КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ
— адзін з самых развітых, рэпрэзентатыўных відаў вусна-паэт. творчасці народа. Яна суправаджала духоўнае жыццё і працу земляроба на працягу ўсяго года. Сімвалічныя паводле сэнсу каляндарныя абрады, песні, прыкметы і павер’і з’яўляліся своеасаблівымі каардынатамі жыцця традыцыйнага грамадства, яго працоўнай дзейнасці. У каляндарна-абрадавым фальклоры арганічна ўвасоблены светапогляд народа, яго маральна-этычныя ідэалы, менталітэт. Генетычныя вытокі каляндарна-абрадавай творчасці ў перыядзе індаеўрапейскай супольнасці і часткова неаліце. Назіранні стараж. чалавека за гадавым кругаваротам у прыродзе склаліся ў сістэму міфапаэтычных поглядаў, якія ўвасобіліся ў абрады, рытуалы і песні. Фарміраваўся бел. абрадавы фальклор ужо на ўзроўні этнаплемянной культуры. За час станаўлення бел. народнасці ён дасягнуў вяршыні свайго развіцця. Каляндарна-абрадавая паэзія ў залежнасці ад сезонных перыядаў падзяляецца на веснавы, летні, восеньскі і зімовы цыклы.
Веснавы цыкл пачынаўся абрадамі, песнямі і ігрышчамі т.зв. сырнага тыдня з яго магічнай мэтавай устаноўкай праводзін зімы і набліжэння вясны. Рытуалы і вербальнае суправаджэнне Масленіцы характарызавалася дынамічнасцю, песенныя мелодыі сведчылі пра прыналежнасць фалькл.-этнагр. комплексу масленічнага тыдня да веснавога цыкла. Асобную разнавіднасць веснавой абраднасці і песеннай культуры складалі магічныя абрады і песні заклікання вясны, песні-заклічкі (вяснянкі). Вяршыня паэт. культуры беларусаў у веснавым цыкле — песні валачобнікаў. Асаблівасць веснавога каляндарнага перыяду — песні і абрады веснавой талакі. Да гэтага цыкла належаць юраўскія абрады і песні, функцыянальна скіраваныя на захаванне статка ад памору і драпежных звяроў, а таксама на забеспячэнне ўрадлівасці нівы; куставыя і русальныя абрады з іх песнямі. Культ расліннасці і культ продкаў, каханне і шлюб, узаемаадносіны нявесткі і свекрыві — асноўныя матывы траецкіх (сёмушных) песень, якія завяршалі веснавы цыкл.
Летні цыкл каляндарнага фальклору адлюстраваў клопат пра захаванне ўраджаю. Сярод нар. паэзіі гэтага перыяду вылучаецца этапны ў гадавым кругавароце абрад Купалля і яго песні, што функцыяльнальна былі скіраваны на магічную ахову палеткаў і гаспадаркі ад ірацыянальных сіл, перадавалі радасць моладзі з выпадку свята ў гонар летняга сонцастаяння, росквіту жыватворных сіл зямлі. Многія песні Купалля мелі гумарыстычную афарбоўку. У пятроўскіх песнях паэтычна ўвасоблены вобразы закаханых, прыгажосць прыроды. Тэматычна разнастайныя жніўныя песні, якія ўслаўлялі жней, поле, багаты ўраджай; перадавалі атмасферу цяжкай працы, сац. ўзаемаадносіны. Да летняга перыяду адносяцца таксама працоўна-магічныя паводле функцыянальнасці абрады пакрывання поля, зажынак, дажынак. Паэтычна-вобразным багаццем вылучыліся песні жніўнай талакі, дажынкавыя песні.
Восеньскі цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі ўключае ярынныя песні, або «яравое жніво», якія спявалі пры ўборцы яравых, ільняныя і канапляныя песні. Невялікая група паэт.-музычных твораў выконвалася пры збіранні ягад, грыбоў, арэхаў. У часавых рамках восеньскай каляндарнай лірыкі развілася нізка песень праводзін навабранцаў у войска.
Зімовы цыкл пачынаўся піліпаўскімі песнямі, што суправаджалі калектыўнае прадзіва. Ядро цыкла склалі аграрныя абрады Каляд і іх песні, якія былі закліканы прэвентыўна садзейнічаць ураджаю і дабрабыту ў гаспадарцы. Асноўнае месца сярод песень каляднай абраднасці займалі калядкі і шчадроўкі. Вечарам першага дня Каляд абрадавыя гурты хлопцаў і мужчын выконвалі вітальна-віншавальныя песні-калядкі. У навагоднюю ноч (на шчадрэц) гурты пераважна дзяўчат і жанчын рабілі абрадавыя абыходы двароў са спяваннем рытуальных песень-шчадровак.
Фалькл.-этнагр. комплексы ўсіх каляндарна-абрадавых цыклаў уключалі таксама рытуалы памінання продкаў. Жанравая сістэма бел. каляндарна-абрадавага фальклору налічвае больш за 25 песенных разнавіднасцей; яна выдатна распрацавана, добра захавалася. Асобныя жанравыя падвіды абрадавай паэзіі існуюць і ў наш час. Іншыя набылі рэкрэацыйную форму ўжытку. Выйшлі тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Жніўныя песні» (1974, укладальнікі А.Ліс, В.Ялатаў), «Зімовыя песні. Калядкі і шчадроўкі» (1975, укладальнікі А.Гурскі, З.Мажэйка), «Веснавыя песні» (1979 і «Валачобныя песні» (1980, укладальнікі абодвух Г.Барташэвіч, Л.Салавей, В.Ялатаў), «Восеньскія і талочныя песні» (1981, укладальнікі А.Ліс, С.Асташэвіч, В.Ялатаў), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985, укладальнікі А.Ліс, С.Асташэвіч, Г.Таўлай).
А.С.Ліс.
т. 18, кн. 2, с. 588