галіна харчовай прамысловасці. Ажыццяўляе перапрацоўку рознай сыравіны расліннага і жывёльнага паходжання (агародніны, садавіны, ягад, грыбоў, малака, мяса, рыбы) у паўфабрыкаты і гатовыя да спажывання харч. прадукты, пераважна ў герметычнай тары. У залежнасці ад зыходнай сыравіны вылучаюць пладова-агароднінакансервавую, малочна-, мяса- і рыбакансервавую (рыбную) прам-сць.
Узнікла К.п. у пач. 19 ст. Развіта ў многіх краінах свету, найб. у ЗША, Германіі, Расіі. Францыі, Украіне, Вялікабрытаніі. У свеце пераважае вытв-сць агароднінных і пладова-агароднінных кансерваў. Мясных кансерваў найб. вырабляецца ў ЗША і Германіі, рыбных — у ЗША, Расіі, Японіі.
На Беларусі выраб кансерваў пачаты ў 1915 у Віцебску. На пач. 1997 было больш за 60 прадпрыемстваў, спецыялізаваных на вырабе розных відаў кансерваў. Пераважаюць пладова-агароднінакансервавыя прадпрыемствы (51). Найбольшыя: Глыбоцкі і Рагачоўскі малочнакансервавыя камбінаты, Аршанскі, Баранавіцкі і Бярозаўскі мясакансервавыя камбінаты, Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Ганцавіцкі эксперым. кансервава-агароднінасушыльны камбінат, Кобрынскі, Слуцкі, Полацкі, Барысаўскі, Глыбоцкі, Клецкі, Мінскі, Ляхавіцкі, Гарынскі, Бабруйскі, Гомельскі, Рэчыцкі кансервавыя і пладовакансервавыя з-ды. Па выпуску прадуктаў дзіцячага харчавання спецыялізуюцца Клецкі кансервавы завод і сумеснае прадпрыемства «Беллакт» у Ваўкавыску. Перапрацоўку рыбы ўласных вадаёмаў і марской ажыццяўляюць Мінскае доследнае рыбаперапрацоўчае комплекснае прадпрыемства, рыбазаводы ў Полацку, Нарачы, Браславе. Агульная вытв-сць кансерваў на Беларусі ў 1996 склала 317,4 млн. ўмоўных бляшанак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ,
горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс.ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял.Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс.ж. у 1959, 11,9 тыс.ж. у 1970.
Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавыз-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНАЕ,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Уша, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна; чыг. ст. (Уша) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 57 км ад Мінска. 3273 ж., 1216 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкі двор пад назвай Краснае Сяло. У 1486 мястэчка, дзе да 1500 засн. касцёл. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. цэнтр павета, да 1793 цэнтр староства Менскага ваяв. У 1765 у мястэчку 58 двароў, касцёл, карчма. З 1793 у Рас імперыі, у 19 ст. мястэчка Вілейскага пав. Мінскай губ. У 1897 у мястэчку 1019 ж., 152 двары, царква, 2 школы, нар. вучылішча, пошта, фельч. пункт, 22 крамы, 8 корчмаў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. З 1939 у БССР, у Радашковіцкім р-не Вілейскай вобл., у 1940—54 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну 5.3.1943 ням.-фаш. захопнікі расстралялі тут 2000 сав. грамадзян, загубілі 800 сав. ваеннапалонных. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета Радашковіцкага, з 1960 Маладзечанскага р-наў. У 1972—2989 ж., 611 двароў.
Кансервавыз-д, ільнозавод, цэх плёначных вырабаў Мінскага з-да «Белпласт», вытв. ўчасткі Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў і лясгаса, прамысл. і хім. базы. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква хрысціян веры евангельскай. Помнікі воінам-вызваліцелям, сав. танкістам, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магіла ахвяр фашызму, сав. ваеннапалонных, брацкія магілы сав. воінаў, партызан. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (1889), Красненскі касцёл Ушэсця Дзевы Марыі. На Пд ад вёскі гарадзішча ранняга жал. веку, на ПдЗ — гарадзішча эпохі феадалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦК,
горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс.ж. (1998).
З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст. горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.Глінскім (гл.Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.
Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,
на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс.км². Нас. 51,2 тыс.чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-растудз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр.Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр.Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш.Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс.га, з іх асушана 33,5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.
Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавыз-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ножм. Mésser n -s, -; Schnéide f -, -n (рэзальнаячасткаінструментаў);
кансе́рвавы нож Bǘchsenöffner m -s, -, Dósenöffner m -s, -;
◊
нож у сэ́рца ein Stich [ein Stoß] ins Herz;
падступі́цца дакаго-н.з нажо́м да го́рлаj-m das Mésser an die Kéhle setzen;
быць зкім-н.на нажа́хразм. bis aufs Mésser j-m feind sein; j-m spínnefeind sein;
нож у спі́ну ein Dólchstoß in den Rücken;
паме́рці пад нажо́м während der Operatión stérben*;
без нажа́ зарэ́заць≅ das ist der réinste Mord
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
КО́БРЫН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс.ж. (1998).
Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял.кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.В.Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-тКПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. З вер. 1939 у Брэсцкай вобл.БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.В.Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НЫ,
горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.