Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ІНФА́РКТ МІЯКА́РДА,
сардэчна-сасудзістая хвароба з утварэннем ачага амярцвення — некрозу ў сардэчнай мышцы; найб. цяжкае ўскладненне ішэмічнай хваробы сэрца. Адна з найважн.сац.-мед. праблем сучаснасці. Найчасцей узнікае на фоне стэнакардыі, атэрасклерозу каранарных артэрый. Развіццю І.м. садзейнічаюць неадпаведныя фіз. нагрузкі, гіпертанічныя крызы, хваляванні, парушэнні рытмаў сэрца і інш. Бывае буйна- і дробнаачаговы; у залежнасці ад лакалізацыі некрозу І.м. левага жалудачка (іншы раз правага) — пярэдні, задні ці ніжні задні. Прыкметы: моцны боль за грудзінай, пры атыповай форме — у вобласці жывата, левым плячы, сківіцы, рэзкі ўпадак сіл, дыхавіца, парушэнне дзейнасці сэрца. Ускладненні: калапс, анеўрызма сэрца, сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, пасцельны рэжым, дыета.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АТЛУСЦЕ́ННЕ,
лішняе адкладанне тлушчу ў падскурнай клятчатцы і інш. тканках арганізма. Галоўны фактар атлусцення — парушэнне механізмаў рэгуляцыі тлушчавага абмену. Адрозніваюць атлусценне як самастойную хваробу і як сімптом пры хваробах нерв. і эндакрыннай сістэм. Развіццю спрыяюць празмернае харчаванне, абмежаванасць фіз. нагрузкі, спадчынная схільнасць і інш. Існуюць 4 ступені атлусцення ў залежнасці ад масы хворага: 1-я — маса перавышае нармальную масу на 30%; 2-я — на 30—50%; 3-я — на 50—100%; 4-я — болей за 100%. Пры 1-й і 2-й ступенях працаздольнасць і жыццёвая актыўнасць хворых не парушаны. Потым узнікаюць хваробы: лёгачная і сардэчная недастатковасць, атэрасклероз, дыябет і інш. Лечаць атлусценне дыетай, лячэбнай фізкультурай, воднымі працэдурамі, лякарствамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),
прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл.Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл.Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.