ГА́РБУК (Генадзь Міхайлавіч) (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.​Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.​Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.​Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.​Горкага), Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.​Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.​Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)