БРАМС ((Brahms) Іаганес) (7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),
нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз. спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп.трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп.трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.
Тв.:
Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.
Літ.:
Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;
Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н (Святлана Лаўрэнцьеўна) (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т. л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус.нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп.трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТНІКАЎ (Валерый Іванавіч) (н. 27.1.1940, в. Місяш Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас П.Падкавырава). З 1970 выкладчык Магілёўскага, з 1976 Маладзечанскага муз. вучылішчаў, з 1989 — муз. каледжа пры Бел. акадэміі музыкі. Працуе пераважна ў камерна-інстр. жанрах і музыкі для дзяцей. Сярод твораў: вак.-інстр. лірычная паэма «Флейтыст» на вершы Э.Агняцвет (для сапрана і інстр. квінтэта, 1996); сімфонія (1970); канцэрты для фп. з арк. (1978, 1993); п’есы для фп.; 4 трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп.; санаты, у т. л. для альта, для альта і фп., для 2 скрыпак і фп.; стр. (1977, 2-я рэд. 1991) і фп. (1996, 1997) квартэты; варыяцыі на тэму «З Полацкага сшытка» для скрыпкі, альта і фп. (1992); рамансы, песні на словы бел. паэтаў. Рэдактар і складальнік (разам з В.Дабравольскай) зб. твораў бел. харавой музыкі ў 2 т. (т. 1, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ЛЬС, Казальс (Casals) Пабла (29.12.1876, Вендрэль каля г. Тарагана, Іспанія — 22.10.1973), іспанскі віяланчэліст, дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў Барселонскай і Мадрыдскай (з 1891) кансерваторыях. З 1901 гастраліраваў у многіх краінах свету (у 1905—13 у Расіі як саліст і ў ансамблях з С.Рахманінавым, А.Гальдэнвейзерам і інш., у фп.трыо з А.Карто і Ж.Цібо). Арганізатар (1920) і дырыжор (да 1936) 1-га ў Барселоне сімф. аркестра, Рабочага муз.т-ва (кіраўнік у 1924—36), муз. школы, часопіса. З 1939 у Францыі, з 1956 у Сан-Хуане (Пуэрта-Рыка), дзе заснаваў сімф. аркестр (1959) і кансерваторыю (1960). Аўтар араторыі «Яслі» (1943), «Гімна міру» для арк. (1971), сімф., хар., камерна-інстр. і інш. твораў. З 1957 праводзяцца міжнар. конкурсы віяланчэлістаў імя К. (1-ы ў Парыжы) і ў гонар К. (у Будапешце).
Літ.:
Гинзбург Л. Пабло Казальс. 2 изд. М., 1966;
Blum D. Casals and the art of interpretation. London, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕ́РЦА (ад італьян. scheizo літар. жарт),
у 16—17 ст.вак. п’еса (адна- або шматгалосая) на жартоўныя тэксты або яе інстр. пералажэнне. З 2-й пал. 18 ст. адна з частак (звычайна 3-я) санатна-сімфанічнага цыкла, якая замяніла менуэт. Для С. характэрны хуткі, жывы тэмп, рэзкая змена кантрастных вобразаў (нар.-жанр., гульнёвых, гратэскных і інш.), трохдольны памер (3/4 ці 3/8), складаная 3-часткавая форма з трыо (уласцівая і менуэту). Класічны тып С. склаўся ў творчасці Л.Бетховена. З 19 ст. С. развівалася і як частка цыкла (творчасць зах.-еўрап. кампазітараў-рамантыкаў і рус. класікаў) і як самаст.муз. п’еса, блізкая да капрычыо («Скерца» Ф.Шапэна, арк. скерца М.Мусаргскага і інш.). Бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць С. ў традыц. формах часткі санатна-сімф. цыкла і асобнай муз. п’есы. Сустракаецца ў творах М.Аладава, А.Багатырова, Дз.Смольскага, Г.Вагнера, Я.Дзягцярыка, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Р.Суруса, Я.Цікоцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЙСТРАХ (Давыд Фёдаравіч) (30.9.1908, г. Адэса, Украіна — 24.10.1974),
расійскі скрыпач, педагог, дырыжор; адзін з заснавальнікаў рас. скрыпічнай школы. Бацька І.Д.Ойстраха. Нар.арт.СССР (1953). Ганаровы чл., чл.-кар. многіх буйнейшых акадэмій і ун-таў. Скончыў Адэскі муз.-драм.ін-т (1926). З 1932 (з перапынкам) саліст, з 1961 і дырыжор Маскоўскай філармоніі. З 1935 выступаў у фп.трыо з Л.Аборыным і С.Кнушавіцкім. З 1934 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1939 праф., з 1950 заг. кафедры). Яго ігру вызначалі віртуозная тэхніка, чысціня інтанацыі, спалучэнне задушэўнага лірызму з мужным валявым пачаткам. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Першы выканаўца прысвечаных яму твораў Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, М.Мяскоўскага, А.Хачатурана. Рэдактар скрыпічных твораў, аўтар транскрыпцый, кадэнцый і пералажэнняў для скрыпкі і фп. твораў многіх кампазітараў. Аўтар аўтабіягр. нататак «Мой шлях» (1958). Старшыня журы Міжнар. конкурсаў імя П.Чайкоўскага (Масква, 1958—74). Сярод вучняў Л.Ісакадзе, В.Клімаў, А.Крыса, І.Ойстрах, В.Пархоменка, В.Пікайзен і інш. Лаўрэат Усеўкр. конкурсу скрыпачоў (Харкаў, 1930), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (Ленінград, 1955), Міжнар. конкурсаў скрыпачоў імя Г.Вяняўскага (Варшава, 1935), імя Э.Ізаі (Брусель, 1937). Дзярж. прэмія СССР 1943. Ленінская прэмія 1960.
