РО́ТЭ ((Rothe) Ганс) (н. 5.5.1928, Берлін),

нямецкі даследчык славянскіх культур. Праф. (1965). Правадз. чл. Рэйнска-Вестфальскай АН у Дзюсельдорфе (1979), Украінскай акадэміі навук і мастацтва ў ЗША (1989), замежны чл. Польскай АН у Кракаве (1991). Ганаровы д-р Вроцлаўскага ун-та (1991). Вывучаў філалогію, індагерманістыку і гісторыю рэлігій ва ун-тах Кіля, Марбурга і Лондана (1947—53). У 1954—63 працаваў у Марбургу, з 1964 у Вольным Берлінскім ун-це, у 1966—93 дырэктар Славістычнага семінара Рэйнскага унта імя Фрыдрыха Вільгельма у Боне. Асн. працы ў галіне параўнальнай славістыкі («Гуманізм у славян. Праблемы і задачы», 1993), параўнальнай усх.слав. філалогіі («Роздум над сістэматызацыяй гісторыі культуры Усходняй Еўропы ў храналагічнай паслядоўнасці», 1979), русістыкі («Сляды Гётэ ў станаўленні рускага рэалізму», 1981), паланістыкі («Месца Польска-Літоўскай дзяржавы ў гісторыі культуры Еўропы паміж Усходам і Захадам», 1991), багемістыкі і паўд.-слав. філалогіі («Гуманізм на чэшскіх землях», 1985) і інш. Аўтар прац па беларусістыцы: «Сілабічная метрыка згодна старажытным усходнеславянскім крыніцам» (1978), «Даследаванні па літаратуры і культуры ва Усходняй Еўропе» (1983), «Узнікненне славянскіх культур і іх значэнне ў сучасным свеце» (1984), «Гукі і словы» (1988, пра Ф.​Скарыну), «Біблія ў славян» і «Біблія славіка» (1990) і інш. Выдаў зб-кі стараж. славян. паэзіі, у т. л. бел.: «Самая старажытная ўсходнеславянская паэзія (1575—1647)» (т. 1—2, 1976—77), «Вершы і песні ва ўсходніх славян (1650—1720)» (1984) і зб. матэрыялаў міжнар. сімпозіума «Беларусь і Захад» (1990) і інш. Адзін з заснавальнікаў серыйных выданняў: «Фундаментальныя даследаванні па славянскай філалогіі і гісторыі культуры» (з 1968), «Біблія славіка» і «Нямецкая бібліятэка Усходу» (з 1988), «Працы па культуры славян» (з 1998). Пад яго кіраўніцтвам пры Бонскім ун-це выконваецца 3-томны праект «Беларусь і Германія. Інтэлектуальныя і культурныя сувязі, 1914—1941» (т. 1. Бібліяграфія, 2000). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур (ЮНЕСКА, 1979), чл. Міжнар. к-та славістаў (1983), прэзідэнт Сучаснай гуманіт. даследчай асацыяцыі ў Лондане (1987) і інш.

У.​Л.​Сакалоўскі.

Г.Ротэ.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каланты́р 1, кыланты́р ’пост, пікет, варта’ (Бяльк.). Фармальнае супадзенне з калантырыцца ’валаводзіцца’ дазваляе меркаваць аб магчымасці ўтварэння прамежкавых семем, аб значэнні якіх можна здагадвацца паводле полац. калантыр, калантырыць ’праводзіць час без сур’ёзных заняткаў’, адкуль, магчыма, ’збор людзей, не занятых справай і да т. п.’ Гэта, аднак, вельмі няпэўна па семантыцы, ілюстрацыя ў слоўніку пацвярджае дакладнасць дэфініцыі («Сылдаты йшлі і на кылантыр нямецкі пупалі», с. 241). Можна дапусціць магчымую сувязь з каланча ’вартавая вышка’, мяркуючы аб замене суфіксацыі. Верагоднасць такой замены давесці цяжка, семантыка слова таксама няпэўная. Фармальнае падабенства ст.-рус. калантарь, колонтарь ’кальчуга’ відавочнае, аднак семантыку двух лексем параўнаць нельга. Адзначым, што ‑н‑ у разглядаемым слове можа быць другасным (экспрэсіўны інфікс), што дазваляе фармальна параўнаць бел. слова з рус. колотыр, колотырь, але значэнне рус. слоў (’ілгун, праныра і да т. п.’) зусім іншае. Магчыма, сапсаванае карантин (Краўчук, вусн. паведамл.).

