горад на Украіне, цэнтр Адэскай вобласці 1086,7 тыс.ж. (1993). Буйны міжнар. порт на Чорным моры. Чыг. вузел. Прамысловасць: машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны, цяжкія краны, вытв-сць халадзільнага, мед., гандл., паліграф. абсталявання), хім. (суперфасфат, лакі і фарбы), нафтаперапр., хім.-фармацэўтычная, харч. (цукрова-рафінадная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная і інш.), лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая і інш.).
На тэр. сучаснай Адэсы паселішча і гарадзішча існавалі да н.э. У час Кіеўскай Русі тут жылі ўсх.-слав. плямёны улічаў і ціверцаў. У 1239—40 паселішча захоплена мангола-татарамі. З пав. 15 ст. ў складзе ВКЛ. Пад назвай Хаджыбей упамінаецца ў 1415. У 1764 туркі пабудавалі тут крэпасць Ені-Дунья (Новы свет), якая паводле Яскага мірнага дагавора 1791 адышла да Расіі. У 1795 Хаджыбей перайменаваны ў Адэсу. З 1805 Адэса — адм. ц. Новарасійскага краю, з 1825 цэнтр павета Херсонскай губ. З 1932 цэнтр Адэскай вобл. У 1817 засн. ліцэй (гл.Адэскі універсітэт), у 1825 гіст.-археал. музей, у 1830 публічнаяб-ка. За гераізм у Вял.Айч. вайну (гл.Адэсы абарона 1841, Адэская аперацыя 1944) прысвоена званне горада-героя (1945).
У 1917 у Адэсе і Адэскай акр. знаходзілася больш за 100 тыс. беларусаў з мясц. насельніцтва, бежанцаў 1-й сусв. вайны і салдат Румынскага фронту. У 1917—20 тут дзейнічалі арг-цыі «Беларускі гай», Бел. вайсковая рада, Бел.нац. рада і абраны ёю Бел.нац. камісарыят, выходзіла газ. «Белорусы в Одессе». Сярод актыўных чл. гэтых арг-цый бел. дзеячы А.Ф.Адамовіч, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак, С.М.Некрашэвіч і інш.
У аснове рэгулярнага плана Адэсы 1794 (інж. Ф.Дэвалан) 3 восевыя магістралі, якія выходзяць да Прыморскага бульвара, забудаваныя ў стылі класіцызму. Цэнтр. ансамбль — паўкруглая плошча з помнікам А.Э.Рышэлье (1828, скульпт. І.Мартас); ад плошчы да мора вядзе манум. Пацёмкінская лесвіца (1841, арх. Ф.К.Бофа). У 1884—87 узведзены будынак тэатра оперы і балета (арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). У Адэсе працавалі арх. А.Мельнікаў, А.Бернардацы, Тама дэ Тамон і інш. Сярод арх. помнікаў: палацы Патоцкага (1805—10, цяпер Маст. музей), Гагарыных (1842, цяпер Літ. музей), Новая біржа (1894—99, цяпер філармонія), пасаж (1899—1903). Адэса забудоўваецца паводле ген. плана 1966. Пабудаваны марскі вакзал (1966), гасцініца «Чорнае мора» (1972), Палац спорту (1976), Тэатр муз. камедыі (1981) і інш. Музеі: Археал., Мастацкі, Літаратурны, Зах. і ўсх. мастацтваў; Адэскі універсітэт, мед., пед., політэхн., інжынераў марскога флоту ін-ты і інш. У Адэсе буйны турысцкі цэнтр, пункт марскіх круізаў (у т. л. замежных), турысцкі комплекс «Адэса» на курорце Аркадзія.
Марскі вакзал у Адэсе.Адэса. Тэатр оперы і балета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕНГА́ГЕН (København),
горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс.ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс.ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л.вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім.прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.
Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.
Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл.цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.
У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.Д.Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.К.Хансенам у 1800—20, Т.Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.Бінесбёль, мастак І.Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх.А Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».
У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л.Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц. жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.
Панарама Капенгагена.Да арт.Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.Да арт.Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,
кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.
Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.