Літ.:
Юзефович В.А. Д.Ойстрах. М., 1978;
Яго ж. Д.Ойстрах: Беседы с И.Ойстрахом. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ (Георгій) (Юрый) Васілевіч (16.12.1915, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.1.1998),
расійскі кампазітар, піяніст, муз.-грамадскі дзеяч. Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1975).
Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941). Вучань П.Разанава, Дз.Шастаковіча. Значнае месца ў яго творчасці займалі жанры, звязаныя са словам; гал. тэма — Радзіма; яе лёс. Наследаваў і ўвасабляў традыцыі рус. пеўчай культуры, арганічна спалучаў яе з дасягненнямі мастацтва 20 ст. Музыка вызначаецца натуральнасцю, непаўторнасцю, рытмамі, уласцівымі жывой мове. Абнавіў жанры араторыі, кантаты, раманса, песні. Сярод твораў: муз. камедыі, у т. л. «Агеньчыкі» (1951), творы для голасу, хору і арк., у т. л. «Патэтычная араторыя» (словы У.Маякоўскага, 1959), «Курскія песні» (словы нар., 1964), арк. сюіта «Час, уперад!» (1965), «Мяцеліца» (муз. ілюстрацыі да аднайм. аповесці А.Пушкіна, 1974), сімфонія для струн. арк. (1940), музыка для камернага арк. (1964), трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1945); фп. саната (1944), 2 партыты (1947), «Альбом п’ес для дзяцей» (1948); 3 хары з музыкі да драмы А.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» (1973), для хору з суправаджэннем «Пушкінскі вянок» (1979) і інш., рамансы, песні; апрацоўка нар. песень, музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё рас. музыкі. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1968, 1980. Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак.дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар.мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл.Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г.бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац.муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.Шлег, А.Бандарэнка), літургія (А.Залётнеў, С.Бельцюкоў), меса (А.Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.Мдывані, А.Сонін, В.Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.Равенскі, М.Шчаглоў, Э.Зубковіч і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМА, варыяцыі,
музычная форма, якая складаецца з тэмы (зрэдку дзвюх, трох тэм) і яе відазмененых паўтораў (варыяцый). Асн. тэма можа быць арыгінальная ці запазычаная. У варыяцыйнай форме можа быць напісаны самаст. твор, частка цыкла або раздзел буйнога муз. твора (сімфоніі, канцэрта, сюіты, санаты, квартэта), а таксама оперы, балета.
Вытокі варыяцыйнай формы ў нар. песеннай і танц. творчасці. У прафес. музыцы яна выпрацоўвалася ў розных поліфанічных жанрах (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, Г.Ф.Тэлеман). У 17 ст. ў зах.-еўрап. музыцы ўзнікла варыяцыйная форма на баса астыната. У 2-й пал. 18 ст. склалася строгая (класічная) варыяцыйная форма з захаваннем у варыяцыях памераў, гармоніі, танальнасці, тэмпу, метра, тэмы (І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен). У 19 ст. ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон) з’явілася свабодная варыяцыйная форма, дзе ўсе сродкі выразнасці тэмы могуць вольна вар’іравацца нават да яе жанравых змен. У рус. музыцы 19 ст.найб. пашырана варыяцыйная форма на нязменную мелодыю — сапрана астыната (т.зв. глінкаўскія варыяцыі).
У бел. музыцы ў варыяцыйнай форме напісаны самаст. творы (фп. варыяцыі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, У.Алоўнікава, Р.Суруса, Э.Тырманд, М.Васючкова; аркестравыя («З беларускага эпасу» Л.Захлеўнага) і часткі цыклічных твораў (у сімфоніі «Беларусь» В.Залатарова, сімфаньеце М.Аладава, фп.трыо А.Багатырова), эпізоды з балетаў «Альпійская балада» і «Выбранніца» Я.Глебава і інш.
Літ.:
Протопопов В. Вариационные процессы в музыкальной форме. М., 1967;
Цуккерман В. Анализ музыкальных произведений. Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.