ДЭТРО́ЙТ (Detroit),

горад у ЗША на пагранічнай з Канадай р. Дэтройт, паміж азёрамі Гурон і Эры, у штаце Мічыган. 1012,1 тыс. ж., з прыгарадамі 4,67 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, адзін з гал. партоў у сістэме Вялікіх азёр. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр ЗША. Найбуйнейшы ў краіне цэнтр аўтамаб. прам-сці (у Д. і яго прыгарадах знаходзяцца праўленні, н.-д. лабараторыі і гал. прадпрыемствы аўтамаб. манаполій «Джэнерал мотарс», «Форд мотар», «Крайслер»; трэць аўтамабіляў краіны збіраецца ў Д. і паблізу горада). З аўтабудаваннем звязаны інш. галіны прам-сці: чорная металургія, металаапр., прыладабуд. інстр., хім., гумаватэхн., шкляная, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання. Развіты таксама суднабуд., нафтаперапр., харч. прам-сць. Вытв-сць аўтабранятанк. тэхнікі. 3 ун-ты.

Засн. ў 1701 французамі як крэпасць і форт. У 1760 захоплены англічанамі, з 1796 у складзе ЗША. З 1802 горад, у 1812 часова захоплены англічанамі. У 1837—47 сталіца штата Мічыган. Інтэнсіўны рост Д. пачаўся пасля 1830 у сувязі з буд-вам Эры-канала (1827), адкрыццём рэгулярнага суднаходства на Вялікіх азёрах. Адзін з цэнтраў абаліцыянізму. Значны прыток эмігрантаў з Еўропы. З канца 19 ст. развівалася аўтамаб. прам-сць (у 1903 засн. кампанія «Форд мотар», у 1925 — «Крайслер»), У 1960-я г. адбыліся расавыя хваляванні (у Д. пражывае больш як палова чорнага насельніцтва штата Мічыган), у выніку цэнтр горада быў значна знішчаны.

У горадзе пераважае шахматная планіроўка, ёсць рысы і радыяльна-кальцавога плана (магістраль Гранд-бульвар; радыяльныя вуліцы, якія сыходзяцца ў парку Гранд-сёркус). Асн. пабудовы: Ратуша (1871), Публічная б-ка (1921—23, арх. К.Гілберт), Ін-т мастацтваў (1922—27, арх. П.Крэт, фрэскі Д.Рыверы, 1932—33); небаскроб Пенабскатбілдынг (1928), прамысл. комплекс «Крайслер» (1938, арх. А.Кан), канферэнц-зала Уэйнскага ун-та (1957—59) і будынак кампаніі «Рэйналдс металс» (1959, арх. М.Ямасакі), «Рэнесанс-Цэнтр» (1977, арх. Дж.Портман). Музеі: Ін-т мастацтваў (багатыя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва), Грынфілд-вілідж (музей амер. побыту), гісторыі аўтамабіля (у Дырбарне — прыгарадзе д.).

Дэтройт.
Да арт. Дэтройт. «Рэнесанс-Цэнтр». 1977.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)