вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.

2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.

3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.

•••

Вывернуць душупадзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́; -вёў, -вяла́, -вяло́; адвядзі́; зак., каго.

1. Ведучы, суправаджаючы, даставіць у якое-н. месца. Ён адвёў хлопца пад плот і пасадзіў на траве.

2. Перавесці (войскі і пад.) на іншую пазіцыю, перамясціць назад, у тыл. А. атрад на поўнач ад вёскі.

3. Завесці на некаторую адлегласць ад каго-, чаго-н. А. ўбок.

4. Адхіліць; змяніць напрамак руху чаго-н., накіраваць убок ад каго-, чаго-н. А. рукі. Думаюць, куды б а. ваду з поля.

5. Змяніць напрамак позірку, перастаўшы глядзець на што-н. А. вочы.

6. перан. Даць іншы кірунак, перавесці (увагу, думку і пад.) на што-н. іншае.

7. перан. Папярэдзіць што-н. небяспечнае, непрыемнае. А. небяспеку ад сваіх.

8. перан. Адхіліць што-н. неадпаведнае, непрыдатнае. А. кандыдатуру.

9. Даць у чыё-н. распараджэнне; прызначыць, выдзеліць для якой-н. мэты. Гасцінны гаспадар адвёў нам два пакойчыкі.

10. Надаць тое або іншае значэнне, вызначыць ролю, месца каму-, чаму-н.

11. Правесці, адчарціць. А. палі ў сшытку.

Адвесці вочы — хітруючы, адцягнуць чыю-н. увагу ад чаго-н.

Адвесці душупадзяліцца з кім-н. тым, што набалела; выказаць каму-н. свае патаемныя думкі; задаволіць якое-н. моцнае жаданне.

Вачэй не адвесці — аб чым-н. вельмі прыгожым, прывабным.

|| незак. адво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. адво́д, -у, М -дзе, м. і адвядзе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

таямні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны таямніцы (у 1 знач.), загадкава-незразумелы. Наўкола ляжалі абшары лесу, заўсёды такія ваб[н]ыя і таямнічыя. Шчарбатаў. Я думаў і думаю часта пра яшчэ адну таямнічую недарэчнасць жыцця: ну, дзе ён ходзіць і што ён марудзіць — той, каму так радасна было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай?.. Брыль. // Незразумелы, загадкавы (пра чалавека). Вясковы каваль Сымон Кушнер здаваўся Васілю нейкім таямнічым чалавекам, траха што не чарадзеем. Кулакоўскі.

2. Які стаіць па-за мяжой пазнання чалавекам; недасягальны, незвычайны. У нас сустракаюцца яшчэ людзі, якія вераць у «таямнічыя сілы». «Маладосць». // Які мае цудадзейную сілу. Калісьці цёмны чалавек верыў у таямнічую сілу слова-праклёну, слова-малітвы. Юрэвіч.

3. Які сведчыць пра наяўнасць таямніцы; які заключае ў сабе таямніцу (у 2 знач.). — А потым [Сцёпка] скаваў паміж рэчкаю і Гнілым балотам! — бабка Агапа гаварыла гэта таямнічым голасам. Колас. Чуліся нейкія таямнічыя, прыглушаныя гукі летняга вечара. Новікаў. Пры сустрэчы з калегам .. [Запольскі] надаваў свайму твару таямнічы выгляд і ціхенька апраўдваўся. Пальчэўскі. Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на твары [Малашкіна]. Пестрак.

4. Тайны, сакрэтны, што хаваецца ад іншых. Для [хлопцаў] гэта была таямнічая гульня, пра якую ніхто не павінен ведаць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, -да́м, -дасі́, -да́сць; -дадзі́м, -дасце́, -даду́ць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго-н. А. доўг. Што вінен, аддаць павінен (прыказка).

2. Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што-н. Сонца шчодра аддае цяпло.

3. Даць, перадаць што-н. каму-н. Салдат аддаў дзяўчынцы свой шынель, а сам узяў малога на рукі.

4. Перадаць што-н. каму-н. ва ўласнасць або на карыстанне. А. хату.

