СТЭ́ЙНБЕК (Steinbeck) Джон Эрнст (27.2.1902, г. Салінас, ЗША — 20.12.1968),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Станфардскім ун-це. Шмат падарожнічаў, працаваў журналістам. У ранніх раманах «Залатая чаша» (1929), «Невядомаму богу» (1933), «Квартал Тартылья-Флэт» (1935), цыкле апавяд. «Райская паша» (1932), зб. навел «Доўгая даліна» (1938) рамант. тэндэнцыі. Сац. праблематыка ў рамане «Бітва з няпэўным зыходам» (1936) і аповесці «Пра мышэй і людзей» (1937). Вяршыня яго творчасці — раман «Гронкі гневу» (1939, экранізаваны ў 1940) пра лёс даведзеных да галечы фермераў, якія вандруюць па краіне ў пошуках працы; праз пакуты і нястачы героі ўсведамляюць сябе часцінкай абяздоленага народа. Ваен. і антыфаш. тэматыка ў кн. нарысаў «Бомбы ўніз» і аповесці «Месяц зайшоў» (абедзве 1942). У пасляваен. творчасці С. (раманы «Кансервавы рад», 1945; «Аўтобус, які заблудзіў», 1947; «Добры чацвер», 1954; аповесць «Жамчужына», 1947) вылучаецца філас. раман «На ўсходзе ад раю» (1952, экранізаваны ў 1955), у якім сцвярджаецца думка пра здольнасць чалавека перамагчы зло ў сабе і дасягнуць любых духоўных вышынь. Аўтар эпахальнага рамана «Зіма трывогі нашай» (1961), які ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека спрыяў новаму ўздыму амер. л-ры. Кн. нарысаў «Падарожжа з Чарлі ў пошуках Амерыкі» (1962) — даследаванне маральна-грамадскага клімату ЗША. На бел. мову яго раман «Гронкі гневу» пераклаў С.Дорскі. Нобелеўская прэмія 1962.
Тв.:
Бел.пер. — Гронкі гневу. Мн., 1993;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1988;
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1989.
Літ.:
Мулярчик А.С. Творчество Джона Стейнбека. М., 1963;
Батурин С.С. Джон Стейнбек и традиции американской литературы. М., 1984.