адносна вузкія, валападобныя, слабахвалістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да 7—10 км, шыр. каля падэшвы ад 20—30 да 150—200 м, адносныя вышыні ад 5—15 да 35—40 м, зрэдку да 80—90 м, стромкасць схілаў ад 5 да 30—45°. Грабяні пераважна вузкія, роўныя, зрэдку з няроўнай паверхняй, ускладненай купалападобнымі ўзвышшамі, тэрмакарставымі варонкамі і невял. катлавінамі.
Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў ад намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі на паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Паходжанне асобных О., складзеных з гліністых парод, звязана з выцісканнем парод знізу ў ледавіковыя поласці. Прымеркаваны да краявых утварэнняў, днішчаў і схілаў лагчын, былых зон «мёртвага» лёду. Арыентаваны прыблізна перпендыкулярна да краявых частак стараж. ледавікоў (радыяльныя О.) або цягнуцца паралельна ім (маргінальныя О.). Нярэдка перасякаюць азёры, утвараючы на іх выцягнутыя ланцугі астравоў і перашыйкаў, часам пераходзяць у камы. Складзены з пясчанага, жвірова-пясчанага матэрыялу з галькай і валунамі. У папярочным сячэнні тыповымі з’яўляюцца косая і перакрыжаваная слаістасці ў выглядзе кароткіх (да 3—8 м) слаёў, пачак і лінзаў магутнасцю да 1,5—3 м, у падоўжным — слаі і лінзы моцна выцягнутыя (да 10—20 м), слаістасць амаль гарызантальная. Адзначаюцца скіды і прасадкі слаістых серый, абумоўленыя нераўнамерным раставаннем пахаванага лёду, саліфлюкцыйнымі працэсамі і апоўзнямі О. могуць перакрывацца чахлом марэны. Пашыраны ў Канадзе, Германіі, Польшчы, на Скандынаўскім п-ве, у Прыбалтыцы, Карэліі (Расія) і інш.
На тэр. Беларусі каля 150 озавых град, найбольш на Беларускім Паазер’і, радзей у межах Беларускай грады. З О. нярэдка звязаны радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,
здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.
У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл.Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл.Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.
Літ.:
Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1969;
Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр.М., 1972;
Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,
рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр.муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел.паходжаннемуз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел.дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.
Літ.:
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;
Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;
Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць нябесных цел, якія рухаюцца ў вобласці пераважнага ўздзеяння гравітацыйнага поля Сонца. Складаецца з цэнтр. цела — Сонца, 9 вял. планет (Меркурый, Венера, Зямля, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун, Плутон), больш за 60 спадарожнікаў планет, мноства малых планет (астэроідаў), камет, метэорных патокаў, міжпланетнага пылу і газу і інш. Больш за 99% масы С.с. складае маса Сонца.
С.с. знаходзіцца паблізу цэнтр. плоскасці Галактыкі на адлегласці каля 10 кпк ад яе цэнтра, лінейная скорасць вярчэння С.с. вакол яго 250—300 км/с. Разам з Сонцам рухаецца адносна бліжэйшых зорак у напрамку да сузор’я Геркулес са скорасцю 20 км/с. Вял. планеты рухаюцца вакол Сонца ў напрамку восевага вярчэння Сонца па эліптычных арбітах, у адным з фокусаў якіх знаходзіцца Сонца (самая выцягнутая арбіта ў Плутона, найб. блізкія да кругавых арбіты Венеры і Нептуна); плоскасці арбіт мала нахілены адна да адной і да сонечнага экватара. Планеты-гіганты маюць кольцы; у 7 планет ёсць спадарожнікі. Малыя планеты таксама абарачаюцца вакол Сонца ў тым жа напрамку; іх арбіты значна выцягнутыя і нахіленыя да плоскасці экліптыкі. Паміж арбітамі Марса і Юпітэра ёсць пояс астэроідаў, у які ўваходзяць тысячы малых планет; за арбітай Нептуна існуе астэроідны пояс Койпера, які складаецца з мноства малых ледзяных планет, падобных да Плутона. Некалькі мільярдаў камет складаюць сферычнае каметнае воблака Аорта (каля 50 тыс.а.а. ад Сонца). С.с. знаходзіцца ў магн. полі Сонца. Яе пранізвае сонечны вецер. Паходжанне і развіццё С.с. вывучае планетная касмагонія.