На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст. аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічнаяб-ка (цяпер Цэнтр.б-каАН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас.Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, Нац.б-ка Беларусі, Нац.маст. музей Беларусі.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;
Рукописная и печатная книга. М., 1975;
Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.Да арт.Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БІБЛІЯТЭ́КАў Маскве,
нацыянальная бібліятэка Расіі, адна з найбуйнейшых бібліятэк свету; навукова-даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр па праблемах кнігазнаўства, бібліяграфіі, бібліятэказнаўства, культуры.
Засн. ў 1862 у складзе Маскоўскага публічнага Румянцаўскага музея. Атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх рас., а пазней сав. выданняў. Значна папоўнілася за кошт нацыяналізаваных пасля Кастр. рэвалюцыі прыватных, царкоўна-манастырскіх і некат. дзярж. збораў. З 1924 наз. Расійская публічнаяб-ка імя У.І.Леніна, з 1925 Дзярж.б-каСССР імя Леніна, з 1992 сучасная назва. У фондах б-кі больш за 41 млн.экз. друкаваных адзінак на 247 мовах, у т. л. 16,5 млн. кніг і брашур (2000). У аддзеле рукапісаў захоўваюцца помнікі 6—20 ст. (многія зборы маюць каталогі, апісанні), сярод якіх каля 60 славяна-рус. рукапісных кніг 11—13 ст., у т. л. Архангельскае евангелле 1092, Марыінскае евангелле (або Афонскае) пач. 11 ст., частка Супрасльскага рукапісу 11 ст., Дабрылава евангелле 1164 з мініяцюрамі евангелістаў і ўкладным запісам Івана IV, а таксама больш познія царкоўна-рэліг. рукапісы традыц. жанраў, напр., кодэксы слуцкіх скрыпторыяў (Евангелле 1502, напісанае на заказ слуцкага архімандрыта Аўраамія манахам А.Крыцкім, прыхаджанінам Лаўрышаўскага манастыра; Евангелле 1539, спраўленае на сродкі кн. Ю.С.Слуцкага ў манастыры цудатворца Міколы на Марачы, пісец «раб божий пречистый Копысский Василий»), службовая Мінея пач. 16 ст., напісаная «замыслом и гаданием» бел. шляхціца Ф.І.Калантаева, «Кнігі 16 прарокаў тлумачальныя», купленыя ў 1570 у пінскага мешчаніна Б.Куніловіча, Евангелле-тэтр, спіс 1543 з брэсцкага манастыра, рукапіс, напісаны ў Кіеве ў 1610 пінскім ураджэнцам Іванам Васілевічам, і інш. Некат. рэдкія рукапісы трапілі ў Расію ў часы войнаў, палонаў і рэквізіцый, напр., запісы на «Шастадневе» 16 ст. (кодэкс са збораў Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх) ці «Пралогу» сярэдзіны 16 ст., які належаў Смаленскаму краязн. музею. У б-цы захоўваюцца і рэдкія стараж. рукапісы інш. жанраў: кормчыя, напісаныя на Беларусі ці ў Літве ў 16—17 ст., палемічныя і гіст. зборнікі (у т. л. пасланні старца Арцемія да С.Буднага, А.Валовіча, «Маргарыт новы» ў перакладзе кн. А.Курбскага, напісаны бел. паўуставам, зб. павучанняў з казаннямі Л.Карповіча, «Гутаркі Іаана Златавуста», падараваныя архімандрытам Супрасльскага манастыра кн. Масальскім жаночаму манастыру ў Дубне і інш.). Асобную групу складаюць спісы з твораў Кірылы Тураўскага, школьных падручнікаў і даведнікаў С. і Л.Зізаніяў, П.Бярынды, М.Сматрыцкага. З Сібіры ў 1875 трапіла ў б-ку берасцяная копія з «Граматыкі» Сматрыцкага «Кароткае граматыкі выяўленне» сярэдзіны 18 ст. У аддзеле рукапісаў зберагаюцца «Хроніка» 1549 старосты кобрынскага Хвальчэўскага, «Безднінскі летапісец» з пахвалой Вітаўту, Румянцаўскі спіс бел.-літ. летапісу, мноства хранографаў 16—17 ст., у іх ліку т.зв. «заходнярускай» рэдакцыі, «Александрыя» ў спісах 17 ст. і 1697, напісаныя мазырскім дзякам В.Г.Мянжынскім. Сярод свецкіх твораў юрыд., гіст., мастацкія помнікі: спісы Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, «Хронікі» М.Стрыйкоўскага, «Памяць аб родзе Глінскіх» 16 ст., творы Максіма Грэка, Сімяона Полацкага, Г.Каніскага, копіі з выданняў Ф.Скарыны і інш. У некаторых фондах захоўваюцца дакументальныя, актавыя, генеалагічныя матэрыялы: «Справаводства Віленскай «з’езжай» «ізбы» 1655—59, «Кніга аб даходах Полацкага намесніцтва 1792 г.», сац.