ХІ́НДЭМІТ (Hindemith) Паўль (16.11.1895, г. Ганаў, Германія — 28.12.1963),
нямецкі кампазітар, альтыст, дырыжор, муз. тэарэтык; вядучы прадстаўнік ням.неакласіцызму. Вучыўся ў кансерваторыі г. Франкфурт-на-Майне. З 1915 2-і скрыпач квартэта А.Рэбнера, у 1921—29 альтыст стр. квартэта Л.Амара — П.Хіндэміта. З 1927 праф. Вышэйшай муз. школы ў Берліне. З 1938 працаваў у Швейцарыі і ЗША. Творы Х. вылучаюцца гармоніяй, стрыманасцю пачуццяў, у шматлікіх з іх уздымаў грамадска-паліт. і філас. праблемы. Звяртаўся да быт. аматарскай музыкі. Сярод твораў: оперы (каля 10), у т. л. «Навіны дня» (паст. 1929; 2-я рэд. 1954), «Мастак Матыс» (паст. 1938), «Гармонія свету» (паст. 1957); балеты; 6 сімфоній (1930—58); канцэрты; камерна-інстр. ансамблі, у т. л. творы для фп.; хар. творы; музыка для аматарскіх аркестраў, ансамбляў і інш. Аўтар кніг «Кіраўніцтва па кампазіцыі» (т. 1—3, 1937—70), «Свет кампазітара» (1952), падручнікаў па тэорыі музыкі і гармоніі.