ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Чувашыі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.​Сахарава), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.​Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.​Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.

Літ.:

Данилова Г. Н.​Павлова // Сов. балет. 1989. №5;

Железкова А.Н. Павлова. 2 изд. Чебоксары, 1988.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́ВІНА (Тамара Платонаўна) (9.3.1885, С.-Пецярбург — 26.5.1978),

руская артыстка балета. Сястра Л.П.Карсавіна. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1902, педагогі П.Герт, А.Горскі). У 1902—18 у Марыінскім т-ры; у 1909—29 выступала ў Рускіх сезонах і ў Рускім балеце Дзягілева. З 1918 у Лондане. У 1929—31 у трупе «Бале Рамбер». У 1930—55 віцэ-прэзідэнт Каралеўскай акадэміі танца (Вялікабрытанія). Яе творчасці ўласцівы эмацыянальнасць, вытанчанасць, прыгажосць поз і рухаў. Пастаянная партнёрка і паплечніца наватарскіх пошукаў М.Фокіна. Выступала ў дуэце з В.Ніжынскім. Сярод партый: Дзяўчына («Прывід ружы» на муз. К.​Вебера), Балерына, Жар-птушка («Пятрушка», «Жар-птушка» І.​Стравінскага), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» на муз. М.​Рымскага-Корсакава), 11-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Фея лялек («Фея лялек» І.​Баера), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Каламбіна («Арлекірада» Р.​Дрыга). Распрацоўвала новыя спосабы запісу танца. Аўтар артыкулаў, мемуараў, метадычнага дапаможніка па класічным танцы.

Тв.:

Рус. пер. — Театральная улица. Л., 1971.

Літ.:

Светлов В. Т.​П.​Карсавина // Русский балет. СПб., 1913;

Красовская В. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972.

Т.Карсавіна ў балеце «Шапэніяна». Мастак С.​Сорын.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,

«Опера С.​І.​Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал. рэж. т-ра (з 1907) П.​Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.

У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.​Бачароў, В.​Дамаеў, М.​Данец, Ю.​Кіпарэнка-Даманскі, В.​Пятрова-Званцава, М.​Спяранскі, А.​Цвяткова, Н.​Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.​Іваноўскі, Ф.​Камісаржэўскі, А.​Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.​Іпалітаў-Іванаў, М.​Багрыноўскі, Э.​Купер, А.​Пазоўскі, І.​Паліцын, Я.​Плотнікаў, Ю.​Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.​Білібін, А.​Васняцоў, А.​Галавін, П.​Канчалоўскі, С.​Малюцін, В.​Паленаў, М.​Рэрых. В.​Сяроў, Ф.​Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.​Шаляпін, Л.​Собінаў, М.​Батыстыні, Дж.​Ансельмі, М.​Гай, Л.​Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.​Кшасінская і інш. З 1917 дзярж. т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-р муз. драмы, у 1922—24 акц. т-ва «Першая свабодная опера С.​І.​Зіміна»).

Літ.:

Боровский В. Московская опера С.​И.​Зимина. М., 1977.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)