аблі́ць сов.

1. обли́ть;

а. насто́льнік чарні́лам — обли́ть ска́терть черни́лами;

2. (сразу со всех сторон) окати́ть, обда́ть, обли́ть;

хало́днай вадо́й а. — холо́дной водо́й окати́ть (обли́ть)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

памяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Аддаць адзін прадмет, атрымаўшы ўзамен яго іншы. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік. Якімовіч. [Дзед:] — Памяняй свой тавар вось у гэтай вёсцы ды кіруй да маці. Асіпенка. // Замяніць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н. другім. Прыбрала я ўчора пакой. Памыла падлогу. Так ужо вышаравала, проста як новая. Бялізну на ложках памяняла, заслала пасцелі прасцірадламі. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце; зак., што.

1. Пакрыць тканым узорам. Заткаць настольнік арнаментам. // перан. Заплесці, зацягнуць густой сеткай чаго‑н. Павук заткаў вугал павуцінай. // перан. Пакрыць сабой, схаваць пад сабой. Тонкія белыя воблачкі заткалі сонца і самі наскрозь пачырванелі. Хомчанка. Цягучая цемень ночы заткала месячык у небе. Нікановіч.

2. Паставіўшы кросны, крыху паткаць, праткаць вузкую палоску. Загнаць кросны.

3. у што. Увесці ткучы; уткаць. Заткаць чырвоную нітку ў бераг.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

cloth

[klɔӨ]

1.

n.

1) сукно́ n., ткані́на, матэ́рыя f., палатно́ n.

a dish cloth — ану́чка для по́суду

a table cloth — насто́льнікm., абру́с -а́ m.

2) ры́зы pl.

man of the cloth — духо́вая асо́ба

2.

adj.

палатня́ны, зро́блены з матэ́рыі

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Ру́савы дзед ’дух жытняга поля’ (гродз. Цых.). Звязана з чэш. roousy ’доўгія ўскудлачаныя валасы’, балг. ру́си ’валасы’, славен. rȗse ’вусы’, Rusa ’міфічная істота’, серб.-харв. beli Rus ’метэаралагічны дэман’, харв. rȕsina ’коцікі (на бярозе, вярбе); махры’ з няясным, паводле Скока (3, 130) u, у аснове якіх прасл. *rus‑ са значэннем ’бухматы, махровы’, што адлюстроўвае прадуктыўную магію (Цыхун, БЛ, 57, 120–122). Махэк₂ (519), Бязлай (Eseji, 152) далучаюць сюды славац. obrus, чэш. ubrus, славен. obrus, ubrȗs, серб.-харв. у̀бру, балг. дыял. убру́с, укр. убру́с, бел. абру́снастольнік, рушнік з махрамі’ якія лічаць вытворнымі ад *rusati ’рабіць махры на палатне’. Магчыма, звязана з палес. руса́ўка ’жанчына з непрыбранымі валасамі’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аблі́ць, абалью́, абалье́ш, абалье́; абальём, абальяце́, абалью́ць і аблію́, абліе́ш, абліе́; абліём, абліяце́, аблію́ць; аблі́ў, -ліла́, -ліло́; аблі́; аблі́ты; зак., каго-што.

1. Намачыць, разліўшы што-н.

А. настольнік супам.

2. Абдаць, паліць чым-н. з усіх бакоў ці зверху.

А. варам сечку.

3. перан. Ахапіць, напоўніць (святлом, пахам і пад.).

Сонца абліло двор святлом.

Абліць граззю (памыямі) каго (разм., неадабр.) — незаслужана зняважыць, абняславіць.

Як халоднай вадой абліць — збянтэжыць, астудзіць чый-н. запал.

|| незак. абліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. абліва́нне, -я, н.

|| звар. аблі́цца, абалью́ся, абалье́шся, абалье́цца; абальёмся, абальяце́ся, абалью́цца і аблію́ся, абліе́шся, абліе́цца; абліёмся, абліяце́ся, аблію́цца; аблі́ўся, -ліла́ся, -ліло́ся; аблі́ся; незак. абліва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

А. слязамі (горка плакаць). Сэрца кроўю абліваецца (перан.: пра вялікае гора, пачуццё спагады да каго-н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аблі́ць, абалью, абальеш, абалье; абальём, абальяце і аблію, абліеш, абліе; абліём, абліяце; заг. аблі; зак., каго-што.

1. Намачыць, разліўшы што‑н. Абліць настольнік чарнілам. // Абдаць, паліць чым‑н. з усіх бакоў ці зверху. [Барташэвіч:] — З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк.

2. перан. Ахапіць, абдаць, напоўніць (святлом, пахам і пад.). Гарачае сонца прыветна пазірала, з неба на горад і роўна грэла і аблівала сваім цяплом і святлом. Колас.

•••

Абліць памыямі (граззю) — незаслужана зняважыць, абняславіць каго‑н.

Як халоднай вадой абліць — збянтэжыць, астудзіць чый‑н. запал.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засла́ць 1, ‑шлю, ‑шлеш, ‑шле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што і чаго.

Разм.

1. Адправіць, пераслаць куды‑н., каму‑н. Кірыл сказаў да матушкі ціха: — Зашлі ты.. [жонцы Каваля] цераз Параску чаго. Колас. // Патаемна пераправіць, даставіць куды‑н. Заслаць лазутчыка.

2. Паслаць, саслаць куды‑н. далёка. Заслаць на край свету.

засла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; што.

1. Пакрыць якую‑н. паверхню чым‑н. Заслаць ложак. □ Бабка Параска .. дастала свой чысты настольнік і заслала стол. Колас.

2. Пакрыць, завалачы сабой (пра хмары, туман, слёзы і пад.). Шэрань заслала палі, схавала абрысы ўзгоркаў і пералескаў, ахутала бярозавыя гаі і прысады ля дарог. Хадкевіч. Мутная імгла заслала старэчыя вочы дзеда Кандрата. Пестрак. / у безас. ужыв. Родны бераг імглою заслала. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБРУ́С, настольнік,

настольніца, тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.

В.Я.Фадзеева.

Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.
Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.
Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.

2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.

3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)