Літ.:
Солнечная система: Пер. с англ.М., 1978;
Альвен Х., Аррениус Г. Эволюция солнечной системы: Пер. с англ.М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАДАКУМЕ́НТЫ,
выяўленчыя дакументы, якія ствараюцца пры дапамозе фатаграфічнай тэхнікі і фіксуюць рэчы, падзеі, з’явы рэчаіснасці ў выглядзе адлюстраванняў; від гіст. крыніц. Выяўленчыя ўласцівасці Ф. разглядаюць адначасова і як гіст. крыніцу, і як твор мастацтва, што пашырае магчымасці іх крыніцазнаўчага аналізу. Візуальная інфармацыя абавязкова патрабуе тэкставага суправаджэння. якое адыгрывае істотную ролю пры крыніцазнаўчым аналізе. Ад якасці фотаздымка і суправаджальнага тэксту залежыць ступень уяўлення пра іх паходжанне і змест. Без анатацый Ф. часта не можа быць выкарыстаны як паўнацэнны гіст.дакумент. Адрозніваюць арыгіналы і копіі. Арыгіналы атрымліваюць на святлоадчувальнай плёнцы і інш. носьбітах у выніку аўтарскай здымкі: негатыў, пазітыў на абарачальнай плёнцы, дыяпазітыў (слайд). Копіі Ф. атрымліваюць у выніку адна- ці шматразовага капіравання арыгінала: пазітыў і прамежкавы пазітыў, кантратып (дубль-негатыў). Прамежкавы пазітыў — копія, вырабленая з негатыву на спец. плёнцы, для друкавання кантратыпу. Кантратып вырабляюць з прамежкавага пазітыва ці непасрэдна з негатыва для друкавання Ф. Класіфікуюць Ф. паводле тэматыкі, партрэты і пейзажы — паводле аб’екта і месца здымкі. У архівах Ф. сістэматызуюць па відах: негатывы, пазітывы, фотаальбомы, дыяпазітывы (слайды). Унутры відаў негатывы і дыяпазітывы размяшчаюць па каляровасці, негатывы — па памерах. За адзінку захавання Ф. прымаюцца: негатыў, кантратып (дубль-негатыў), які паступіў у архіў на правах арыгінала; фотаальбом, які складаецца з групы пазітываў; дыяпазітыў (слайд). Багатая гісторыя бел. фатаграфіі (верагодна, 1-е на Беларусі фотаатэлье С.А.Юркоўскага ў Віцебску адкрыта ў 1867) дае добрыя магчымасці для творчага выкарыстання Ф. як гіст. крыніц. На Беларусі найб. сховішча Ф. — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў. Багатую фотатэку мае Бел. тэлеграфнае агенцтва, у тэматычных раздзелах якой зберагаецца каля 60 тыс. чорна-белых і каляровых негатываў і слайдаў.
Літ.:
Міхальчанка А. Фотадакументы БелТА як гістарычныя крыніцы // Бел.гіст.часоп. 2000. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бурды́ль ’бурбалка, пухір’ (Нас., Інстр. I, Юрч., Бяльк., Яўс.). Сюды ж бурду́ль ’вадыр, пухір’ (Бяльк.), бурдулёк ’бурбалка’ (Бяльк.), бурдулі́ ’бурбалкі на лужынах, калі ідзе дождж’ (КЭС). Рус.бурды́ль ’бурбалка’, бурду́ль ’бурбалка, пухір’. Не вельмі яснае слова. Можа, метатэза з булды́рь (гл.). Такая магчымасць тлумачэння ў СРНГ, 3, 285. Але не выключаецца і гукапераймальнае паходжанне (параўн. бурды́р, бурды́к!, бурды́хнуцца).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяза́ць. Ст.-рус.вязати, рус.вяза́ть, укр.вʼяза́ти, польск.wiązać, чэш.vázati, ст.-слав.вѧзати, балг.ве́жа, ве́звам, серб.-харв.ве́зати і г. д. Прасл.*vezati, *vežǫ (*vęzi̯ǫ) ’тс’ і *vęzti, *vęzǫ (параўн. ц.-слав.оувѧзти, ст.-чэш.viezti vazu). Паходжанне ўсёй групы слоў не вельмі яснае. Агляд этымалогій гл. у Фасмера, 1, 374. Параўн. Махэк₂, 679.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Несатварэ́нны, несотворэнны ў выразе: несотворэнная сіла ’пра незлічоную колькасць’ (ТС). Відаць, царкоўнаславізм (параўн. ст.-слав.несътворенъ ’няствораны, няўчынены’, ’иёсътворенк ’невыкананне’), з развіццём семантыкі ад ’неіснуючы, нерэальны’ да ’які цяжка сабе ўявіць’. Аднак асноўная фармальная прыкмета запазычання — прэфікс -со (замест -с; параўн. звычайнае стварыць) у тураўскай гаворцы можа мець мясцовае паходжанне (сокоўзнуцца ’паслізнуцца’ і пад.), што Ускладняе канчатковае рашэнне пытання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Падны́каць ’кпіць, насміхацца’ (Шпіл.). Няяснае слова з-за адсутнасці параўнаўчага матэрыялу і геаграфічнай прывязкі. Магчыма, балтызм; параўн. літ.panieka ’пагарда да каго-н.’, paniekinti ’аднесціся з пагардай; пакпіць з каго-н.’, niekti ’пагарджаць’. Аднак не выключана і славянскае паходжанне, з *паднукаць ад выкл. ну! (параўн. яшчэ тураў.ны! выкл.), з развіццём семантыкі ’паганяць, падбухторваць’ — ’кпіць, насміхацца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кле́панка: гуляць у клепанкі ’гуляць у хованкі’ (ТС). Калі клепанка ’хованка’, то можна рэканструяваць *клепаць ’хаваць’. Надзейных славянскіх паралелей няма. Але карысна звярнуцца да балтыйскай лексічнай групы, якая прадстаўлена ст.-прус.auklipts ’схаваны’, лат.pieklept ’замыкаць, зачыняць’, літ.slė̄pti ’хаваць’ (< * skiepti), лат.slèpt ’тс’. Таму не выключана балтыйскае паходжанне слова (параўн. Тапароў, Прус., А — , 149–150). Параўн., аднак, шлёпаць.