Трына́ццаць ‘лік і лічба 13; колькасць, якая абазначаецца лічбай 13’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), трына́нцаць (гл.), трына́ццаць ‘тс’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.), трына́нцать ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. тринадцать, тринадцеть, тринатцать, тринатцеть, трынадцать, трынатцать ‘тс’ (ГСБМ), сюды ж парадкавыя лічэбнікі трына́ццаты (ТСБМ), трына́ццаты, трына́нцаты (Некр. і Байк.), ст.-бел. тринадцатый, трынадцатый (ГСБМ), тринадзесятый (Сл. Скар.), третий надцать (Альтбаўэр), третій на десѧтый (XVI ст., Карскі 2–3, 250), зборны лічэбнік трынадцатеро (XVII ст., Карскі 2–3, 250). Параўн. укр. трина́дцять, рус. трина́дцать, польск. trzynaście, каш. třënåsce, в.-луж. třnaće, н.-луж. tśinasćo, палаб. tårojnăcti, trainădist, чэш. třináct, славац. trinásť, хаце. trinājst, trinaest, серб. три́наест, балг. трина́десет, трина́йсет, макед. тринаесет, ст.-слав. трѥ на десѧте. Прасл. *tri na desęte (гл. тры, на, дзесяць), і.-е. паралелі — усх.-іран. *thri‑n‑dasa, лат. trîspadsmit (Анікін, Новое в рус. этим., 1, 237). У колькасных лічэбніках першапачаткова скланяўся першы элемент, а апошні нязменна захоўваўся ў форме М. скл. — три на десѧте(и), але даволі рана словазлучэнне пачало сцягвацца ў адно слова, у якім десѧть прыняло форму Н. скл. Пазней другая частка спрашчаецца ў ‑надцать (Гіст. марф., 188–190). Формы тринасте, трынасце ‘тс’ (1552 г., ГСБМ) запазычаны з польскай мовы. Гл. ЕСУМ, 5, 639; Борысь, 652; ESJSt, 16, 983.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тудо́й ‘праз тое месца, тым шляхам, там, абышоўшы што-небудзь (рухацца)’ (ТСБМ, ПСл, Мат. Маг.), ‘тым месцам, той дарогай’ (Скарбы, Касп.): туды можна трапіць тудой (бялын., Янк. Мат.); ‘туды’ (Сцяшк.); тудо́ю ‘там’ (Нас.), ‘тым кірункам’ (Бяльк., Байк. і Некр., ТС), ‘у той бок, у тым напрамку’ (калінк., З нар. сл.; ПСл, Мат. Маг.; ганц., Скар. НМ; навагр., чэрв., драг., беласт., Сл. ПЗБ); тудэ́ю ‘тс’ (Шат., Жд. 3, ТС, Кліх), ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), ‘у той бок’ (ганц., пух., пруж., Сл. ПЗБ; слуц., Мал.), ‘у тым напрамку’ (ТСБМ), ‘тым шляхам, той дарогай; там’ (Клундук), тудэ́й ‘туды, той дарогай’ (Нас., ПСл), ‘там’ (Мат. Гом.); тудэ́йка ‘туды’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. тудо́ю ‘ў той бок, той дарогай’, рус. дыял. тудо́ю ‘тс’. Відаць, форма тудою, якая паводле канчатка набліжаецца да назоўнікаў ж. р. Тв. скл. з *‑ojǫ (ESSJ SG, 2, 695), выступала ў функцыі прыметніка (тудою дарогаю) — параўн. туды́й (гл.); гэты канчатак у народнай мове скараціўся да ‑ой (тудой), аналагічна да дарогай, гл. Карскі 2–3, 67. Галосны ‑о‑ пераходзіў у ‑э‑ па розных прычынах: наяўнасць наступнага ‑j, паводле аналогіі з канчаткамі прыметнікаў з мяккай асновай (параўн. ст.-бел. летнею, синею, горѧчею), або па аналогіі з тэй, аднэ́й і інш. (Карскі 1, 154–157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напава́ць ’напаіць’ (Рам.), укр. напувити ’тс’, н.