1.каго (што). Прыкончыць (у 2 знач.) раненага, падстрэленага.
Паляўнічы дабіў звера.
Гэтыя весткі зусім дабілі старога (перан.).
2.перан., каго-што. Канчаткова разграміць.
Д. варожыя сілы.
3.што. Канчаткова разбіць што-н. недабітае, трэснутае; перабіць усё, што засталося цэлым.
Д. талеркі.
4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што і чаго. Скончыць біць, утвараць гукі (пра гадзіннік).
Гадзіннік не паспеў д. шостага ўдару, як пачалася нарада.
5.што. Увагнаць да канца.
Д. цвік.
6.перан., што. Завяршыць якую-н. работу.
К вечару дабілі жніво.
◊
Дабіць да ручкі (разм.) — давесці да развалу, да поўнай непрыгоднасці.
|| незак.дабіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ці́на, ‑ы, ж.
Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне.Багдановіч.У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі.Парахневіч.//перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну.Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЛАКА́ДА (англ. blockade),
1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш.Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш.эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.
2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,
вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч.тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ваКітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс.чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас.ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміцьрас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл.Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.І.Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл.Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.М.Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд.ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг.Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Тайны русско-японской войны. М., 1993;
О.Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
zerschlágen*
1.vt
1) разбіва́ць;
sich wie ~ fühlen адчува́ць сябе́ разбі́тым
2) разграмі́ць, зні́шчыць
2.~, sich разбіва́цца; цярпе́ць крушэ́нне;
die Sáche hat sich ~ нічо́га (з гэ́тага) не вы́йшла
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл.Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЧЖУ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
стратэгічныя наступальныя дзеянні сав. і манг. войск і сіл флоту 9 жн. — 2 вер. ў час савецка-японскай вайны 1945. Праведзена войскамі Забайкальскага (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.А.Пуркаеў) Далёкаўсх. франтоў, манг. Нар.-рэв. арміі (маршал Х.Чайбалсан) ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам (адм. І.С.Юмашаў) і Амурскай флатыліяй (контр-адм. Н.В.Антонаў) з мэтай разграміцьяп.Квантунскую армію (ген. А.Ямада), вызваліць Паўн.-Усх. Кітай (Маньчжурыю) і Паўн. Карэю, паскорыць завяршэнне 2-й сусв. вайны. Супраць яп. групоўкі (больш за 1 млн.чал., каля 1,2 тыс. танкаў, каля 5,4 тыс. гармат, 1,8 тыс. самалётаў, 25 караблёў і інш. сілы) дзейнічалі сав. і манг. войскі колькасцю больш за 1,5 млн.чал., больш за 26 тыс. гармат і мінамётаў, каля 5,3 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, 5,2 тыс. самалётаў, 93 баявыя караблі асн. класаў. 9—20 жн.сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на некалькіх напрамках і прасунуліся на тэр.Паўн.-Усх. Кітая з 3 на 400—800 км, з У і Пн на 200—300 км. Пасля 20 жн.сав. часці працягвалі наступленне ў глыб Маньчжурыі і завяршылі разгром яп. групоўкі. Паражэнне яп. войск стварыла ўмовы для правядзення Паўднёва-Сахалінскай аперацыі 1945 і Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945. У час М.а. вызначыліся беларусы ген.-маёр Г.С.Здановіч, падпалк. М.А.Ласкуноў і інш.
Літ.:
Белобородов А.П. Прорыв на Харбин. М., 1982;
Котенев А.Я. На Забайкальском фронте: Док. повести, очерки. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-ПАМЕРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск 2-га (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) і 1-га (Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў) Бел. франтоў пры садзейнічанні Балт. флоту (адм. У.П.Трыбуц) 10 лют. — 4 крас. ў Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміцьусх. памеранскую групоўку ворага, авалодаць раёнам Данцыг (Гданьск), Гдыня і заняць узбярэжжа Балтыйскага м. ад Віслы да Одэра. У выніку завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945сав. войскі ў канцы студз. выйшлі на р. Одэр. Войскі 1-га Бел. фронту фарсіравалі раку ў раёне г. Кюстрын і знаходзіліся за 60 км ад Берліна. Герм. камандаванне ч. сіл гр. армій «Вісла» (каманд. Г.Гімлер) рыхтавалася панесці ўдар па правым крыле 1-га Бел. фронту, каб сарваць падрыхтоўку наступлення на Берлін. Войскі 2-га Бел. фронту пасля 1-га этапу Усходне-Прускай аперацыі 1945 10 лют. перайшлі ў наступленне. Аднак у ходзе 10-дзённых баёў сав. войскі прасунуліся толькі на 40—60 км і прыпынілі наступленне. Сав. камандаванне вырашыла прыцягнуць да У.-П.а. войскі правага крыла 1-га Бел. фронту і 1-й арміі Войска Польскага. 24 лют. войскі 2-га Бел. фронту, падмацаваныя 19-й арміяй і танк. корпусам з рэзерву Стаўкі, нанеслі ўдар на г. Кёслін, а 1 сак. перайшоў у наступленне 1-ы Бел. фронт у напрамку на г. Кольберг (Калобжаг). Да 5 сак.сав. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Балтыйскага м. на ўчастку ад Данцыгскай да Шчэцінскай бухты. Ліквідацыя ўсх.-памеранскай групоўкі забяспечыла ў далейшым паспяховае правядзенне Берлінскай аперацыі 1945 і ліквідацыю войск ворага, акружаных у Прыбалтыцы і Усх. Прусіі.
Літ.:
Завьялов А.С., Калядин Т.Е. Восточно-Померанская наступательная операция советских войск. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ КАМПА́НІЯ,
наступальныя дзеянні германскіх войск супраць Францыі 10.5—24.6.1940 у час другой сусветнай вайны 1939—45. Мэта — разграміць англа-франка-бельг. войскі, акупіраваць Нідэрланды, Бельгію, Люксембург, прымусіць Францыю да капітуляцыі, а Вялікабрытанію — да падпісання выгаднага для Германіі міру. Германія сканцэнтравала групы армій «Б», «A» і «Ц» (усяго 136 дывізій, 2580 танкаў, 7378 гармат, 3824 самалёты). Саюзныя войскі налічвалі 147 дывізій, каля 3100 танкаў, больш за 14 500 гармат, каля 3800 самалётаў. 10 мая ням. войскі, у парушэнне нейтралітэту Нідэрландаў, Бельгіі і Люксембурга; пачалі наступленне, і, скончыўшы т.ч.«дзіўную вайну», прарвалі фронт франц. войск на паўн. флангу, дзе буд-ва«Мажыно лініі» не было завершана. 14 мая капітулявала нідэрл. армія. 21 мая ням. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Ла-Манша і адрэзалі 50 дывізій саюзнікаў ад асн. сіл (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940); акружаныя войскі былі эвакуіраваны ў Англію. 28 мая капітулявала бельг. армія. Ням. войскі пайшлі ў глыб Францыі і 14 чэрв. без бою занялі Парыж. 22 чэрв. Францыя капітулявала. У выніку Германія акупіравала Нідэрланды, Бельгію, Люксембург і ч. Францыі. У абарончых баях на тэр. Францыі прымалі ўдзел грамадзяне Польшчы, у т. л. беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Страты франц. войск склалі 84 тыс.чал. забітымі і 1,5 млн. палоннымі (у баях з ням. войскамі на «Мажыно лініі» загінула некалькі дзесяткаў беларусаў). Ням. войскі страцілі 44 тыс.чал. забітымі і прапаўшымі без вестак і 111 тыс. параненымі.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939-1945. Т. 3. М., 1974;
Ратиани Г.М. Конец Третьей республики во Франции. М., 1964;
Грыбоўскі Ю. Беларускія салдаты на заходніх франтах Другой сусветнай вайны // Армия. 2001. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1914,
буйнамаштабныя баявыя дзеянні паміж рас. і аўстра-венг. войскамі на тэр. Галіцыі і Польшчы 18.8—21.9.1914 у 1-ю сусв. вайну. Складалася з Люблін-Холмскай (баі каля Красніка і Тамашава), Галіч-Львоўскай (на р. Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа), Гарадоцкай і інш. аперацый. На фронце каля 400 км паміж рэкамі Вісла і Днестр з абодвух бакоў удзельнічалі каля 2 млн.чал. і да 5 тыс. гармат. Рас. камандаванне Паўд.-Зах. фронтам (галоўнакамандуючы ген. М.І.Іваноў) планавала акружыць і знішчыць аўстра-венг. сілы (каля 850 тыс.чал., 1800 гармат); аўстра-венг. (эрцгерцаг Фрыдрых) мела намер разграміць правае крыло рас.Паўд.-Зах. фронту (4-ю і 5-ю арміі). 18 жн. на левым крыле распачала наступленне рас. 8-я армія (ген. А.А.Брусілаў). 23 жн. перайшлі ў наступленне ўсе арміі Паўд.-Зах. фронту. У ходзе сустрэчнай бітвы ў раёне Краснік—Тамашаў (23 жн.—3 вер.) аўстра-венг. 1-я і 4-я арміі прымусілі 4-ю (ген. А.Е.Эверт) і 5-ю (ген. П.А.Плеве) рас. арміі адступіць да Любліна, Холма і Уладзіміра-Валынскага. 3-я рас. армія (ген. М.У.Рузскі) разбіла аўстра-венграў (3-я армія ген. Р.Брудэрмана) на р. Залатая Ліпа (26—28 жн.) і прарвала фронт на р. Гнілая Ліпа на ПдУ ад Львова (29—31 жн.). 2 вер.рас. войскі занялі Галіч, 3 вер. — Львоў. У ходзе сустрэчнай Гарадоцкай бітвы (5—12 вер.) 4-я рас. армія прарвала фронт у раёне Тарнаўкі. 12 вер. пачалося агульнае адступленне аўстра-венг. войск. Рас. часці прасунуліся на 280—300 км, занялі Галіцыю і частку аўстр. Польшчы. У Галіцыйскай бітве аўстра-венг. армія страціла 325 тыс.чал. (у т. л. каля 100 тыс. палоннымі) і 400 гармат, рас. войскі — каля 230 тыс.чал. (з іх 40 тыс. палонных) і 94 гарматы.