Каланты́р 2 ’папрашайка’ (Мат. Маг., Нас.), колонтырка, колонтырник, колонтырнык (Нас.). Рус. кур., новааск. калантырь, аднак значэнне яго невядомае (СРНГ, 12, 335). Сухамлін (Совещание по ОЛА, 1975, 173) мяркуе аб матэрыяльным падабенстве бел. калантырка, рус. колотырка, укр. колотуха ’дакучлівая жанчына’. У рус. мове колотырь, колотыра, колотырник і да т. п. лексемы ў розных значэннях адзначаны на рознай тэрыторыі, у тым ліку і на пагранічнай да беларускай. Рус. слова лічыцца вытворным ад колотить (Праабражэнскі, 1, 337–338), што на першы погляд выклікае пярэчанні паводле семантычнага крытэрыю. Параўн., аднак, рус. колотить ’плявузгаць, пляткарыць, таргавацца, набываць з цяжкасцю’, колотиться ’прасіць; пабірацца; жабраваць; жыць у галечы; бадзяцца без справы; пляткарыць’: «Матрена все колотится, прямая колотуха» (СРНГ, 14, 184). Суфіксацыя ў разглядаем слове, відаць, экспрэсіўная, што датычыць спосабу ўтварэння, то, магчыма, спачатку быў утвораны экспрэсіўны дзеяслоў: колотить, колотырить. Бел. слова ў любым выпадку ўтворана даўно (фанетычны крытэрый), але статус яго не вельмі ясны, як гэта можна меркаваць паводле значэнняў бел. калаціць. Не выключана, што тут мела месца інфільтрацыя лексікі з сумежных рус. гаворак, аднак нельга выключыць магчымасці захавання старой слав. тэндэнцыі. Параўн. серб.-харв. кла́тити ’бадзяцца і да т. п.’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй — клата́рити се ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Славяні́н, славя́не ‘група роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣне — нѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

накры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Пакрыць, закрыць каго‑, што‑н. зверху. Накрыць стол абрусам. Накрыць плечы хусткай. □ Нупрэй скінуў свой кажух, пакрыў Панаса і борздзенька кінуўся разуваць яго акрываўленую нагу. Колас. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. У гумне.. [Міхал] выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна пакрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Чорны. // перан. Ахутаць, ахінуць (пра цемру, туман і пад.). Ноч.. нячутна накрыла ўсё навокал. Шыцік. // Цалкам пакрыць, закрыць сабою. Вадзік неасцярожна варухнуўся, і раптам лодка — р-раз! — перакулілася і накрыла яго з галавой. Гамолка.

2. Зрабіць дах, страху. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць. Шамякін. [Карней] хату пасля вайны перамшыў, нават шыферам пакрыў. Гроднеў.

3. Папасці ў цэль (пры артылерыйскім або мінамётным абстрэле ці бамбардзіроўцы); знішчыць. І вось браняпоезд залпамі сваёй артылерыі адразу пакрыў нямецкі штаб разам з бронемашынамі. Чорны. Над.. галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі.

4. перан. Разм. Злавіць, захапіць знянацку на месцы злачынства. [Агрыпіна:] — Нядаўна група нашай міліцыі накрыла бандытаў, захапіла аднаго ў палон. Пестрак. [Сарока:] — Накрылі банду, аднаму Хвядзьку толькі і ўдалося выслізнуць. Лобан.

•••

Накрыць (на) стол — падрыхтаваць стол для яды, паставіўшы прыборы, пасудак і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАХ ((Bach) Іаган Себасцьян) (21.3.1685, г. Айзенах, Германія — 28.7.1750),

нямецкі кампазітар, арганіст, клавесініст. Адзін з найб. вядомых прадстаўнікоў сусв. гуманіст. культуры. З сям’і патомных музыкантаў. Служыў арганістам і капельмайстрам у невял. правінцыяльных гарадах, потым у Веймары, Кётэне і Лейпцыгу. Творчасць Баха, музыканта-універсала, вылучаецца ўсёабдымнасцю муз. жанраў (акрамя оперы). Яна абагульніла дасягненні муз. мастацтва некалькіх стагоддзяў на мяжы барока і класіцызму. У сваёй творчасці Бах спалучыў традыцыі пратэстанцкага харала з традыцыямі аўстр., італьян. і франц. муз. школ. Музыка Баха адметная адзінствам поліфанічнага і гамафоннага, вак. і інструментальнага мыслення, глыбокім узаемапранікненнем розных жанраў і стыляў. Вядучы жанр яго вак.-інстр. творчасці — духоўная кантата (5 гадавых цыклаў; усяго каля 300). Свецкія кантаты (усяго 24) падрыхтавалі зінгшпіль — ням. разнавіднасць камічнай оперы. Выпрацаваныя ў кантатах драматургічныя прынцыпы ўвасоблены ў месах, магніфікатах, «Страсцях» («Пакутах»), іх кульмінацыя — «Высокая» меса сі-мінор, «Страсці па Іаану» і «Страсці па Матфею». У яго інстр. творчасці цэнтр. месца належыць арганнай музыцы. Спалучыўшы вопыт арганнай імправізацыі, разнастайныя варыяцыйныя і поліфанічныя прыёмы папярэднікаў (Дз.​Букстэхудэ, І.​Пахельбеля і інш.), Бах пераасэнсаваў і абнавіў жанры такаты, фантазіі, пасакаллі, харальнай прэлюдыі. Сярод яго клавірных твораў найб. значэнне мае «Добра тэмпераваны клавір» у 2 тамах (1722, 1744; у кожным — 24 прэлюдыі і фугі ва ўсіх мажорных і мінорных танальнасцях) — першая ў гісторыі музыкі спроба маст. выкарыстання тэмпераванага строю (гл. Тэмперацыя). Створаныя ў фугах клавіра ўзоры кантрапунктычнага майстэрства прадоўжаны і закончаны ў «Мастацтве фугі» (1740—50). Музыка Баха для клавіра, скрыпкі, віяланчэлі, флейты, габоя, інстр. ансамбля, аркестра (санаты, сюіты, партыты, канцэрты) значна пашырыла выразныя і тэхн. магчымасці інструментаў, выявіла глыбокае веданне інструментаў і універсалізм у іх трактоўцы. Шэсць Брандэнбургскіх канцэртаў для розных інстр. складаў, якія ўвасобілі жанравыя і кампазіц. прынцыпы concerto grosso, — важны этап на шляху да класічнай сімфоніі. Творчасць Баха паўплывала на ўсё наступнае развіццё еўрап. муз. культуры.