-эканам. акты зямельных данін і судовых спраў у Навагрудскім ваяводстве ў 1626—1701. У музеі кнігі (былы аддзел рэдкай кнігі) захоўваецца адна з найбольшых калекцый бел. кірыліцкіх старадрукаў (82 экз. выданняў Скарыны, кнігі Буднага, В.Гарабурды, П.Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, брацкіх, уніяцкіх, прыватных бел. друкарань 16—18 ст.), багатыя зборы польск. і зах.-еўрап. кнігі і графікі, у т. л. творы Эразма Ратэрдамскага, К.Манвіда-Дарагастайскага, Кальвіна. Стрыйкоўскага, Сматрыцкага, рэдкія панегірыкі і перыяд. выданні. У спецыялізаваным фондзе багатыя калекцыі замежных, бел., рус., укр., сав. картаграфічных твораў (каля 190 тыс. адзінак), нац. і рэгіянальныя атласы, планы гарадоў, сучасныя замежныя выданні. Захоўваюцца творы бел. пісьменнікаў, пераклады, дысертацыі, прысвечаныя гісторыі Беларусі, духоўнай спадчыне, славянскім культ. сувязям. Б-ка выпускае «Інфармацыйны бюлетэнь новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэку», «Запіскі аддзела рукапісаў», «Працы дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І.Леніна», «Бібліятэказнаўства і бібліяграфія за мяжой» і інш.
Літ.:
Пятидесятилетие Румянцевского музея в Москве, 1862—1912: Ист. очерк. М., 1913;
История Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.И.Ленина за сто лет, 1862—1962. М., 1962;
Национальная библиотека страны: Пробл. и перспективы. М., 1975;
Труды Государственной ордена Ленина библиотеки СССР им. В.Й.Ленина. Т. 13. Фонды: Состояние и тенденции развития. М., 1976;
Описание старопсчатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979 (выданне працягваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Антон Іванавіч) (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады (БРГ, гл.Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ.«Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач.кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.П.Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.В.Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.
Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн.літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.Багдановіча, А.Бурбіса, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.В.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.Кісялёва, падручнік В.Остэрлёфа і Я.Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Белорусы. СПб., 1909;
Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;
Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
Літ.:
Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;
Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;
Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;
Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;
Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;
Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;
Антон Луцкевіч. Мн., 1999;
Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ВА (Warszawa),
горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц.Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс.ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл.Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл.Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл.Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.
Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.Д.Яўх, М.Д.Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.Б.Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.Завадскі, Я.Х.Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.П.Айгнер, С.К.Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.Роўб) і інш.
У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.Каперніку (1828—30, Б.Торвальдсен), А.Міцкевічу (1898, Ц.Гадэбскі), Ф.Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.Кастэн, Б.Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.Куцма) і інш.
У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка, Гал.б-ка Варшаўскага ун-та, Публічнаяб-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л.Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.
