КАЛЬБЕ́Р ((Colbert) Жан Батыст) (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),
французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл.Франц. акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),
прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх.правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг.правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),
гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР (?—945),
вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл.Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант.правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАДЫ́К (Махамед) (1880, Тэгеран — 5.3.1967),
іранскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права. Скончыў Лазанскі ун-т (Швейцарыя, 1914). З 1920 ген.-губернатар правінцый Фарс і Іранскі Азербайджан, на розных міністэрскіх пасадах. У 1925 пакінуў усе дзярж. пасады, пратэстуючы супраць абвяшчэння Рэза-шаха Пехлеві правіцелем Ірана. Пасля адрачэння Рэза-шаха (1941) вярнуўся ў палітыку, дэпутат меджліса (парламента) з 1944. У 1949 стварыў арг-цыю Нац. фронт, якая выступала за нацыяналізацыю Англа-іранскай нафтавай кампаніі (АІНК). Дамогся прыняцця ў сак. 1951 меджлісам закона аб нацыяналізацыі АІНК. З крас. 1951 прэм’ер-міністр Ірана. Ажыццявіў шэраг радыкальных рэформ, у выніку канфлікту вакол АІНК разарваў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1953 прымусіў шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, не згоднага з яго палітыкай, пакінуць Іран. 19.8.1953 скінуты ваеннымі і асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, потым пад хатнім арыштам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЛАС ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
сістэматызаваны збор геаграфічных картаў. Аб’яднаны агульнай назвай, выкананы па адзінай праграме сродкамі картаграфічнага адлюстравання ў форме цэласнага картаграфічнага твора. Назва дадзена фламандскім картографам Г.Меркатарам (збор картаў; 1595) у гонар Атласа, міфічнага караля Лівіі. Класіфікуюць атласы па тэр. ахопе — атласы геаграфічныя свету, асобных кантынентаў ці буйных частак, краін, асобных абласцей, правінцый і раёнаў, атласы гарадоў; па змесце — агульнагеаграфічныя, тэматычныя (геал., кліматычныя, сельскай гаспадаркі, прам-сці і г.д.); па прызначэнні — навукова-даведачныя, краязнаўчыя, вучэбныя, ваенныя, турысцкія, дарожныя і інш.; па фармаце — настольныя (сумарная пл. больш за 15 м²), сярэднефарматныя (пл. ад 6 да 14 м²), кішэнныя (пл. не больш за 5 м²). Атласы геаграфічныя могуць уключаць тэксты, табліцы, даведачна-статыстычныя звесткі. Першы сістэматызаваны збор картаў склаў стараж.-грэч. географ К.Пталамей (2 ст. нашай эры). Атлас «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» выдадзены ў 1958, вучэбны атлас — у 1990 (атлас «Беларуская ССР»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае размяшчэнне і тэр. арганізацыю насельніцтва, яго месца ў працэсе грамадскай вытв-сці і ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем. Цесна звязана з дэмаграфіяй, этнаграфіяй, сацыялогіяй.
Вылучаюць 2 асн. кірункі: даследаванне насельніцтва асобных краін і іх частак (правінцый, штатаў, абласцей, эканам. раёнаў) і даследаванне тэр. сістэм населеных месцаў з аналізам рэгіянальных адрозненняў у тыпах і формах рассялення. Вывучае рэгіянальныя адрозненні ва ўзнаўленні (натуральны рух) насельніцтва у яго дэмаграфічнай структуры, сацыяльны, этнічны склад, працоўныя рэсурсы і іх выкарыстанне, інтэнсіўнасць, склад і напрамак міграцый, шчыльнасць насельніцтва і тыпы засялення тэрыторыі, рэгіянальныя адрозненні ў спосабе жыцця, сувязь рассялення насельніцтва з размяшчэннем вытв. сіл. У адпаведнасці з гэтым фарміруюцца раздзелы геаграфіі насельніцтва: геаграфія паселішчаў, геаграфія працоўных рэсурсаў, геаграфія міграцый. Выкарыстоўвае метады статыстычнага, картаграфічнага, матэм. аналізу. Даследаванні па геаграфіі насельніцтва выкарыстоўваюць для тэр. планавання, паляпшэння тэр. арганізацыі насельніцтва і горадабудаўніцтва.