ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,

галоўны дакумент мірнага ўрэгулявання пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Падпісаны паміж дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Брыт. імперыя, Францыя, Італія, Японія і інш. — усяго 26 дзяржаў) і Германіяй 28.6.1919 у Версалі. Умовы дагавора выпрацаваны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 без удзелу прадстаўнікоў Германіі. Вырашаў тэр., ваен., эканам. і інш. пытанні. Паводле дагавора Германія вяртала Францыі Эльзас-Латарынгію (у межах 1870), перадавала Бельгіі акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ (пасля плебісцыту), Даніі — Паўн. Шлезвіг (пасля плебісцыту), прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга, абавязвалася «строга паважаць» незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі адыходзіла ч. сілезскай тэр., да Польшчы — асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, большая ч. Зах. і ч. Усх. Прусіі, ч. Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) з сумежнай тэрыторыяй ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі нацый і ўключаўся ў мытныя межы Польшчы, якая праз т.зв. Данцыгскі калідор (гл. Польскі калідор), што аддзяляў Усх. Прусію ад астатняй Германіі, атрымала выхад да Балт. мора. Мемель (Клайпеда) і сумежныя раёны пераходзілі пад кантроль Лігі нацый (у 1923 уключаны ў склад Літвы). Тэр. Германіі па левым беразе Рэйна і правы яго бераг на адлегласць у 50 км падлягалі дэмілітарызацыі. Саарскі вугальны бас. пераходзіў «у поўную і неабмежаваную ўласнасць» Францыі, а Саар заставаўся на 15 гадоў пад кіраваннем Лігі нацый з наступным плебісцытам. Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, сфер уплыву, уласнасці і прывілеяў за мяжой; яе калоніі падзелены (у форме мандатаў) паміж Францыяй, Японіяй, Бельгіяй, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і яе дамініёнамі. Сухап. армія Германіі скарачалася да 100 тыс. вольнанаёмных чал. (пры 4 тыс. афіцэраў), рэзка абмяжоўваўся надводны флот, забаранялася мець падводныя лодкі, ваен. і марскую авіяцыю. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавору прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторыі на З ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненыя ёю страты, што стварала прававую падставу для спагнання рэпарацыйных плацяжоў (агульны памер не вызначаны). Суму рэпарацый, якія Германія абавязвалася выплаціць за 30 гадоў, павінна была вызначыць спец. камісія да мая 1921. Забаранялася любое абмежаванне ўвозу ў Германію тавараў з краін-пераможцаў.

Дагавор набыў сілу 10.1.1920. ЗША пасля адмовы Сената ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор падпісалі з Германіяй 25.8.1921 асобны мірны дагавор. Цяжкія ўмовы Версальскага мірнага дагавору выклікалі незадаволенасць многіх немцаў, у т. л. прагу рэваншу сярод правых сіл. Улады Веймарскай рэспублікі ў залежнасці ад паліт. сітуацыі праводзілі «палітыку выканання» або «палітыку катастроф» (сабатажу) дагавора. Канчаткова яго пункты перасталі выконвацца ва ўмовах пасіўнасці з боку вядучых дзяржаў Еўропы і ЗША пры нацыстах, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Літ.:

Ллойд Джордж Д. Правда о мирных договорах. Т. 1—2: Пер. с англ. М., 1957.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСТВА,

сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.​Гроцый, Д.​Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.​Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Літ.:

Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;

Новая технократическая волна на Западе. М., 1986.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст. — снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.​П.​Кісель.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,

від спорту, які ўключае бег на розныя дыстанцыі (у т. л. эстафетны і з перашкодамі), кіданні лёгкаатлетычныя, мнагабор’і лёгкаатлетычныя, скачкі лёгкаатлетычныя, хадзьбу спартыўную. У спарт. класіфікацыі больш за 60 лёгкаатлетычных практыкаванняў. На Алімп. гульнях Л.а. прадстаўлена 24 практыкаваннямі для мужчын і 14 для жанчын. Створаны Міжнар. аматарская лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААФ) у 1912, Еўрапейская асацыяцыя Л.а. (ЕАА) у 1968, федэрацыі Л.а. Азіі, Афрыкі, лац-амер. краін, Новай Зеландыі і Акіяніі ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. Федэрацыя Л.а. Беларусі створана ў 1959. Чэмпіянаты свету па Л.а. праводзяцца з 1983, з 4-гадовай перыядычнасцю; летнія чэмпіянаты Еўропы — з 1934 (у цотныя гады паміж Алімп. гульнямі, зімовыя ў закрытых памяшканнях з 1966).

