Д’АЛАМБЕ́Р (D’Alembert) Жан Лерон (16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),
французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех.сістэм. Устанавіў 3 асн. прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».
англійскі біёлаг, філосаф. Першы ген. дырэктар ЮНЕСКА (1946—48). Унук Т.Г.Гекслі, брат О.Хакслі. Навук. працы па агульных пытаннях эвалюцыі, эксперым. эмбрыялогіі, этыкі, ахове прыроды («Эсэ біёлага», 1923; «Чалавек у сучасным свеце», 1947). Адзін са стваральнікаў сінт. тэорыі эвалюцыі («Эвалюцыя, новы сіятэз», 1942).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКРЭ́ЦЫЙ (Lucretius), Ціт Лукрэцый Кар (1 ст. да н.э.),
рымскі паэт, філосаф-матэрыяліст. Аўтар паэмы «Аб прыродзе рэчаў», напісанай у форме дыдактычнага эпасу, тлумачыць вучэнне грэч. паэта Эпікура. Паэма складаецца з 6 кніг: у кн. 1-й і 2-й выкладаецца атамістычная тэорыя стварэння свету і абвяргаецца ўмяшанне багоў у людскія справы; у 3-й кнізе — вучэнне аб душы, яе матэрыяльнасці, смяротнасці і сувязі з целам; кн. 4-я — вучэнне пра чалавека, яго пачуцці; кн. 5-я — пра гісторыю развіцця чалавечага роду, узнікненне мовы; у кн. 6 тлумачыцца паходжанне рэлігіі. Мэту сваёй філасофіі Л. бачыў у вызначэнні шляху да шчасця праз пераадоленне бедстваў, страхаў перад багамі, смерцю, замагільнай карай. Твор меў вял. ўплыў на развіццё матэрыялістычнай філасофіі Адраджэння. Буйнейшым правадніком ідэй Л. быў франц.філосаф П.Гасендзі. На Беларусі паэма Л. вядома з 15 ст. Урыўкі яе распаўсюджваліся ў рукапісных зборніках твораў стараж. філосафаў, у творах Б.Буднага пра жыццё і філас. вучэнне мысліцеляў Стараж. Грэцыі і Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РЫН Юрый Фёдаравіч (3.5.1819, С.-Пецярбург — 31.3.1876),
рускі эканаміст, грамадскі дзеяч, філосаф, гісторык і публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838). У 1844—52 на дзярж. службе, з 1853 займаўся літ.-публіцыст. дзейнасцю. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні сял. рэформы 1861 (эканамічна абгрунтаваў яе ў кн. «Аб прыгонным стане і пераходзе з яго да грамадзянскай свабоды», 1856). Як філосаф — напачатку прыхільнік Гегеля. У пач. 1840-х г. далучыўся да славянафілаў. Распрацаваў тэорыю аб трох перыядах нац. жыцця: «надзвычайнай нацыянальнасці», «пераймальнасці» і «разумнай народнасці». Лічыў, што толькі ў народзе захоўваецца «дух у яго жывой цэльнасці», матэрыялізм «зусім не вынікае з прыродазнаўчых навук». Яго паліт. дактрына грунтавалася на прызнанні толькі дзвюх узаемазвязаных сіл, — самадзяржаўя і вясковай абшчыны. Навук. працы па сац.-эканам. і нац. адносінах у Прыбалтыцы, скасаванні прыгоннага права ў Прусіі, гісторыі езуіцтва. Аўтар літ.-эстэт. артыкулаў аб творчасці М.Ю.Лермантава і М.В.Гогаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУ́ЛА Тадэвуш Іванавіч (н. 14.9.1945, в. Хралы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.філосаф. Д-рфілас.н. (1994). Скончыў БДУ (1971). Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі, праблемы духоўнай культуры. Асн. працы: «Культура, філасофія і духоўны свет чалавека: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры: Праблемы сацыяльнага функцыянавання» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЦЭ́ВІЧ Канстанцін Мікалаевіч (н. 8.2.1951, в. Сурнаўка Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.філосаф. Д-рфілас.н. (1994), праф. (1994). Скончыў Ленінградскі ун-т (1977). З 1981 у БДУ. Даследуе праблемы лібералізму, канстытуцыйнае права, пытанні консульскай дзейнасці. Аўтар навуч. дапаможнікаў па канстытуцыйным праве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ (Berkeley) Джордж (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДАКО́Ў Аляксандр Васілевіч (н. 23.2.1923, в. Бахараўка Рослаўльскага р-на Смаленскай вобл.),
бел.філосаф. Канд.філас.н. (1959), праф. (1978). Скончыў БДУ (1950). Выкладаў у БПІ, Мінскім пед. ін-це. З 1973 у Гродзенскім ун-це (да 1994 рэктар). Аўтар навук. прац «Свядомасць, яе паходжанне і сутнасць» (1976), «Што вывучае філасофія» (1981), «Фарміраванне ўсебакова развітой асобы» (1987), вучэбнага дапаможніка, «Дыялектычны матэрыялізм» (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РАНКА Емяльян Кліментавіч (17.7.1908, в. Узнікі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.2.1988),
бел.філосаф. Д-рфілас.н. і праф. (1962). Скончыў Ленінградскі ун-т (1938). З 1950 прарэктар БДУ, у 1957—75 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Даследаваў праблемы дыялектычнага матэрыялізму, сац. філасофіі і культуры. Аўтар прац «Развіццё Г.В.Пляханавым філасофіі марксізму» (1958), «Светапогляд М.В.Ламаносава» (1959) і інш.