5. перан. Перадаць што-н., падзяліцца чым-н. А. вопыт і веды.

6. перан. Ахвяраваць кім-, чым-н. дзеля каго-, чаго-н. А. сілы, здароўе. Героі аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць Радзімы.

7. Не ўтрымаць, уступіць што-н. непрыяцелю ў барацьбе.

8. Патраціць час, працу, намаганні на што-н.

9. Здаць што-н. куды-н. для якой-н. мэты. А. бялізну ў пральню.

10. Накіраваць на службу, вучобу. А. у салдаты. А. у гімназію.

11. Выдаць замуж. А. дачку за сына спевака.

12. Прадаць (па якой-н. цане). Танна а.

13. Заплаціць за купленае. Дваццаць тысяч рублёў аддала.

14. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са знач. дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. А. загад. А. перавагу.

15. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка аддала прыкладам у плячо.

16. Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму-, чаму-н.

17. безас. Адазвацца болем у якой-н. частцы цела. Аддало ў спіну.

18. спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

Аддаць (богу) душу (разм.) — памерці.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго-н. на выбарах.

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць.

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, абараняючы каго-, што-н.

|| незак. аддава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́ (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

раздзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Падзяліць на часткі. Раздзяліць буханку на тры часткі. □ На бюро абкома вырашылі раздзяліць вобласць на зоны. Дзенісевіч. Бондар раздзяліў атрад і адбіты абоз на тры групы, з разлікам, каб яны памаглі пагарэльцам кожнай з трох вёсак. Навуменка. // Падзяліць на якія‑н. катэгорыі, разрады. [Князь:] — Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. Караткевіч.

2. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н., выдзеліўшы кожнаму адпаведную частку. Раздзяліць прадукцыю на некалькі дзён. □ [Кулік] раздзяліў усім нявольнікам па бульбіне, якая здавалася смачней за яечню. Гурскі. // Даць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; падзяліцца чым‑н. Раздзяліць абед з таварышам.

3. Падзяліць паміж кім‑н. агульную гаспадарку, маёмасць, даўшы магчымасць жыць і весці гаспадарку самастойна. — У цябе адзін [сын], а ў мяне двое.. Калі раздзялю хутар, дык абодва жабракамі будуць, — сказаў Макар. Асіпенка.

4. Знаходзячыся паміж кім‑, чым‑н., раз’яднаць. Рака раздзяліла гэтыя вобласці. // перан. Пазбавіць сувязі, зносін з кім‑н., зрабіць далёкімі, чужымі адзін другому, разлучыць. Хоць адкрытых канфліктаў між .. [Евай і Аўгіняй] і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Колас. — Бач, жыве наш Карп, ажыццяўляюцца яго думкі, яго імкненні. Значыць, смерць не раздзяліла нас... — Баранавіч глыбока і, як здалося Сітніку, гаротна ўздыхнуў. Дуброўскі.

5. Перажыць, зведаць што‑н. разам з кім‑н. Раздзяліць гора. Раздзяліць радасць з сябрамі. □ [Сакольнаму] раптам захацелася глянуць на Аню, на тую адзіную студэнтку, якая сёння раздзяліла з ім славу двоечніка. Кулакоўскі. // Прыняць удзел у чым‑н. разам з іншымі. Раздзяліць кампанію. □ Давядзецца раздзяліць з .. [жонкай] небяспечную долю. Новікаў. // Далучыцца да чаго‑н., выказаць сваё адзінадушша з кім‑н. Раздзяліць погляды сваіх таварышаў.

6. Зрабіць дзяленне (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць каму‑, чаму‑н. як уласнасць. Уласная гаспадарка. Уласная аўтамашына. □ Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку. Карпаў. // Які належыць каму‑н. разам з іншымі як члену якога‑н. калектыву, грамадства. Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы. Шакун. З таго часу, як [партызанскі] атрад пабудаваў свой уласны лагер, пры штабе стала працаваў трафейны радыёпрыёмнік. Брыль. // Звязаны сваяцкімі, прыязнымі і пад. адносінамі. [Ад’езд] радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Яму хацелася падзяліцца з .. інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў .. [Шмульке] нават ад сваёй уласнай палавіны. Лынькоў.

