прыглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць менш чутным, гучным. У адну секунду Алёшка быў на волі і бег, запыхаўшыся, .. паўз тратуар, каб мяккай зямлёй прыглушыць цяжкія ўдары ног. Лынькоў. Той майскі дождж — колькі ён ратаваў добрых людзей! Прыглушыў шум крокаў, змыў сляды. Шамякін. // Паслабіць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Непрыкметна падкаціўшы .. [«Кацюшу»], артылерысты ва ўпор прыглушылі нахабніка [бранявік]. Брыль. Добры мой шафёр, Я прашу ад сэрца, Прыглушы матор, Хай ён так не рвецца. Пушча. Ад’ехаўшы крыху, Бронік прыглушыў радыёпрыёмнік, цішэй зрабіў музыку і спытаў цераз плячо: — Далёка крочым, дзеду? Ракітны.

2. перан.; што. Прымусіць аслабнуць, зменшыцца; стрымаць (пачуццё, адчуванне). Чытаў суткамі, нібы хацеў прыглушыць каханне да сваёй Валі, якое, я ведаў цяпер добра, жыло ва мне. Гаўрылкін. І мы чакалі, злавалі і лаялі сябра, каб хоць крыху прыглушыць голад. Асіпенка.

3. перан.; каго-што. Разм. Не даць магчымасці праяўляцца, развівацца каму‑, чаму‑н. Прыглушыць ініцыятыву. □ Новы рытм семінарскага жыцця прыглушыла нямецкая акупацыя. С. Александровіч.

4. каго. Выклікаць страту прытомнасці (ударам, паветранай хваляй і пад.). Мужчыны, вартаўнікі, прыглушылі .. [зачумленага] дручкамі і закапалі амаль жывога. Брыль. // Забіць, знішчыць каго‑, што‑н. Надвячоркам нехта прыглушыў двух немцаў. Адамчык. // перан. Выклікаць пасіўнасць, абыякавасць. Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. Чорны.

5. што. Разм. Патушыць, пагасіць. Займаўся дзень, калі мы прыглушылі апошнія ўспышкі агню. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)