Літ.:

Форкель И.Н. О жизни, искусстве и о произведениях И.​С.​Баха: Пер. с нем. 2 изд. М., 1987;

Русская книга о Бахе: [Сб. ст.]. 2 изд. М., 1986;

Schulze H.J. Studien zur Bach-Überlieferung im 18. Jahrhundert. Leipzig;

Dresden, 1984;

Schwendowius B., W.J.S.Bach: Life, time, influence. New Haven;

London, 1984.

І.С.Бах.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),

нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.​Багдановіч, М.​Васілеўская, А.​Вяржбоўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Мардвілка, Я.​Семяжон, І.​Сіманоўскі, Ю Таўбін.

Тв.:

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—83.

Літ.:

Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;

Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;

Гиждеу С.П. Лирика Г.​Гейне. М., 1983;

Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Г.Гейнэ.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАН ((Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй) (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),

нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.​Шумана («Крэйслерыяна»), Р.​Вагнера («Лятучы галандзец»), П.​І.​Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.​Адана («Жызэль»), Л.​Дэліба («Капелія»), П.​Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.​Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.​Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац. акад. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.​Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.​Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.​Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).

Тв.:

Бел. пер. — Дон Жуан;

Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);

Рус. пер. — Жизнь и творчество;

Письма, высказывания, документы. М., 1987;

Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—96.

Літ.:

Ботникова А.Б. Э.Т.​А.​Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;

Художественный мир Э.Т.​А.​Гофмана. М., 1982.

С.​Дз.​Малюковіч.

Э.Т.А.Гофман. Аўтапартрэт.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),

нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.​Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.​Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.​Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.

Літ.:

Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;

Львов С.П. А.​Дюрер. М., 1977;

Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.

А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.
А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.

т. 6, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

налёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Раптоўны ваенны ўзброены напад на каго‑, што‑н. Атрады зрабілі налёт на станцыю, разграмілі нямецкі гарнізон і ачысцілі вялікі ўчастак чыгункі ад варты. Шамякін. Налёт нашых самалётаў па станцыю ў горадзе быў вельмі ўдалым. Шахавец. // Нечаканы, масіраваны абстрэл. Артылерыйскі налёт. Агнявы налёт.

2. Напад з мэтай грабяжу, вобыску і пад. Налёт на кватэру. Налёт на банк. □ [Банда] рабіла налёты на мястэчкі і сёлы, радавала ўсё, што ў каго можна было. Сабаленка. Раптам на базар камендант зрабіў налёт. Гурскі. // Разм. Набег на чужы сад, агарод. Вясковыя хлапчукі, сярод якіх быў і герой апавядання Мікітка, зрабілі налёт на суседскі сад. Шкраба.

3. Тонкі слой якога‑н. рэчыва, што асела ці з’явілася на паверхні чаго‑н. Налёт сажы. Налёт іржы. □ [Лілія Віктараўна] здзьмухнула з крэсла налёт пудры і запрасіла Рамана сесці. Васілёнак. На чорны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светла-шэры налёт. Шамякін.

4. перан. Слаба выражаная адзнака, рыса; слабае адбіццё ўнутранага стану, пачуцця. Налёт сентыментальнасці. □ Рыгора ўразілі вочы. Не тое каб вялікія, а нейкія нерухомаспакойныя, з налётам незразумелай тугі і смутку. Б. Стральцоў.

5. Колькасць налятанага часу або налятавай адлегласці. Дзвесце гадзін налёту на самалёце. □ [Кудлач:] — У складаных умовах [лётчыкі] ляталі многа. Агульны налёт таксама не дрэнны... Алешка.

6. Гнойнае ўтварэнне на якім‑н. органе або ране. Налёты на дыхальным горле.

•••

З налёту — а) з разгону, не спыняючы руху, на поўным хаду. Клюе верхаводка з налёту. Матрунёнак; б) хутка, адразу, не задумваючыся. Амаль усё, за што ні браўся хлопец, давалася яму лёгка, проста з налёту. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),

прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал. сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў склад дваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял. кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял. кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.

Літ.:

Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;

Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;

Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;

Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;

Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;

Кин М. Рыцарство: Пер. с англ. М., 2000.

Да арт. Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.

т. 13, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)