Першыя звесткі пра лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адносяцца да 776 да н.э., калі праводзіліся Алімп. гульні ў Стараж. Грэцыі. Як самастойны від спорту пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі (першыя спаборніцтвы ў 1837 у каледжы г. Рэгбі), Германіі, ЗША, Францыі і інш. З канца 19 ст. ў Расіі наладжваюцца аматарскія спарт. спаборніцтвы, упершыню першынство Расіі праведзена ў 1908.

На Беларусі першыя спаборніцтвы па Л.а. (бег на 800, 1000, 1500 м; скачкі ў вышыню і даўжыню; кіданні дыска і кап’я) праведзены ў 1913 у Гомелі. Аматарскія клубы Л.а. існавалі з 1918 у Віцебскай і Магілёўскай, а з 1920 і ў інш. губернях. З 1921 у Віцебску пачалі праводзіцца традыц. лёгкаатлетычныя эстафеты. Першы чэмпіянат па Л.а. (па 12 відах) адбыўся ў 1924 у праграме Усебел. свята фіз. культуры. У 1927 адбыліся першыя міжнар. спаборніцтвы па Л.а. паміж бел. і чэш. спартсменамі. З 1927 бел. лёгкаатлеты — удзельнікі ўсесаюзных спаборніцтваў, з 1952 — Алімп. гульняў. Першы з бел. спартсменаў атрымаў алімп. медаль (сярэбраны) М.Крываносаў (1956). Алімпійскія чэмпіёны па Л.а. — Р.Клім, Т.Ледаўская, В.Рудзянкоў. Прызёры Алімп. гульняў: бегуны У.​Гараеў, Я.​Гаўрыленка, М.​Кіраў, У.​Лавецкі; па спарт. хадзьбе Я.​Іўчанка і П.​Пачанчук; у трайным скачку А.​Каваленка і І.​Лапшын; у кіданні молата І.Астапковіч; у кіданні кап’я Н.​Шыкаленка, дыска У.​Дуброўшчык, В.​Капцюх і Э.​Зверава; у сямібор’і Н.​Сазановіч. Першым чэмпіёнам свету з бел. лёгкаатлетаў стаў А.​Трашчыла (эстафета 4 × 400 м; 1983). Чэмпіёны свету: А.​Паташоў, Трашчыла (1991), Шыкаленка, Зверава (1995); прызёры чэмпіянатаў свету: Р.​Смяхнова (1983), А.​Бялеўская (1987), У.​Сасімовіч (1991), Я.​Місюля (1991, 1995), С.​Бурага, Дуброўшчык, Капцюх, Э.​Хамелайнен (1995). На чэмпіянаце свету ў 1995 Беларусь па заваяваных медалях заняла 2-е месца ў агульнакамандным заліку. Першымі чэмпіёнамі Еўропы па Л.а. сталі М.Іткіна, Крываносаў, А.Юлін (1954). Чэмпіёны Еўропы: Л.​Ермалаева, Іткіна, Крываносаў (1958); Іткіна (1962), Клім (1966), Р.​Аглетдзінава (1986), Астапковіч, Лапшын (1990), Дуброўшчык, Н.​Духнова (1994).

Т.​П.​Юшкевіч.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),

1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук. філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.

2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.​Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;

Исторические типы философии. М., 1991;

Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;

Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.​Д’Аламбер, А.​Сен-Сімон, А.Р.​Ж.​Цюрго, Д.​Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.​Літрэ, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн (Францыя), Дж.​Міль, Г.​Спенсер, К.​Пірсан (Вялікабрытанія), П.​Л.​Лаўроў, У.​В.​Лясевіч, М.​К.​Міхайлоўскі, М.​М.​Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.​Авенарыус, Э.​Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук. пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл. Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт. філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.​С.​Стэбінг, Дж.​Уісдам (Вялікабрытанія), К.​Г.​Гемпель, Г.​Шольц (Германія), Э.​Нагель, Ч.​Морыс, П.​У.​Брыджмен (ЗША), К.​Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш. філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.