2. Свой, асабісты. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі. Бядуля. Лёс майго карабля — гэта ўласны мой лёс; быць на вахце — вышэйшы мой гонар. А. Вольскі. Шчаслівы час, калі прыходзіць роздум І ты ва ўладзе толькі ўласных дум. Тармола. // Уласцівы каму‑н. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора. Чорны. Верачка важна трымала Мікалая Пятровіча пад руку, ішла паволі, з пачуццём уласнай годнасці. Каршукоў. Вядзернікаў меў уласны погляд на рэчы. Радкевіч. // Які ідзе ад каго‑н. асабіста, які робіцца, ажыццяўляецца самім. [Сярго:] Азорыча я знаю асабіста: Калі ён там, дык не па ўласнай волі. Глебка. Спыніцца і моўчкі крыху пастаяць, Шчаслівым астацца за ўласную працу. Астрэйка. Лазебны — радыёаматар, і ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі. Шамякін.

3. Літаральны, сапраўдны. Ва ўласным сэнсе слова.

4. Спец. Уласцівы толькі каму‑, чаму‑н., без дамешак, без пабочных дабавак. Уласная вага цела.

•••

Уласнае імя гл. імя.

Уласны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Варыцца ва ўласным саку гл. верыцца.

На ўласныя вочы бачыць гл. бачыць.

На ўласныя вушы чуць гл. чуць.

Стаяць на ўласных нагах гл. стаяць.

Уласнымі сіламі гл. сіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца на самым канцы чаргі, шэрагу падобных прадметаў, з’яў. На апошняй платформе, хутаючыся ў каўнер кажуха, стаяў вартавы. Мележ. Зораў у апошні раз паспрабаваў адгаварыць Каленіка ад задуманага ім плана. Паслядовіч. Апошняму госцю лыжка ў качарэжніку. Прыказка. // Перадсмяротны. [Зарэччы:] Сябры, таварышы мае, Мой час апошні настае. Бачыла.

2. Адзіны, астатні. І мы не раз з табою ў бітвах Сухар апошні раздзяляла. Прыходзька. // Які падыходзіць к канцу, канчаецца. Сабраўшы апошнія сілы, плюнуў Васіль проста ў вочы палкоўніку. Лынькоў. // у знач. наз. апо́шняе, ‑яга, н. Тое адзінае, што засталося. [Туляга:] [Гарлахвацкі] шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца. Крапіва.

3. Які адбыўся непасрэдна перад чым‑н. Але гэта былі не апошнія словы развітання. Янкоўскі. // Які толькі што з’явіўся, самы новы. Апошнія паведамленне Апошняе дасягненне тэхнікі. Апошняя мода. □ Праходзяць суседзі і ціха пытаюцца Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія. Панчанка. Асабліва.. [Зоя] любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў і адчувала сябе шчасліваю. Грахоўскі. // Які толькі што мінуў (пра тэрмін, час). Гэта вада фактычна і была.. адзінай ежай [Мірона і Віктара] за апошнія суткі. Маўр.

4. Канчатковы, рашаючы, заключны. Апошняя цана. Апошняе слова. □ Ведаю — страт яшчэ будзе нямала І ў пераможным апошнім баі. Танк.

5. Вышэйшы, крайні. Апошні сродак. □ Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. Чорны.

6. Самы нязначны з усіх падобных; дрэнны. [Байсак:] — Калі я п’ю, я не чалавек тады, я апошняя жывёліна, без волі, без розуму. Лынькоў. // Непрыстойны (пра брыдкія словы). Узлавалася Юля на яблыньку, пачала яе лаяць апошнімі словамі. Якімовіч.

7. Гэты, толькі што названы. Стала відаць, хто што думае і хто чаго хоча, і хто сам не ведае, што яму думаць і чаго хацець. А гэткія, апошнія, таксама былі. Чорны.

•••

Апошні акорд гл. акорд.