Літ.:
Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;
Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;
Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;
Да арт.Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.Да арт.Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт.Варшава. Барбакан. 1548.Да арт.Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.У гістарычным цэнтры Варшавы.Да арт.Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.Да арт.Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічнаяб-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. 7381 тыс.ж., з прыгарадамі ў штаце Нью-Йорк больш за 8,5 млн.ж. (1998, 4-ы па колькасці, насельніцтва ў свеце). Нас.Вял. Н.-Й. 19938 тыс.ж. (1996), уключае злітыя ў адну урбанізаваную зону (агульная пл. каля 10 тыс.км²) гарады ў суседніх раёнах штатаў Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Канектыкут. Уласна Н.-Й. складаецца з 5 акруг (адм. раёнаў): Манхатан (гіст. ядро і дзелавы цэнтр горада з гал. вуліцай Брадвей), Бруклін, Куінс, Бронкс, Рычманд. Найважнейшы трансп. вузел ЗША. Порт на Атлантычным узбярэжжы, у вусці р. Гудзон, па якой ідзе каналізаваны водны шлях да Вялікіх азёр. Цэнтр аптовага гандлю бавоўнай, рудамі, металамі, каўчуком, збожжам, цукрам, кавай, прамысл. вырабамі. 3 гал. аэрапорты, у т. л.міжнар. Дж.Кенэдзі. Вузел некалькіх дзесяткаў чыгунак і аўтадарог. Буйнейшы эканам., паліт., навук. і культ. цэнтр ЗША. Адзін з гал.гандл.-фін. цэнтраў свету; праўленні большасці вядучых банкаў, кампаній, страхавых т-ваў краіны. Нью-Йоркская фондавая біржа на вуліцы Уол-Стрыт — найбуйнейшая ў свеце па памерах аперацый з каштоўнымі паперамі. Н.-Й. — гал. арганізацыйна-кіраўніцкі цэнтр амер. прам-сці, на яго прыпадае каля 10% прадукцыі апрацоўчай прам-сці ЗША. Асн. галіны прам-сці: паліграф., тэкст., швейная, харч., аўтамаб., авіяц., авіяракетная, оптыка-мех., вытв-сць парфумерна-касметычных сродкаў, ювелірных вырабаў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры, мед. інструментаў, цацак. У прыгарадах — асн. галіны прам-сці Вял. Н.-Й.: шматгаліновае машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць, суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, прылада- і станкабудаванне, ваенная прам-сць), чорная і каляровая металургія, металаапрацоўка, нафтаперапр., нафтахім., цэлюлозна-папяровая, шкляная, цэм., харч., гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Метрапалітэн (больш за 500 станцый), гар. падвясныя чыгункі; тунэлі, масты і паромы праз р. Гудзон і марскія пралівы ў межах горада. Цэнтр турызму. У Н.-Й. штаб-кватэра і інш. ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Горад вырас з гандл. факторыі, засн. галандцамі ў 1614 на в-ве Манхатан. У 1626 галандская Зах.-інд. кампанія заснавала тут першае еўрап. паселішча пад назвай Новы Амстэрдам. З 1629 партовы горад, праз які вывозілі карабельны лес, футра, тытунь. Першыя негрыцянскія нявольнікі з’явіліся тут у 1652. У час англа-галандскай вайны 1672—74 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), каб абараніць горад ад нападаў індзейцаў і каланістаў з Новай Англіі, ён быў абнесены агароджай (на гэтым месцы цяпер вул. Уол-Стрыт, што значыць Сценная вуліца). У 1664 Новы Амстэрдам захапілі англічане і перайменавалі ў Н.-Й. У 1673 заваяваны галандцамі, з 1674 зноў адышоў да англічан. З пач. 18 ст. буйны порт і культ. цэнтр ЗША. У 1753 засн. Каралеўскі каледж (з 1784 Калумбійскі універсітэт). У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 акупіраваны брыт. войскамі (1776—83). У 1784—97 Н.-Й. — сталіца аднайм. штата і ў 1785—90 часовая сталіца ЗША. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 100 тыс. жыхароў горада ваявалі на баку Поўначы. З 1860-х г.гал. фінансавы цэнтр ЗША (у 1870 Н.-Й. кантраляваў 70% імпарту і 60% экспарту ЗША). У 19 ст. Н.-Й. — адзін з цэнтраў рабочага руху.
