ВАДАЛІ́Ў (лац. Aquarius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15 × 12, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Вадаліў.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІЯПЕ́Я (лац. Cassiopeja, нар. назва Касцы),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба; знаходзіцца ў Млечным Шляху. Найб. яркія зоркі α, β, γ, σ, ε (2,2; 2,3; 2,4; 2,7; 3,4 візуальнай зорнай велічыні) размешчаны ў выглядзе расцягнутай літары W. У сузор’і 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У К. выяўлена магутная галактычная крыніца радыёвыпрамянення Cas A. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Касіяпея.

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЁНА ВЯЛІ́КАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

адно з найбольшых газава-пылавых воблакаў, бліжэйшае да Сонечнай сістэмы ў Галактыцы. Адлегласць да Арыёна вялікай туманнасці каля 300 пс. Мае выгляд мігатлівай бледнай плямы ў сузор’і Арыёна пад трыма яркімі зоркамі «пояса Арыёна». Папярочнік туманнасці больш за 5 пс. Належыць да эмісійных туманнасцяў. Сярэдняя шчыльнасць у 1017 разоў меншая за шчыльнасць паветра. Эмісійныя газава-пылавыя туманнасці могуць з’яўляцца раёнамі актыўнага зоркаўтварэння. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),

Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Стажа́ры ‘сузор’е Вялікая Мядзведзіца’ (мін., зах.-маг., ЛА, 2; Стан.), ‘групы блізка размешчаных зорак у сузор’і Цяльца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), стажэ́рка ‘Плеяды’ (Касп.). Укр. стожа́ри ‘сузор’е Плеяды’, рус. стожа́ры ‘сузор’е Плеяд, Вялікай Мядзведзіцы’. Паводле Фасмера (3, 764), перанос з стажар (гл.); паводле ЕСУМ (5, 424), гэта другаснае збліжэнне на базе старой назвы Плеяд Валасажа́р (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЗЕ́ВА, Панна (лац. Virgo),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Самая яркая зорка — Спіка (L Дз., 1-й візуальнай зорнай велічыні) разам з 3 менш яркімі зоркамі ўтварае фігуру ромба, бачную простым вокам. У сузор’і 95 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні; выяўлена скопішча (2,5 тыс.) галактык спіральнай структуры, сярод якіх размешчана магутная крыніца радыёвыпрамянення — радыёгалактыка Дз.-А. У Дз. знаходзіцца пункт асенняга раўнадзенства. На тэр. Беларусі сузор’е відаць у канцы зімы і вясною.

Сузор’е Дзева.

т. 6, с. 100

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАМЕ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі дачка эфіопскага цара Кефея і Касіяпеі. Калі Пасейдон з нерэідамі наслалі на Эфіопію пачвару і навадненне, бацька прынёс Андрамеду ў ахвяру. Персей забіў пачвару, выратаваў Андрамеду і ажаніўся з ёю. Пасля яны ператварыліся ў сузор’і. Тэма выратавання Андрамеды адлюстравана ў л-ры (Лопэ дэ Вэга, Г.​Сакс, П.​Кальдэрон) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі, палотны Тыцыяна, Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Персей і Андрамеда. Фрэска з дома Дыяскураў у Пампеях. 65—70 н. э.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕКС (ад лац. apex вяршыня) у астраноміі, пункт нябеснай сферы, у напрамку да якога перамяшчаецца нябеснае цела ў сваім руху адносна навакольных зорак. Залежыць ад выбару зорак, адносна якіх вызначаецца рух. Апекс гадавога руху Зямлі вакол Сонца знаходзіцца ў плоскасці экліптыкі пад вуглом, роўным амаль 90° да напрамку Зямля—Сонца, і перамяшчаецца, замыкаючы за год круг. Апекс руху Сонечнай сістэмы адносна бліжэйшых зорак знаходзіцца ў сузор’і Геркулеса. Процілеглы апексу пункт — антыапекс. Апексам наз. таксама пункт арбіты ШСЗ, найб. аддалены на Пн ад плоскасці зямнога экватара.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стажа́р, ‑а, м.

1. Уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог. [Другі спадарожнік:] — Дык гэта Сымонаў хутар? А дзе ж яго гумно? — Вунь там, мусіць, — паказаў першы рукой убок, за хату, дзе тырчаў голы стажар. Галавач.

2. звычайна мн. (стажа́ры, ‑жар). Народная назва групы з блізка размешчаных зорак у сузор’і Цяльца. Ночкай вынікнуць стажары, І бяздонныя амшары Зоркі высцелюць руном. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)