім р-нах Гродзенскай вобл. Засн. ў 1960 з мэтай аховы паляўнічай фауны і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнаўлення. Пл. 86,5 тыс. га. Займае паўд.-ўсх. ч. Налібоцкай пушчы ў бас. правых прытокаў р. Нёман — Бярэзіны і Усы. Асн. ч. заказніка — забалочаная Нёманская нізіна з невял. градамі і ўзгоркамі, рэкамі, ручаямі і меліярац. каналамі; воз. Кромань. 80% займаюць лясы (пераважае хвоя). У флоры 820 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 26 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 53 віды млекакормячых, 146 — птушак, 6 — паўзуноў, 11 — амфібій, 35 — рыб. Сярод іх: лось, казуля, дзік, ліс, заяц, вавёрка, бабёр, выдра, куніца, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, рабчык і інш. Рэакліматызуюцца зубр і алень еўрапейскі. 17 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. барсук, рысь, пугач, скапа, змеяед, харыус, апалон чорны і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паўтары́ць, ‑тару, ‑торыш, ‑торыць; зак., што.

1. Сказаць або зрабіць яшчэ раз тое ж самае. Паўтарыць просьбу. Паўтарыць загад. Паўтарыць паездку. □ — Цётка, чаго вы? — Старая прыціхла.. — Цётка, што з вамі? — паўтарыў .. [начлежнік] пытанне. Брыль. // Перадаць якія‑н. гукі (пра рэха, водгук і пад.). І толькі паўтарылі лозы Перадвясельнай песні гук, Як дзесь аклікнуўся з пагрозай Чырванабровы цецярук. Танк. // Аднавіць яшчэ раз у памяці раней завучанае. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, Лёдзя і Кіра паўтарылі. Карпаў.

2. Поўнасцю ўзнавіць што‑н. Кожны крок наш легенда паўторыць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вятлю́к ’маладзік’ (Бяльк.). Па фармальнаму падабенству гэта ўтварэнне, якое з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першаснага вятох (аб магчымасці такога працэсу гл. вятух). Пэўныя цяжкасці выклікае, аднак, наяўнасць л. Дапускаючы суфіксацыю ‑юк, тыповую для гэтага раёна, можна думаць, што маглі ўзнікаць і трансформы *‑люк як вынік перараскладання слоў тыпу шчаўлюк, шаплюк, гаплюк, камлюк і да т. п.; параўн. асабліва ціцярлюкцецярук’ (Бяльк.), дзе л, праўда, магло ўтварыцца фанетычным шляхам. Параўн. яшчэ фармальна падобнае жаўтляк ’жоўты агурок’. Іншая версія — існаванне формы тыпу *ветлы (< *ветхлы?), якую, магчыма, пацвярджае н.-луж. wjatły ’зношаны, стары, струхлелы’. Ва ўсякім выпадку суфіксацыя памяншальная, і гэта тлумачыць значэнне ’маладзік’ разглядаемага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэтэ́ра1 ‘цяцера, Tetrao tetrix’ (пін., Бел. дыял. 4), ст.-бел. тетеря, цецера ‘тс’ (1710–1711 гг., ГСБМ); сюды ж тытыру́кцецярук’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тете́ря, рус. тете́ря ‘цяцера’. Заходнепалескі фанетычны варыянт да цяцера (гл.) на базе гукапераймальнага *ter‑, *tir‑, прадстаўленага ў літ. teterva, лат. teteris, прус. tatarvis ‘цяцерка’, ст.-інд. tittirah ‘курапатка’ і пад.

Тэтэ́ра2 ‘вясельны гасцінец’, памянш. тэтэ́ронька (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тетеря ‘кулінарны выраб’, рус. тетеря ‘тс’. Няясна, гл. ЕСУМ, 5, 562; паводле Шымкевіча (Корнеслов, 2, 83), укр. тетеря ‘рэшткі кіслага аржанога цеста, прыпраўленага соллю’ ідэнтычна тетеря (птушка), гл. тэтэра1; матывацыя пераносу няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Пермскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.2.1925 як Комі-Пярмяцкая нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Размешчана ў Перадураллі, у верхнім цячэнні р. Кама. Пл. 32,9 тыс. км². Нас. 154 тыс. чал. (1997), гарадскога 30%. Цэнтр — г. Кудымкар. Гар. пасёлкі: Гайны, Майкар, Пожва (гл. карту да арт. Пермская вобласць).

Прырода. Паверхня хваліста-раўнінная. На Пн Паўн. Увалы (выш. да 270 м), на З — Верхнякамскае ўзв. (выш. да 280 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (мергель, пясок, гліна), торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -17 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 500—550 мм за год. Гал. рака — Кама з прытокамі Каса, Іньва, Вясляна. Глебы падзолістыя, на Пд дзярнова-падзолістыя. 80% тэрыторыі пад таежнымі лясамі (хвоя, елка, лістоўніца, піхта). Гал. прамысл. звяры: вавёрка, зайцы русак і бяляк, куніца, ліс; з птушак — рабчык, цецярук, глушэц.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — лясная і дрэваапр. (нарыхтоўка драўніны, лесапілаванне, мэблевая і бандарная вытв-сць, лесахімія). Вытв-сць дзелавой драўніны 667 тыс. шчыльных м³, піламатэрыялаў 56 тыс. м³ (1996). Металаапр. (электрапрыборны, чыгуналіцейны, рамонтна-мех. з-ды ў г. Кудымкар), харч. і лёгкая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 362 тыс. га, у т. л. ворных зямель каля 70%. Вырошчваюць (тыс. т, 1995): збожжавыя (авёс, жыта, яравая пшаніца) — 55,1, бульбу — 103,4, агародніну — 29,5, кармавыя культуры. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Гадуюць (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 70,3, свіней — 21,3, авечак. Пушны промысел. Транспарт пераважна аўтамаб. і рачны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,2 тыс. км. Гал. аўтадарога Кудымкар—Гайны. Суднаходства па р. Кама.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

турні́р, ‑у, м.

1. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — спаборніцтва рыцараў. Галоўным у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек. Караткевіч. // перан. Выступленне адзін перад адным па якіх‑н. пытаннях. Тэмай вуснага турніру была выбрана праблема «Закон і мараль». «Маладосць». // перан. Пра шлюбныя змаганні жывёл і птушак. Мы ляжалі на кажухах, замаскіраваныя высокай, травой і кустамі, і не спускалі вачэй з паляны, абранай аленямі для сваіх штогадовых турніраў. В. Вольскі. Вясенні турнір заўсёды пачынаўся так: калі на ўсходзе нясмела займаўся золак, на самую вершаліну дрэва, што чарнела прыцемкам, садзіўся стары цецярук-такавік. Ігнаценка.

2. Форма правядзення асабістага ці каманднага спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі сустракаюцца паміж сабой адзін або два разы. Шахматны турнір. Алімпійскі турнір футбалістаў.

[Ням. Turnier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НЕА́РКТЫКА (ад неа... + грэч. arktikos паўночны),

Неаарктыка, Неарктычная біягеаграфічная падвобласць, вобласць з 2 ці 3 падвобласцямі, або падцарства з асобнымі біягеагр. абласцямі: Арктычнай, Канадскай, Санорскай у складзе Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці царства Арктагеі. Займае Паўн. Амерыку (на Пд да Мексіканскага нагор’я ўключна), Канадскі Арктычны архіпелаг, а-вы Алеуцкія, Бермудскія, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, Прыбылова.

Паводле характару расліннасці вылучаюць зоны тундры, тайгі, шыракалістых лясоў, стэпу (прэрый). Субтрапічныя хвойна-шыракалістыя лясы распасціраюцца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа на зах. схілах Сьера-Невады і ў Каліфорніі. Субтрапічныя пустыні займаюць Мексіканскае нагор’е, дзе найб. пашыраны кактусы; растуць агавы, юка дрэвападобная, палыны, ксерафітныя калючыя кусты і інш. Эндэмікі — сям. фук’ерыевых (ідрыя, фук’ерыя раскошная і інш.), сальнае дрэва. У прэрыях характэрныя расліны — кавылі, злакі. Лісцевыя лясы маюць вял. відавую разнастайнасць. У хвойна-шыракалістых лясах захаваліся эндэмічныя віды секвоі, секвоядэндран, туі, тсугі. У фауне вял. разнастайнасцю вылучаюцца млекакормячыя, сярод іх 3 эндэмічныя сям.: гаферавыя, апладонтавыя і віларогі, шмат інш. эндэмічных родаў і відаў. Шмат эндэмікаў і сярод птушак: арлан белагаловы, казарка канадская, калібры, папугаі, каршун вілахвосты, качка каралінская, лебедзь амерыканскі і інш Паўзуны прадстаўлены пераважна яшчаркамі сям. ігуанавых (анолісы, фрыназомы і інш.), эндэмічнымі сям. бязногіх яшчарак аніэлід, ядазубаў. Сярод змей характэрны ўдавы, ядавітыя ямкагаловыя (грымучыя змеі, шчытаморднікі). Чарапахі прадстаўлены 3 сям. і вял. колькасцю відаў. У бас. р. Місісіпі жывуць алігатары. Сярод земнаводных шмат хвастатых, у т. л. эндэмічнае сям. амфіум. Рыбы ўключаюць эндэмічныя атр. аміяпадобных, або глейных рыб і панцырнікападобных, эндэмічныя сям. афрэдадэрыевых і слепавочкавых.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Неарктыка. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — каршун вілахвосты; 2 — качка каралінская; 3 — дзікабраз паўночнаамерыканскі; 4 — сабачка лугавы; 5 — цецярук лугавы; 6 — сава норная; 7 — крот заркарыл; 8 — ядазуб; 9 — скунс; 10 — паласатая грымучая змяя; 11 — віларог.

т. 11, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ко́гут ’глушэц’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. когутцецярук’. Перанос назвы пеўня на іншую птушку (ЕСУМ, 2, 489). Што датычыць назвы пеўня, то ўкр. когут, відаць, запазычана з польск. kogut. Бел. когут выклікае рад сумненняў. Па-першае, слова зафіксавана толькі ў адной крыніцы. Па-другое, форма кагут (Мат. Гом., 190) выведзена няправільна. Параўн. ілюстрацыю «Ва ўсіх дварах быў чуваць спеў кагутуноў». Значыць, можна толькі гаварыць аб зыходнай форме кагутун, якая ўтварылася ад дзеяслова кагутаць. Такім чынам, эвентуальнае бел. когут ’певень’ было таксама польскага паходжання. Польск. kogut у сваю чаргу разглядалася як запазычанне з чэш. kohout, славац. kohút. Мясцовая назва Kochutouo ў Вроцлаўскай буле 1245 г. сведчыць не толькі супраць пазнейшай чэшскай крыніцы, але і на карысць еднасці чэшска-сілезскага арэала, адкуль слова магло пазней распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны Польшы. Лінгвагеаграфія слова дэманструе няпэўнасць праславянскай рэканструкцыі. Параўн. Слаўскі, 2, 328; Басай–Сяткоўскі, SFPS, 7, 23–24; Папоўска–Таборска, SFPS, 8, 60. Нельга лічыць праўдападобнай гіпотэзу пра паходжанне kogut ад прасл. kokotъ (Атрэмбскі, Slavia, 20, 236; Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)