Гіст. ядро горада Манхатан з пач. 19 ст. мае прамавугольную планіроўку, з Пд на Пн ідуць падоўжныя (авеню), з З на У — папярочныя (стрыты) вуліцы, іх сетка ўтварае дробныя кварталы; па дыяганалі іх перасякае гал. магістраль — Брадвей. На мяжы 19—20 ст. пачалося буд-ва небаскробаў, якія стварылі своеасаблівы сілуэт горада. Вял. тэрыторыі займалі густанаселеныя раёны трушчоб, рабочыя, прамысл. і партовыя кварталы. Да сярэдзіны 20 ст. Н.-Й. стаў гіганцкай агламерацыяй гарадоў і прыгарадаў, жылых, прамысл. і трансп. участкаў. Праведзена некалькі рэканструкцый раёнаў: створаны асобныя добраўпарадкаваныя кварталы жылых дамоў (Стывесент-таўн, 1945—49; Вашынгтон-сквер-вілідж, 1960; Пола Граўндс, 1964—67); установы культуры і багатыя жылыя кварталы размясціліся вакол Цэнтр. парку (закладзены ў 1858, пл. 320 га); на набярэжных Манхатана і інш., пракладзены сучасныя трансп. магістралі з эстакадамі-развязкамі. Захаваліся асобныя дамы 17—18 ст., якія з’яўляюцца ўзорамі класіцыстычнага «федэральнага стылю» (ратуша, 1803—12, арх. Дж.Мангін, Дж.Мак-Комб). класіцызму (Федэрал-хол, 1833—42, арх. У.Рос і інш.), неаготыкі (царква Трыніты-чэрч, 1839—46, арх. Р.Анджон), эклектыкі (б-ка Моргана, 1902—05, арх. Ч.Ф.Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт). Выдатныя прыклады інж. тэхнікі — масты Н.-Й.: Бруклінскі (1869—83, інж. Дж.Роблінг), Дж.Вашынгтона (1931, інж. О.Аман, арх. К.Гілберт; 2-і ярус — 1961) і інш. Сярод небаскробаў: Трыбюн-білдынг (1874, арх. Р.М.Хант), Эмпайр стэйт білдынг (1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман», 102 паверхі), Рокфелер-цэнтр (1931—40, арх. Б.У.Морыс і інш.), будынкі штаб-кватэры ААН (1947—52, арх. У.К.Харысан, Ле Карбюзье, О.Німеер, С.Маркеліус і інш), Сігрэм-білдынг (1956—58, арх. Л.Міс ван дэр Роэ, Ф.Джонсан), «Чэйз Манхатан банк» (1961, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс, Дж.О.Мерыл), 2 самыя высокія ў горадзе 110-павярховыя вежы Сусв.гандл. цэнтра і Сусв.фін. цэнтра (выш. 412 м; 1971—73, арх. М.Ямасакі, Э.Рот і інш.). Найб. значныя будынкі сучаснай архітэктуры: Музей Саламона Р.Гугенгайма (1956—59, арх. Ф.Л.Райт), аэравакзал кампаніі TWA у аэрапорце Дж.Кенэдзі (1962, арх. Э.Саарынен), Музей амер. мастацтва Уітні (1966, арх. М.Броер), Лінкальн-цэнтр, т-р «Вівіян Бомант» (1965, арх. Саарынен), «Метраполітэн-опера». Помнікі: статуя Свабоды (1886, скульпт. Ф.А.Бартальдзі, арх. Хант), арка Вашынгтона (1895, арх. Ч.Ф Мак-Кім, У.Мід, С.Уайт) і інш.
У Н.-Й. каля 90 ун-таў і каледжаў, у т. л.Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Фордхемскі (з 1841), Нью-Йоркскі гарадскі (з 1847) ун-ты, ун-т Ешыва (з 1886), каледжы Бруклінскі, Нью-Йоркскі гарадскі, Манхатанскі, Рычмандскі і інш. Сярод буйнейшых навук. устаноў Нью-Йоркская АН і Амер. акадэмія мастацтваў і л-ры. Буйнейшыя б-кі: Нью-Йоркская публічная, Калумбійскага ун-та, Б-каААН імя Д.Хамаршэльда і інш. Музеі: Метраполітэн-музей, сучаснага мастацтва, Музей Саламона Р.Гугенгайма, Амер. музей натуральнай гісторыі, Музей амер. мастацтва Уітні, Музей Н.-Й. і інш. Лінкальнаўскі цэнтр выканаўчых мастацтваў, у складзе якога Метраполітэн-опера, Нью-Йоркскі гарадскі балет, Нью-Йоркская філармонія, Джульярдская музычная школа (кансерваторыя), тэатр.б-ка, музей і інш. Тэатральныя трупы працуюць пераважна на Брадвеі. Працуе Нью-Йоркскі філарманічны аркестр. Буйнейшая канцэртная зала «Карнегі-хол».
Літ.:
Ирвинг В. История Нью-Йорка: Пер. с англ.М., 1968;
Иконников А.В. Нью-Йорк. Л., 1980.
Дзелавы цэнтр Нью-Йорка.Нью-Йорк. Цэнтральны парк у раёне Манхатан.Вісячы Бруклінскі мост у Нью-Йорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічнаяб-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,
краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.