Літ.:

Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;

Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;

Философия и методология науки. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, які перыядычна зменьваецца па значэнні і напрамку. Характарызуецца перыядам T (прамежак часу паміж двума аднолькавымі імгненнымі значэннямі току, вымяраецца ў секундах) і частатой f (велічыня адваротная перыяду: f = 1 T , вымяраецца ў герцах). У еўрап. краінах і СНД прынята стандартная частата 50 Гц, у ЗША — 60 Гц. У спец. прамысл. устаноўках ужываюцца частоты да 50 МГц, у радыётэхніцы да дзесяткаў тыс. МГц. П.т. найб. прыдатны для атрымання электраэнергіі (на электрастанцыях), яе перадачы і размеркавання (з дапамогай ліній электраперадачы, падстанцый, размеркавальных электрычных сетак), што абумоўлена зручнасцю і эканамічнасцю пераўтварэння П.т., прастатой і надзейнасцю пераменнага току машын. Найб. пашыраная сістэма П.т. — трохфазны ланцуг.

Сінусаідальны П.т. i (імгненнае значэнне) з амплітудай Im, кругавой частатой ω = 2πf і пачатковай фазай φi мяняецца паводле закону: i = Imsin(ωt + φi). Дзейнае (эфектыўнае) значэнне П.т. I = Im / 2 . У ланцугу толькі з актыўным электрычным супраціўленнем ток супадае па фазе з напружаннем электрычным, а яго дзейнае значэнне I = U R У ланцугу з індуктыўнасцю L змена току выклікае эрс самаіндукцыі, якая стварае дадатковае індуктыўнае супраціўленне XL = ωL. У выніку ток па фазе адстае на чвэрць перыяду ад напружання. У ланцугу з электраёмістасцю дзеянне пераменнага напружання перыядычна мяняе зарады на абкладках кандэнсатара. У выніку ўзнікае ток, дзейнае значэнне якога I = U / 1 ωC , дзе 1 ωC = XC — ёмістаснае супраціўленне. Ёмістасны ток па фазе апераджае напружанне на чвэрць перыяду. Магутнасць электрычная П.т. складаецца з актыўнай магутнасці і рэактыўнай магутнасці. У агульным выпадку паміж токам і напружаннем існуе зрух фаз φ = arctg X R . Косінус гэтага вугла наз. магутнасці каэфіцыентам і вызначаецца адносінамі актыўнай P і поўнай S магутнасцей: cosφ = P S . Аналіз і разлік П.т. робіцца з дапамогай вектарных дыяграм, сімвалічнага метаду (геам. аперацыі з вектарамі замяняюцца алгебраічнымі, для разліку ланцугоў П.т. выкарыстоўваюцца метады і законы ланцугоў пастаяннага току), чатырохполюсніка і інш. Разлік несінусаідальнага П.т. ажыццяўляецца метадамі гарманічнага аналізу і спектральнага аналізу.

Літ.:

Бессонов Л.А. Теоретические основы электротехники. 6 изд. М., 1973;

Нейман Л.Р., Калантаров П.Л. Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 5 изд. М.; Л., 1959;

Теоретические основы электротехники. Ч. 2. 3 изд. М., 1970;

Касаткин АС. Электротехника. 3 изд. М., 1974.

У.​М.​Сацута.

Схема, графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: 1 — з актыўным супраціўленнем R. 2 — з індуктыўнасцю L; 3 — з ёмістасцю C; T — перыяд.
Графікі напружання u і току i у ланцугу пераменнага току: α, β — пачатковыя фазы току і напружання; φ — зрух фаз; Im, Um — амплітуды току і напружання; ω — вуглавая частата; t — час.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,

абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.​Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.​Купалы, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.​Коласа).

Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд. Мн., 1982;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987;

Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд. Мн., 2001.

Т.​І.​Шамякіна.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),

цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.

Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.

Літ.:

Системные исследования. М., 1969;

Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;

Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;

Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;

Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

праго́н

1. Абгароджаная або неабгароджаная дарога, па якой гоняць жывёлу на пашу, вадапой (БРС).

2. Дарога да былога панскага двара (Нясв.); праезд ад хаты да вуліцы (Слаўг.).

3. Часовая паша для жывёлы (Слаўг.).

4. Адлегласць паміж двума парамі калоў у прасле (Слаўг.).

□ ур. Ля прагона (поле, луг) каля в. Малева Нясв.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)