*Вісажа́р1, вісыжа́р ’назва сузор’яў’ (Бяльк.). Да весажо́р (гл.).

Вісажар2, вісыжа́р ’высокі чалавек’ (Яўс.), пераноснае экспрэсіўнае значэнне ад весажо́р. Магчыма, гэта кантамінаваная лексема (з высо́кі і рус. поджа́рый ’сухарлявы’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́нна1 ’гатунак груш’ (ТС, Мат. Гом.). З польск. panna ’тс’.

Па́нна2 ’касач жоўты, Iris pseudacorus L.’ (Бес.). Пераноснае значэнне ад панна < польск. panna ’дзяўчына’. Семантычную матывацыю гл. па́нка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звіндава́цца ’скурчыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Віндава́цца < польск. windować się ’цяжка ўздымацца’, адкуль, магчыма, пераноснае значэнне ’стаміўшыся, згарнуцца’, ’скурчыцца’. Прыклад «Чалавек звіндуецца, ледзь умейсціцца і ляжыць так» можна, аднак, зразумець і ў значэнні ’ўздымацца’. Гл. вінда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Басэ́тля1 ’кантрабас, віяланчэль’ (Нас., Касп., Шат., БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., слонім., Яруш., Гарэц., Мядзв.). Запазычанне з польск. basetla ’тс’ (< ням. Basset(t)el). Гл. Брукнер, 17; Кюнэ, Poln., 44.

Басэ́тля2 жарт. ’вялікая бочка’ (Сцяц.). Пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (адсюль, магчыма, скарачэннем ба́са ’бочка’, гл.).

Басэ́тля3 жарт., ’мажная жанчына’ (Сцяц.). Метафарычнае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (пераносна таксама ’вялікая бочка’).

Басэ́тля4 ’басота, басяк’ (Бяльк.). Магчыма, пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас, віяланчэль’, якое метафарычна ўжываецца і як ’вялікая бочка’, і як ’мажная жанчына’. Такі перанос тым больш верагодны, што фанетычна пачатак слова вельмі блізкі да басо́та ’басякі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаке́й ’лёкай’, лаке́йскі (ТСБМ), лаке́йські ’лёкаўскі’ (Бяльк.). Запазычана з рус. лакей (Крукоўскі, Уплыў, 74), якое праз гал. lakei ці ням. Lakai з франц. laquais ’тс’ (Фасмер, 2, 452). Сюды ж лакейнічаць, пераноснае лакей ’стаячы лучнік’ (Сл. паўн.-зах.), лакейства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыстро́міцца ’прыладзіцца, уладкавацца, прыстасавацца’, прыстро́млены ’прыладжаны да чаго-небудзь’ (Мат. Гом.), прыстро́м ’прымак’ (Мат. Маг.). Укр. пристроми́ти ’прыкалоць, прабіўшы чым-небудзь вострым (калом, дзідай і пад.)’. Да стром, стро́мкі, стрэ́мка (гл.). Беларускія словы маюць пераважна пераноснае значэнне ў параўнанні з украінскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нахра́пнік ’зацяжны дождж’ (Ян.). Тлумачыцца, як пераноснае ўжыванне, відаць, ад нахрапнік ’нахабнік’: Вот ужэ дождж, такі нахрапнік, погноіць усе (там жа, 212), параўн. рус. нахрапник ’бессаромны чалавек, нахабнік’; аднак не выключана, што ў аснове дзеяслоў накра́пваць ’патроху капаць’, ад кра́паць ’капаць, імжэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анана́с. Новае запазычанне з рус., дзе праз ням. ці франц., праз партуг. з тупі (Бразілія) anana (Крукоўскі, Уплыў 88; Фасмер, 1, 77; Шанскі, 1, А, 101–102). Пераноснае значэнне ’гатунак яблык’ на ўсх.-слав. глебе, магчыма, у выніку ўсячэння: ананасны яблыкананас.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прынцэ́са ’сукенка з шырокімі фальбонамі’ (віл., Жд. 3). Пераноснае з прынцэ́са ’тытул жонкі або дачкі прынца’, якое праз ням. Prinzessin з франц. princesse (Фасмер, 3, 365). Параўн. аналагічныя рус. дыял. принце́сса ’жаночая прыгожая доўгая сукенка (звычайна адразная, з расклёшанай ці складкаватай спадніцай, фальбонамі)’, принце́сс ’тс’, ’сукенкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луза́н ’спелы арэх, які сам вывальваецца з гранкі’ (ТСБМ, ТС), лузане́ц ’тс’ (Маш.; бялын., Янк. Мат.; ветк., Мат. Гом.), лу́занік ’тс’ (ТС), луза́нчык ’тс’ (Янк. 3.). Да луза́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ан‑ гл. Сцяцко (Афікс. наз., 26). Сюды ж пераноснае паводле падабенства луза́н ’здаровае, тоўстае дзіця’ (кір., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)