(Апошні) крык моды гл. крык.

Апошні з магікан — апошні прадстаўнік чаго‑н.

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) гл. слова.

Апошняя гадзіна гл. гадзіна.

Апошняя дарога гл. дарога.

Да апошняга — поўнасцю, да канца, без астачы.

Да апошняга каліва гл. каліва.

Да апошняй капейкі гл. капейка.

Да апошняй кроплі (каплі) крыві гл. кропля.

Да (апошняй) ніткі гл. нітка.

З апошніх сіл гл. сіла.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні гл. першы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. адвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. адвядзі; зак., каго.

1. Ведучы, суправаджаючы, даставіць у якое‑н. месца. Мікола адвёў Даніка пад плот і пасадзіў на траве. Брыль. [Доктар:] — Пазней усе казалі, што яго [Зяму] туды [у стажок] адвяла і схавала Броня. Грахоўскі. // Перавесці (войскі і пад.) на другую пазіцыю, перамясціць назад, у тыл. [Перапечкін:] — Перадайце Паграбняку: атрад адвесці на поўнач ад вёскі. М. Ткачоў.

2. Завесці на некаторую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму, дзе і што рабіць. Колас.

3. Адхіліць; змяніць напрамак руху чаго‑н., накіраваць убок ад каго‑, чаго‑н. Зыбін легкадумны, вясёлы на тую пару, паспрабаваў абняць яе, але Жэня адвяла яго рукі. Мележ. Сонца ўжо схавалася за далёкім лесам.., а.. [аграном] ходзіць, думае, куды б гэту ваду адвесці з поля. Бялевіч. // Змяніць напрамак позірку, перастаўшы глядзець на што‑н. Здавалася, што калі хоць на момант адвядзеш вока, то машына абавязкова наскочыць на што-небудзь. Кулакоўскі. // перан. Даць іншы кірунак, перавесці (увагу, думку і пад.) на што‑н. іншае. Лапінка, каб адвесці ад Косціка ўвагу «брата Мішы», запрапанаваў яму заспяваць што-колечы. Брыль. // перан. Папярэдзіць што‑н. небяспечнае, непрыемнае. [Марына:] — Пайду сама. Тайком пайду. І можа ліха адвяду, Калі ёсць сэрца ў таго ката [Богута]. Колас. І спалохана ўзняліся з трыснягоў густых, з аеру Кнігаўкі, каб небяспеку Ад сваіх адвесці гнёзд. Танк.

4. перан. Адхіліць што‑н. неадпаведнае, непрыдатнае. Васіль Бусыга быў кандыдат У валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас.

5. Даць у чыё‑н. распараджэнне; прызначыць, выдзеліць для якой‑н. мэты. Гасцінны гаспадар адвёў два пакойчыкі Цэзарыю Гальвасу, а Блецька атабарыўся ў мураванай прыбудоўцы к дому. Чорны. Дык адвядзі [краіна] ім [сынам] пачэснае месца У кнігах, што пішуцца пра вайну, У кнігах пра нашу перамогу Песню складзі пра іх не адну. Куляшоў. // Надаць тое або іншае значэнне, вызначыць ролю, месца каму‑, чаму‑н.

6. Правесці, адчарціць. Адвесці палі ў сшытку.

•••

Адвесці вочы — хітруючы, адцягнуць чыю‑н. увагу ад чаго‑н.

Адвесці душупадзяліцца з кім‑н. тым, што набалела; выказаць каму‑н. свае патаемныя думкі; задаволіць якое‑н. моцнае жаданне.

Вачэй не адвесці — аб чым‑н. вельмі прыгожым, прывабныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. перадаў, ‑дала, ‑дало; зак.

1. каго-што. Аддаць, уручыць каму‑н. Перадаць дзіця на рукі мацеры. Перадаць запіску. Перадаць пасылку. □ — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць. Чорны. Калі падыходзілі ўжо да дому, Іван Міхайлавіч перадаў Сяргею сетку. Шахавец. — Ну, то хадзем наверх, да сакратара. Ты яму раскажаш усё і перадасі свой пратакол. Галавач. // што. Паслаць, падаць якім‑н. спосабам, з дапамогаю чаго‑н. Перадаць чарцёж па фотатэлеграфу. Перадаць электраэнергію запасной лініі. Перадаць шайбу нападаючым на правы край.

