Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ззяць1 ’быць адкрытым (пра адтуліну)’. Рус. зия́ть, укр. зя́яти, зія́ти ’тс’; польск. ziać ’цяжка дыхаць’, ’ззяць’, чэш. zeti, záti ’ззяць, глядзець’, славац. ziať ’ззяць, адкрыць рот (пра жывёл)’, славен. zijáti ’трымаць рот адкрытым, крычаць’, серб.-харв. зѝјати ’тупа глядзець, пазяхаць’, ’мець вялікую адтуліну’, балг. зѐя ’быць адкрытым (аб дзвярах, труне, ране)’, макед. зјае ’быць адкрытым’. Ст.-слав. зиꙗти. Ст.-рус. зияти ’раскрывацца; раскрываць вусны’. Прасл. zьj‑a‑ti < zĭi̯‑a‑, адна з умлаўтных форм і.-е *gʼhei‑ ’быць пустым’, літ. žióti ’раскрываць рот’, лат. žavât ’тс’, ст.-інд. vi‑haya ’пустата’, лац. hio, ст.-в.-ням. geinōn, ginen ’ззяю’, грэч. χαίνω, χάσκω ’ззяю, пазяхаю’. Фасмер, 2, 98; Шанскі 2, З, 93; БЕР, 1, 638; Скок, 3, 656; Махэк₂, 711; Траўтман, 368; Покарны I, 419 (без слав. прыкладаў). Гл. зяваць.

Ззяць2 ’ярка свяціць’. Рус. сия́ть, перм., вят., свярдл., табол., том. зьять, зья́яти, зия́ть, укр. ся́яти, ся́ти ’тс’, славен. sijati, серб.-харв. сѝјати, sjȁti, балг. сия́я. Ст.-слав. сиꙗти. Ст.-рус. сияти. Бел. (і рус. дыял.) форма мае звонкае з замест этымалагічнага c, верагодна, пад уплывам ззяць1, у выніку кантамінацыі (’быць адкрытым’ ’свяціць’). Параўн. зіхацець і зяхаць. Прасл. sьjati < sĭi̯‑a‑ належыць, відавочна, да і.-е. *skʼĩ‑ (і інш.) ’ясны; цень’, адкуль і sěnь (гл. сенцы); лат. seja ’цень, адлюстраванне, твар’ (?), гоц. skeirs ’ясны’, skeinan ’свяціць, блішчаць’, ням. scheinen ’тс’, ст.-грэч. σκιά ’цень’. Фасмер, 3, 629–630; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 300; Скок, 247–248; Траўтман, 304; Мюленбах-Эндзелін, 3, 96; Покарны, 1, 917–918.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

страля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Рабіць выстралы. [Чырвонаармеец] увесь час трымаў вінтоўку так, што ў кожны момант мог страляць. Чорны. Камендант падымаецца і страляе ў той бок, куды пабег Максім. Козел. Хлопцы ўскочылі, прабеглі колькі метраў, пасля пападалі, пачалі страляць. Новікаў. // Умець карыстацца агнястрэльнай зброяй. Партызанскае жыццё, дарогі ды сцежкі да Гомеля, хітрасці, як падмануць немцаў і паліцаяў, — вось што .. [Валя] ўведала за два гады вайны. Ды страляць навучылася. І ненавідзець. Шамякін. / Пра пуск стрэл, камянёў з лука, прашчы і пад. Алёшка так налаўчыўся страляць з .. [рагулькі], што любую шышку збіваў. Якімовіч. // Дзейнічаць (пра агнястрэльную зброю). Але як-ніяк .. [стрэльба] магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Лынькоў.

2. каго. Расстрэльваць, забіваць з агнястрэльнай зброі. Была ноч, як у астрозе .. [Юра] даведаўся, што яго будуць страляць. Чорны.

3. перан. Утвараць прарэзлівыя адрывістыя гукі, падобныя на выстралы. У клубе бялелі вокны. Там дзесьці страляў рухавічок. Пыхкаў, ляскатаў, — меліся пускаць кіно. Пташнікаў. У рэдкай цішыні шумеў цягнік, а чыстай раніцаю, днём раптам пачынаў страляць матацыкл і ляскала кузавам машына, мусіць, перавальваючыся па калдобінах. Адамчык. І вось надарыцца часамі Мароз над усімі маразамі; Ідзе сярдзіта, пагражае, Па даху гонтамі страляе. Колас. / Пра агонь, касцёр і пад. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. [Вара] наладжвала вісячую лямпу, якая нешта дрэнна гарэла, страляла іскрамі і дымілася. Кулакоўскі. // чым. Ляскаць чым‑н., утвараючы адрывістыя гукі. Пастушок Сярожка ад узрушання «страляў» сваёй пляцёнкай-пугай. Краўчанка.

4. безас. Разм. Калоць (пра адчуванне вострага, пранізлівага болю). У вушах страляе.

5. Разм. Імкліва адскокваць, уцякаць. І гэты пошчак [пішучых машынак] чамусьці выклікаў у Міколавым уяўленні квяцісты сонечны луг і конікаў, што страляюць з-пад ног у розныя бакі. Гаўрылкін.

6. перан. Разм. Выпрошваць што‑н. у каго‑н. Страляць папяросы.

7. перан. Разм. Імкнуцца выклікаць прыхільнасць; заляцацца да каго‑н. [Кулік:] — Яна ж [Юзэфа] за Зарэмбам, інжынерам маслазавода, страляла .. — Ведала, што цябе не ўтрымае... Гурскі.

•••

Варон страляць — не заўважаць таго, што трэба; зяваць. [Маці:] — Ды варон не страляй, кругом прыглядайся, каб дзе пад машыну не трапіў. Якімовіч.

Страляць вачамі (вачыма) — а) кідаць хуткія позіркі на каго‑н.; выглядваць што‑н. Смык, цыбаты, даўгашыі, выходзіць да карты і пачынае плаваць туды-сюды, страляе па класе вачамі, падміргвае, каб падказалі. Сяркоў; б) какетліва паглядаць на каго‑н. Зоя з Валодзем пачалі паміж сабою горача спрачацца, перабіваць адно аднаго. Пры гэтым так шчасліва стралялі вачыма, што .. [Мая Антонаўка] ім пазайздросціла. Карпюк.

Страляць з гарматы па вераб’ях — аб залішняй траце сіл, сродкаў для дасягнення нязначнай мэты.

Хоць (у лоб) страляй — што ні рабі, што ні кажы (пра ўпартага чалавека). [Хрысціна:] — І Нічыпар колькі разоў пісаў і цяпер піша: прыязджай і прыязджай. А ты ўпёрся, як бык натурлівы, і хоць табе ў лоб страляй... Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)