гартава́ць

(польск. hartować, ад ням. harten)

1) надаваць цвёрдасць, трываласць металу шляхам моцнага награвання í раптоўнага ахаладжэння;

2) перан. выхоўваць стойкасць, вынослівасць, здольнасць пераносіць цяжкасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЖУКА́ЎСКАС ((Žukauskas) Альбінас) (25.1.1912, в. Бубеле, Сувалкаўскае ваяв., Польшча — 10.8.1987),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1972), засл. работнік культ. Беларусі (1973). Вучыўся ў Віленскім ун-це і Варшаўскай вышэйшай школе журналістыкі (1935—39). Аўтар зб-каў вершаў «Часы і людзі» (1938), «Цяжкая радасць» (1970), «Сонцаварот» (1973), «Прыбярэжныя водмелі» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1976), «Прамаці» (1981), «Бяздомная любоў» (1983), кніг навел і апавяданняў «Зямля плыве на поўдзень» (1939), «Паветраны калодзеж» (1964), «Добрыя камяні» (1973), «Чаму плакаў хлеб» (1980), у якіх асэнсоўвае рэаліі гіст. мінулага літ. вёскі, людскія лёсы, паказвае стойкасць народа, хараство роднага краю. На літ. мову пераклаў кнігі выбранай лірыкі Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, М.​Танка, асобныя творы П.​Броўкі, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага. На бел. мову яго творы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Васілевіч, С.​Грахоўскі. М.​Калачынскі, А.​Разанаў, Я.​Семяжон, М.​Танк, Н.​Тарас, М.​Хведаровіч, У.​Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — Бяздомная любоў. Мн., 1974.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скала́, ‑ы; мн. скалы, скал; ж.

Каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал... Купала. Непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. // перан. Пра сілу, стойкасць, згуртаванасць. Рэспублікі нашы — скала, А сілу ім дружба дала — З’яднанасць савецкіх народаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаіцы́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у антычнай філасофіі, які патрабаваў свядомага падпарадкавання чалавека пануючай у свеце неабходнасці і панавання чалавека пад страсцямі.

2. перан. Стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях, здольнасць супрацьстаяць спакусам. Помнячы пра бацьку і прыносячы яму за ўсё зробленае для беларускай культуры шчырую падзяку, мы, аднак, бяром сабе за прыклад сына — яго [Максіма Багдановіча] любоў да Айчыны, служэнне ёй, яго непахіснасць і нязломны стаіцызм. «Маладосць».

[Ад назвы порціка Stoa ў Афінах, дзе вучыў філосаф Зянон.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФІ́ЗІКА кандэнсаваных сістэм,

раздзел фізікі, які вывучае фіз. працэсы ў кандэнсаваных сістэмах (металы, паўправаднікі, дыэлектрыкі, арган. матэрыялы і інш.), абумоўленыя ўздзеяннем іанізавальнага выпрамянення (радыяцыі).

Дзеянне радыяцыі на крышталі выклікае зрушэнне атамаў са становішчаў раўнавагі ў крышталічнай рашотцы і прыводзіць да ўтварэння радыяцыйных дэфектаў. Радыяцыя змяняе ўласцівасці матэрыялаў (графіт, сталь, бетон) і прылад, якія выкарыстоўваюцца ў атамнай энергетыцы, пры асваенні касм. прасторы (напр., сонечныя батарэі) і інш. Напр., у выніку дзеяння радыяцыі на ваду ўтвараецца малекулярны вадарод і пераксід вадароду; шкло змяняе празрыстасць (афарбоўваецца), металы павялічваюць аб’ём і інш. Здольнасць кандэнсаваных сістэм захоўваць свае ўласцівасці пры ўздзеянні радыяцыі (гл. Радыяцыйная стойкасць) залежыць ад тыпу хім. сувязі іх элементаў структуры, інтэнсіўнасці і віду радыяцыі, т-ры і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне Р.ф. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Інжынерна-тэхн. цэнтры «Сосны» Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Вавилов В.С., Кекелидзе Н.П., Смирнов Л.С. Действие излучений на полупроводники. М., 1988;

Кирсанов В.В., Суворов АЛ., Трушин Ю.В. Процессы радиационного дефектообразования в металлах. М., 1985;

Бургуэн Ж., Ланно М. Точечные дефекты в полупроводниках: Эксперимент. аспекты: Пер. с англ. М., 1985;

Бреховских С.М., Тюльнин В.А. Радиационные центры в неорганических стеклах. М., 1988.

М.​А.​Паклонскі.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́трымка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вытрымліваць — вытрымаць (у 6 знач.).

2. Уменне валодаць сабой; стойкасць, цярплівасць. Страціўшы адразу вытрымку, Вера Антонаўна ўсхліпнула і заківала галавою. Карпаў. Рашучасць і валявая вытрымка заўсёды былі спадарожнікамі гераізму. Кулакоўскі.

3. Р мн. ‑мак. Невялікі ўрывак, цытата з якога‑н. тэксту. Вытрымкі з рамана, з даклада.

4. Час, на працягу якога аб’ектыў фота‑, кінаапаратаў застаецца адкрытым у працэсе здымкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарт

(польск. hart, ад ням. hart = цвёрды)

1) цвёрдасць, трываласць, якую набывае метал пасля моцнага награвання і раптоўнага ахаладжэння;

2) перан. стойкасць, якая набываецца ў барацьбе з цяжкасцямі, выпрабаваннямі;

3) тое, што і гартблей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Цвёрдасць металу, якая дасягаецца гартаваннем; уласцівасць загартаванай рэчы. Сталь высокага гарту.

2. перан. Стойкасць, вынослівасць, набытыя ў барацьбе з цяжкасцямі, неспрыяльнымі ўмовамі; сіла волі. Бальшавіцкі гарт. □ Вайна — вялікае выпрабаванне гарту людзей і чыстаты, трываласці пачуццяў. Мележ.

3. перан. Стан найбольшага напружання, узбуджэння, хвалявання. Смутак часамі ападаў да лёгкай журбы, пасля зноў даходзіў да найвялікшага гарту. Чорны.

4. Сплаў свінцу, волава і сурмы для адліўкі друкарскіх шрыфтоў.

[Ад ням. hart — цвёрды.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаіцы́зм

(ад гр. stoa = порцік у Афінах, дзе збіраліся стоікі)

1) кірунак у антычнай філасофіі, які патрабаваў ад чалавека поўнага падпарадкавання пануючай у свеце неабходнасці і ўлады над сваімі страсцямі;

2) перан. стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нязло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.

2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)