-луж. napouaś ’тс’ разглядаецца як беларуска-ўкраінска-лужыцкая сепаратная ізаглоса, што, на думку Трубачова, дае падставы рэканструяваць праславянскі дыялектызм *ndpovati, гл. Трубачоў, Серболуж. сб.; Слав’, языкозн., V, 181. Параўн. яшчэ ст.-польск. nopauać ’тс’, якое Брукнер прыводзіць з польскай Бібліі, адзначаючы яго выключны характар, паколькі іншых дэрыватаў ітэратыўнага *‑райаіі ў польскай мове няма (Брукнер, 355, 426). У беларускіх формах тыпу наповаці, паповае, суадносных са ст.-слав. напаити. Карскі (1, 339) бачыў ’устаўку в на месцы і, што адзначалася таксама ў старабеларускіх помніках: наЛованого (XV ст.). Ітэратыў да напаіць, гл. напой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́пал 1 ’напалавіну, папалам’ (Бяльк., Сцяшк., Юрч., Янк. 3., Жд. 2), ’напалам, на дзве роўныя часткі’ (калінк., З нар. сл.), на́пол ’напалавіну, напалову’ (ТС), на́палы ’на дзве роўныя часткі’ (Нас.), ст.-бел. наполъ, наполы, рус. на́пол, укр. напів, польск. napół, чэш. napolo, в.-н.-луж. napoł, славен. napol, серб.-харв. напола, балг. наполо, макед. наполу. Прасл. *na polъ ’напалову’, гл. поў ’палавіна’. Формы на зычны гістарычна са спалучэнняў прыназоўніка на з він. скл. адз. л. назоўнікаў, форма на галосны — з він. скл. падв. л. (Карскі 2–3, 74).

Напа́л 2, напол ’бочка для мукі, выдзеўбаная з дрэва’ (Мат. Маг.). Гл. напол.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́ўкач, неўкача ’калісьці, даўным-даўно’ (Сл. Брэс.), неўкоч, неўкоча ’калісьці; калі-небудзь; у хуткім часе’ (ТС), ’калісьці, даўным-даўно’ (лунін., Жыв. сл.), нёкоч ’некалі, калісьці, даўней’ (пін., Нар. лекс.). Відаць, можа быць збліжала са славен. nekoč ’аднойчы, некалі, калісьці’, што з не (адмоўе) і ko ’калі’ (< къ, гл. к), с — узмацняльная партыкула, адпавядае бел. ч(чы), параўн. гэтачы, колечы і інш. (Карскі 2–3, 71; ESSJ SG, 2, 305–306). Спецыфічная беларуска-славенская паралель можа служыць падставай для рэканструкцыі праславянскага дыялектызма (*ne‑kb‑čb?). Сярод беларускіх слоў больш ранняй формай трэба лічыць форму без устаўнога ў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́раў ’характар; упарты характар з капрызамі’ (Нас., Яруш., Шат., Бяльк.), ’звычай’ (Нас.), но́роў ’нораў, звычка’ (ТС), наро́ў ’тс’ (Ян.), ’нораў, натурлівасць’ (ТС), ст.-бел. норовы (1562, Карскі, 1, 249), укр. но́ров ’характар; прыхамаць, капрызы’, рус. но́ров, на́ров ’характар; жаданне; прыступ да справы’, славац., чэш. nrav ’характар, звычка; звычай’, ст.-чэш. nrav ’тс’, славен. nrȁv ’звычка, характар’, серб.-харв. на́рав ’тс’, макед. нарав ’тс’, балг. нъра́в, дыял. нара́вие ’тс’, ц.-слав. нравъ. Прасл. *norvъ, роднаснае літ. nóras ’воля, жаданне’, norė́ti ’хацець’, грэч. νωρεῑ ’моц, сіла’; таго ж паходжання ст.-інд. nar‑ ’мужчына’, авест. nar ’тс’ і пад. (Фасмер, 3, 84; Бязлай, 2, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няве́чыць ’калечыць, рабіць недзеяздольным, псаваць’ (ТСБМ), няве́чыць ’біць, калечыць; абражаць, зневажаць’ (Ян.), нівечыць (нивичиць) ’ператвараць у нішто, ужываць на зло’ (Нас.), укр. ні́вечити ’псаваць, зніштажаць, ператвараць у нішто; мучыць, здзекавацца, жорстка абыходзіцца’, польск. niweczyć ’ператвараць у нішто, нішчыць, разбураць’, славац. nivočiť ’тс’. Зыходная форма *vъ ni‑vъ‑čь‑ > + у ні ва што (ператварыцца), сучаснае ў нішто, параўн. ст.-бел. в ни ве што побач ни в што (XV ст., Карскі 2–3, 215), у Насовіча: въ нивичъ пошло, гл. нівеч. Літаратурная форма з ня‑, відаць, пад уплывам народнаэтымалагічнага збліжэння з не век, нявечна і пад., параўн. таксама ўкр. не́віч ’нішто’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аржаны́. Яшчэ Чачот адзначаў адсутнасць у беларускай мове кантынуантаў слова *ръжь пры наяўнасці прыметніка аржаны паралельна з жытні; праўда, у рукапісным слоўніку Грыгаровіча 1851 г. адзначана аржа ’жыта’ (Яшкін, 14). Слова аржаны фіксуецца ў старабеларускай мове (Булахаў, Працы IM, 7, 143), яго прыводзіць ужо Насовіч, яно шырока ўжываецца (Карскі, 1, 260), як і іншыя словы, утвораныя ад яго асновы: аржанішча, аржоння ’ржышча’, таксама: аржышча, (а)ржэўнік; параўн. назвы раслін: аржаніца (і аржэвіна — Сцяшк.); аржаніна ’жытні хлеб’ (Касп.); аржануха ’гарэлка’ (Нас.), ’зад’ (Мядзв.). Утворана з пратэтычным а‑ (іржышча — з пратэтычным і‑) і суф. ‑ан‑ ад агульнаслав. *rъžь ’жыта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашчэ́ ’яшчэ’ (Кліх, Шат., Сцяшк., Жд., Тэксты, 144), рус. дыял. ощо, пск. още, балг. о́ще, макед. уште. Тэарэтычна можа ўзыходзіць да прасл. ošče, параўн. ст.-рус. още (побач з ešče, ješče, jьšče, iščet гл. Слаўскі, 1, 368 з літар.), аднак ужо Карскі (1, 304; 2–3, 66) дапускаў пазнейшае паходжанне беларускага слова з ješče са стратай пачатковага j, параўн. вядомае ў гэтым арэале адпадзенне j, в і г у пачатку слова: акрас ’якраз’, ачай (< ячай) ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’, авёрка ’вавёрка’, ашчына ’вашчына’, алстук ’гальштук’ (Сцяц. Нар.), аром ’ярмо’ (слуц., Рэгіян. асабл., 54), рус. пск. ащерица ’яшчарка’ і пад. Гл. яшчэ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ры 1 ’насілкі, на якіх носяць труну з нябожчыкам’ (Нас., Растарг., Зянк. 1, Власт, Некр.; віц., Шн.; паўн.-усх., КЭС; КЭС, лаг.; Мікуц.). Укр. ма́ри, рус. смал., кур., варон. мары, ст.-бел. мары ’тс’ (XV ст.), запазычана з польск. mary, якое са ст.-чэш. mary (спачатку páry) < с.-в.-ням. bāre > ням. Bahre (Карскі, Труды, 313; Брукнер, 324; Махэк₂, 352; Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Запазыч., 198). Сюды ж ма́ры ’прыстаўныя сценкі воза, выкарыстоўваемыя пры возцы сена, снапоў’ (Касп., красл., Сл. ПЗБ) і рус. кастр. ма́ра ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 151).

Ма́ры 2 ’думкі, пажаданні’ (КЭС, лаг.). Да ма́ра (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)