2. каго-што. Аддаць у чыё‑н. карыстанне. Ён [Уладан] магутнымі рукамі Горы, шахты і палі, Што бясконцымі вякамі Заняволены былі, Перадаў народу ў рукі. Грахоўскі. На поле прывялі другога парабка і загадалі Адасю перадаць яму коні. Чорны. // што. Уступіць свае правы каму‑н. Іх [рабочых калон] цвёрды закон — Перадаць над краінай Уладу Саветам. Глебка. Раманенка перадаў камандаванне танкам старшыне Ігнатаву, а сам застаўся ў вёсцы шукаць сям’ю. Шамякін. // што. Падзяліцца з іншымі сваімі ведамі, вопытам і пад. Перадаць свае веды моладзі. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

3. каго-што. Аддаць на разгляд каму‑н., накіраваць у наступную інстанцыю. Перадаць справу ў суд. □ Яна не памылілася.. Машына спынілася каля турмы. Немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Тыя абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, абшукалі па звычцы, і Ніна апынулася ў камеры. Мележ.

4. што. Паведаміць, расказаць, пераказаць каму‑н. пра пачутае, убачанае і г. д.; зрабіць што‑н. вядомым. Перадаць сенсацыйную навіну. □ Пятро не ўтрымаўся і сам перадаў пану сёе-тое з таго, што пачуў ад пастушка. Пальчэўскі. Зіна не ўтрымала сакрэту і перадала ўсім. Кавалёў. // што і з дадан. сказам. Давесці да ведама чыю‑н. просьбу, даручэнне, паўтараючы сказанае. Перадаць прывітанне. Перадаць падзяку. □ Бывай здаровенька!.. Бывай! Бацькам паклон мой перадай... Колас. — Перадай Валі, каб кідала ўсё і перабіралася да нас. Якімовіч. [Мікола:] — Перадайце, што жыву нядрэнна, сумаваць няма калі, работы процьма. Краўчанка. // што. Правільна сфармуляваць сутнасць чаго‑н., пераказаць сваімі словамі змест чаго‑н. Перадаць асноўную думку аўтара. Перадаць змест апавядання.

5. што. Адлюстраваць, выразіць што‑н. якімі‑н. сродкамі. Пісьменнік здолеў характэрнае для кожнага вобраза перадаць трапным, самабытным словам. Юрэвіч. Раскажы пра цуды-верфі, Пра каралавую гаць, Каб я мог у звонкіх вершах Усё, што скажаш, перадаць. Таўбін.

6. што. Распаўсюдзіць, давесці да ведама якім‑н. спосабам. Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца. Колас. У хату ўвайшоў пасыльны і перадаў салдатам загад — збірацца. Прокша. // што. Распаўсюдзіць сродкамі тэхнічнай сувязі. Перадаць канцэрт па тэлебачанню. Перадаць загад па селектары.

7. што. Распаўсюдзіць на каго‑н. якія‑н. якасці, прыкметы. Перадаць сваю ўпэўненасць прысутным. □ Дажджлівы жнівень мала таго, што затрымаў даспяванне збажыны, дык ён перадаў яшчэ сваю плаксівасць верасню. Пальчэўскі.

8. што, чаго і без дап. Даць, аддаць чаго‑н. больш, чым трэба; перабавіць. Перадаць лішнія пяць рублёў пры разліку. □ — Даволі гуляць — молат з напільнікам чакаюць. — Або не пачакаюць яшчэ які тыдзень? — Не магу без працы. Нябось сам і хвіліны не перадасі на гульню... Гартны.

9. Разм. Перайсці меру ў чым‑н., перастарацца. [Саладуха:] — Што ты ад яго хочаш, выхадны дзень, няхай крыху адпачне. [Высоцкі:] — Не вельмі ён перадаў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)