ФУЭ́РАС (ісп. fueros),
у сярэдневяковых дзяржавах Пірэнейскага п-ва збор законаў агульнага характару, што тычыліся ўсіх падданых каралеўства; хартыі феад. вольнасцей асобных правінцый, саслоўяў і родаў (існавалі і ў краінах Лац. Амерыкі); муніцыпальныя Ф. (самыя шматлікія) — нададзеныя (звычайна каралём) фіксаваныя правы, прывілеі і абавязкі жыхарам гар. і сельскіх абшчын. Асабліва пашыраны ў 11—13 ст., калі каралеўская ўлада, каб прыцягнуць людзей для засялення вызваленых у выніку Рэканкісты зямель, давала ім разнастайныя льготы. Да 14 ст. Ф. усіх тыпаў — асн. форма заканадаўства ў дзяржавах Пірэнейскага п-ва. У 14—15 ст. мясц. Ф. дзейнічалі паралельна з каралеўскімі зводамі законаў. У аб’яднанай Іспаніі з канца 15 — пач. 16 ст. страцілі сілу.
т. 16, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)