сукупнасць прадугледжаных крымінальным правам прыкмет, якія характарызуюць учыненае дзеянне як канкрэтны від злачынства; неабходная ўмова крымін. адказнасці. С.з. ствараюць 4 групы прыкмет, што адносяцца да аб’екта злачынства, аб’ектыўнага боку, суб’екта злачынства і суб’ектыўнага боку. С.з. вызначаны ў дыспазіцыях артыкулаў Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Агульныя для ўсіх С.з. прыкметы і палажэнні вызначаны таксама ў Агульнай частцы гэтага кодэкса. Аб’ект злачынства — на што накіравана пасяганне — вызначаецца месцам пэўнага артыкула ў сістэме Асаблівай часткі КК. Прыкметы суб’екта злачынства — узрост, з якога настае крымін. адказнасць, наяўнасць свядомасці — прадугледжаны ў артыкулах Агульнай часткі КК, спец. прыкметы суб’екта (службовая асоба, ваеннаслужачы і інш.) — у дыспазіцыі артыкула Асаблівай часткі КК. Прыкметы аб’ектыўнага боку злачынства — само дзеянне (бяздзеянне) і яго вынікі; суб’ектыўнага боку злачынства — форма віны, мэта, матыў — пазначаны ў дыспазіцыі артыкула, які прадугледжвае злачынства. Адсутнасць хоць бы адной з названых прыкмет сведчыць пра адсутнасць у дзеяннях пэўнай асобы С.з. і выключае крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́КАРАЎ Генадзь Барысавіч (н. 9.12.1931, г. Смаленск, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю ў Смаленску (1955). З 1956 працуе ў Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца драм., характарных роляў. Стварыў пераканаўчыя сцэн. вобразы сучаснікаў: Андрэй, Алег («У добры час!», «У пошуках радасці» В.Розава), Сеўка («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Цімур Зямны («Лейтэнанты» А.Пінчука) і інш. Адметнай характарнасцю, мяккім гумарам, пластычнай выразнасцю і сатыр. завостранасцю пазначаны яго пазнейшыя работы: Кукушкін, Рагулін («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К.Губарэвіча), Нічыпар («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Ермалай («Характары» паводле В.Шукшына), Вурм («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Мендоза («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана) і інш. Сярод інш. роляў: Дук («...Выратаваць хачу зямную прыгажосць...» паводле твораў А.Пушкіна), Бальшынцаў («Месяц у вёсцы» І.Тургенева), Антоніо («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Гжэгаж («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКЕ́ВІЧ Францішак (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ.ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ (Gomulicki) Віктар (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал. школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначанырамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАВУГО́ЛЬНІК,
замкнёная ламаная лінія. Звёны ламанай лініі наз. старанамі, а іх канцы — вяршынямі М. Утвараецца, калі n пунктаў A1, A2, ..., Anпаслядоўна злучыць адрэзкамі прамых A1A2, A2A3, ..., An-1An, AnA1. Прыклады М. — трохвугольнік, прамавугольнік, ромб.
М. наз. накіраваным, калі зададзены напрамак яго абходу (на кожнай старане пазначаны яе пачатак і канец, пры гэтым пачатак кожнай з іх супадае з канцом папярэдняй). М. наз. плоскім, калі ўсе яго вяршыні ляжаць на адной плоскасці. Плоскія М. бываюць саманеперасякальныя (кожная старана і вяршыня іх не маюць пунктаў, якія належаць да інш. старон і вяршыняў) і самаперасякальныя. Сума ўнутраных вуглоў любога саманеперасякальнага М. з n старанамі роўная n(n-2). Саманеперасякальны плоскі М. падзяляе пункты плоскасці, якой ён належыць, на ўнутраную і знешнюю часткі. Плоскія М. бываюць выпуклыя (любы адрэзак з канцамі цалкам належыць унутранай вобласці М.) і нявыпуклыя. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго стораны і ўнутраныя вуглы роўныя (напр., квадрат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.
А.М.Кулагін.
Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЖЫРО́ЎКА,
1) выпрабавальны тэрмін, на які прымаецца работнік для праверкі адпаведнасці яго даручанай рабоце і набыцця неабходных навыкаў. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. звычайна не павінна перавышаць 6 месяцаў, а пры прыёме на некваліфікаваную работу — двух тыдняў. Умовы аб выпрабаванні павінны быць пазначаны ў загадзе (распараджэнні) аб прыёме на работу. Калі тэрмін С. скончыўся, а работнік працягвае працаваць, лічыцца, што ён вытрымаў выпрабаванне і залічаны ў штат. С. не ўстанаўліваецца пры прыёме на работу інвалідаў і асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, а таксама маладых рабочых пасля заканчэння прафес.-тэхн.навуч. устаноў і маладых спецыялістаў пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў і ў некаторых інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.
2) Работа па спецыяльнасці на працягу пэўнага тэрміну (выпрабавальны стаж) для вызначэння магчымасці залічэння на штатную пасаду ў некаторых праваахоўных органах (пракуратуры, адвакатуры, судзе) і ў інш. арг-цыях, мастацкіх калектывах; С. маладых спецыялістаў і работнікаў НДІ і ВНУ для падрыхтоўкі іх да навук. або пед. дзейнасці, выкладчыкаў вышэйшай школы з мэтай павышэння іх кваліфікацыі (з магчымай камандзіроўкай іх за мяжу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РБУК Генадзь Міхайлавіч (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОК-О́ПЕРА (ад англ. rock + опера),
сцэнічна-музычны жанр. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых для оперы-буф, аперэты, мюзікла, часткова джаза. Вытокамі лічаць оперу Дж.Гершвіна «Поргі і Бес» (1935) і рэгтайм-оперы С.Джопліна (пач. 20 ст.). Далейшае развіццё набыла ў канцэптуальных альбомах некат. рок-груп 2-й пал. 1960-х г. («Муды Блюз», «Кінкс», «Бітлз)». Р.-о. папярэднічалі мюзіклы «Вестсайдская гісторыя» Л.Бернстайна (1957), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1964), «Валасы» Г.Макдэрмата (1967), «Томі» П.Таўшэнда (1970), «Годспел» С.Шуарца (1971). Першы ўзор уласна Р.-о. — «Ісус Хрыстос» — суперзорка» Э.Л.Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), які мае ўсе прыкметы оперы, але вакальныя партыі пазначаны выразнай рокавай стылістыкай. Да твораў гэтага жанру належаць «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.Райса (1987), «Мурашнік» М.Алашэўскага і М.Скаларскага, «Naga» групы аўтараў. У СССР сярод першых Р.-о. — «Арфей і Эўрыдыка» А.Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976) і ««Юнона» і «Авось»» (1981) А.Рыбнікава, «Стадыён» А.Градскага (1982). На Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
горад, цэнтр Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Гаражанка. За 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Гарадок на лініі Віцебск—Невель. 14,6 тыс.ж. (1995).
У летапісах 2-й пал. 13 ст. ўпамінаецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай паміж палачанамі і літ. войскамі на чале з Мінгайлам, у выніку якой Гарадок быў знішчаны. У 16 ст. ў Гарадку быў замак з 5 вежамі і магутнымі абарончымі валамі. На карце Т.Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1650 упамінаецца Ільінская царква. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 цэнтр Гарадоцкага павета, атрымаў статус горада і герб. У 1887 у Гарадку 23 прадпрыемствы, бальніца, царк.-прыходскае вучылішча, рамесная школа. У 1897 — 5023 ж. З 1924 цэнтр Гарадоцкага раёна. У 1939 — 7,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 10.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю разбурылі горад, у Гарадку і раёне загубілі 5084 чал. Вызвалены 24.12.1943 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі 1943. У 1959 было 7,6 тыс., у 1969 — 9 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цэх Полацкага аўтарамонтнага з-да, прадпрыемствы дрэваапр., лёгкай, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Цэнтр ганчарнага рамяства. Мемар. комплекс на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму.