Кула́чкі ў выразе: Ешчэ чэрці на кулачкі ні браліса ’Яшчэ далёка да світання, яшчэ вельмі рана’ (Нар. словатв.). Усталі рано, бы чэрці на кулачку (ТС). Параўн. рус. кулички (у черта на куличках ’вельмі далёка’). Цяжка суаднесці семантыку бел. і рус. выразаў. Ва ўсякім разе беларускі матэрыял не дазваляе ўзводзіць слова да рус. кулич (параўн. Праабражэнскі, 1, 410) або польск. kuliczki ’testes’ (параўн. Ісачанка, ВЯ, 1957, 3, 121). Больш верагодным здаецца суаднясенне з польск. kulik ’карнавал на масленіцу’. Параўн. лат. kuluos lēkt ’гуляць на масленіцу’. Этымон гэтых слоў невядомы (Слаўскі, 3, 350–351).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абы́дзень ’штодня; за дзень, на працягу дня’ (Бяльк., Гарэц., Грыг.) да аб дзень, параўн. абынач ’што ночы, на працягу ночы’ (Бяльк.). Адсюль абыдзенны (Касп., Нас.). Магчыма, што значэнні гэтага слова ’штодня’ і ’на працягу дня’ адлюстроўваюць два амонімы: абыдзень ’на працягу дня’ (гл. абыдзеннік) < аб дзень і абыдзень ’штодня’ з аб‑ін‑дзень. Параўн. укр. обидень ’за адзін дзень’, ст.-рус. обыденый ’аднадзённы’. Ільінскі, РФВ, 66, 280; Праабражэнскі, 1, 633; Фасмер, 3, 111. Інакш Карскі 2–3, 78, згодна з якім у абыдзень бы дзеяслоўнага паходжання (3‑я асоба аорыста), як у абыгдзе.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апеля́цыя, апеляваць. Як і ўкр. апеляція запазычана ў XVI ст. праз польскую з лацінскай ’мовы (Паўтарак, Бел. лекс., 134; Папова, Дасл. бел.-рус., 53; Гіст. мовы, 1, 249, 253; Шакун, Гісторыя, 97; Курс суч., 172; Вясноў, Бел. лекс., 34; Гіст. лекс., 109). Рус. апелляция ў Пятроўскую эпоху з польскай (Фасмер, 1, 81), апелли́ровать у XVIII ст. з ням. (Шанскі, 1, А, 124). Наўрад ці гэты тэрмін быў забыты (як лічыць Шакун, Гісторыя, 300) і з’явіўся як новае слова ў XIX ст. (як лічыць Крукоўскі, Уплыў 76; Гіст. мовы, 2, 107; Гіст. лекс., 233).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аплаві́тна ’багата’, у выразе сытна і аплавітна (КТС). Польск. obfity < ст.-польск. opłwity ’багаты, шчодры’. Параўн. серб.-харв. о̀плавити ’заліць, затапіць, навадніць’. Пэўна, ад значэння такога тыпу — *оплавитный ’такі, што залівае, навадняе, робіць, што ўсяго ў дастатку’. Параўн. укр. опливати ’мець у дастатку’. Цікава, што ў старабеларускай і стараўкраінскай мовах ужывалася запазычанае з старапольскай ужо трансфармаванае обфитый, обфитость, обфитовать (Бярында, 147). Для тлумачэння семантыкі трэба ўлічваць яшчэ рус. дыял. оплавить сноп ’абмалаціць’, тое ж, што і обить сноп (Даль), ад чаго обилие ’багацце’ пры чэш. obilí ’збожжа’. Для этымалогіі польскага слова гл. Брукнер, 370.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Драчо́на ’назва ежы’ (БРС, Касп., Сцяшк.). Параўн. у Бяльк.: ’блін з дранай бульбы; ляпёшка з пшанічнай мукі з яйцамі і салам або маслам’. Таксама драчо́нік (БРС, Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. дрочена ’тс’. Да дзеяслова прасл. *dročiti (з шматлікай семантыкай). Рус. назву ежы (без бел. матэрыялу) звязвае з гэтым дзеясловам Трубачоў, Эт. сл., 5, 123. Слова дрочена лічыць уласна рускім Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 196. У рус. мове яно адзначаецца з XVII ст. і, паводле Шанскага, утворана марфолага-сінтаксічным спосабам на базе словазлучэнняў дроченая картошка, дроченая яичница.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дырэ́ктар ’дырэктар’ (БРС). Рус. дире́ктор, укр. дире́ктор. Лічыцца ў рус. мове запазычаннем з ням. Direktor або польск. dyrektor (першакрыніца — лац. director). Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127 У бел. мову, магчыма, прыйшло з рус. Ст.-бел. директоръ ’духоўны настаўнік’ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч.) < польск.; яно не звязана традыцыяй з дырэ́ктар у сучасным значэнні. Бел. дырэ́кцыя, рус. дире́кция, укр. дире́кція запазычаны з польск. мовы (dyrekcja; параўн. і Булыка, Запазыч.), але ў сучасным значэнні слова, відаць, узята з рус. Параўн. Фасмер, 1, 515; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жо́ржкі ’гульня хлопчыкаў — бабкі’ (гродз., Нар. словатв., 260). Улічваючы, што жох 2 — назва элемента гульні ў бабкі — звязана, відаць, з гэтым словам, але зазнала ўплыў нейкага іншага слова. Фасмер (2, 62) адзначае жорж ’прайдзісвет’ у сувязі з жох ’тс’, указваючы, што непасрэднай сувязі паміж гэтымі словамі, якую бачыў Крастоўскі (ИОРЯС, 4, 3, 1070), няма, бо жорж < франц. George. Аднак наяўнасць формы жорж у двух значэннях жох можна лічыць сведчаннем у карысць пэўнай сувязі жорж — жох, але сувязі хутчэй кантамінацыйнага характару, калі франц. імя суадносілася са старой назвай жох.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
За́твералы ’дыяфрагма (анат.)’ (воран., Сл. паўн.-зах.). Паводле Грынавецкене і інш., з літ. дыял. žutvėralaĩ (ažutvėralaĩ ці užutvėralaĩ) ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 258; Лаўчутэ, Сл. балт., 73). Трэба, аднак, улічыць ст.-польск. zatwierać ’зачыняць’ кантамінацыя zawierać, zatworzyć, otwierać, на базе чаго магло ўтварыцца з суф. ‑л‑ слав. слова zatwierała (затвера́ла); параўн. падмятала, танцавала (Сцяцко, Афікс. наз., 48). Таму балт. паходжанне не абавязкова для тлумачэння, а паколькі агентыўнае значэнне, здаецца, больш тыповае для слав., а не для балт. утварэнняў, можа дапускаць дыял. бел. утварэнне (на базе запазычанага польск. дзеяслова) ці запазычанне з польск. дыял.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зло́дзей ’той, хто крадзе’. Рус. злоде́й ’ліхадзей, злачынец’, укр. зло́дій ’злодзей’, польск. złodziej ’тс’, уст. ’злачынца’, в.-луж. дыял. złodźij, н.-луж. złoźej ’злодзей, злачынец’, чэш. zloděj ’злодзей’, славац. zlodej ’злодзей, несумленны чалавек’, славен. zlȏdẹj ’злы; чорт’, балг. злодѐй ’злачынец’, макед. злодеј ’тс’. Ст.-слав. зълодѣи ’злачынец’. Ст.-рус. зълодѣи, злодѣй (1076 г.) ’злачынец’, ’вораг’. Прасл. zъlo‑dějь — складанае слова ад zъlo (гл. зло) і dějati (гл. дзея і інш.); параўн. злачынец, чарадзей, дабрадзей. Шанскі, 2, З, 94; Фасмер, 2, 99. Націск у бел., верагодна, пад польск. уплывам, як і канкрэтызацыя значэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зязю́ліць ’біць’, ’піць гарэлку’ (Нас.), зязюлець ’рабіцца мутным, шэрым’ (Нас.). Словы са значэннем ’зязюля’ маюць у розных мовах шмат пераносных значэнняў, звязаных з павер’ямі, а таксама гукавобразнымі ўявамі. Трэба ўлічыць зюзь, рус. зюзю́кать ’піць’. Для «птушынай» семантыкі ’піць’ параўн. савець, салавець. У выніку ўзаемадзеяння, з аднаго боку, гукавобразных уяўленняў, а з другога боку, уяўленняў аб суадносінах выгукаў зязюлі з ударамі і ўзніклі значэнні, звязаныя таксама з указаным (гукавобразным) рус. словам. Насовіч (223) этымалагізуе зязюлець ’рабіцца шэрым, падобным да колеру зязюлі’. Гэта таксама ўваходзіць, верагодна, у сінкрэтычнае вобразнае знач. слова і яго станаўленне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)