пе́сня, ‑і, ж.

1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню. Асіпенка. // Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці. Анісаў. // Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак. Мурашка. // Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..» Чарот.

2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова. // Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна. Бядуля.

3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.

•••

Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.

Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.

Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).

Песня чыя спета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).

Старая песня — што‑н. даўно вядомае.

Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.

2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.

3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.

4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.

•••

Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае правілам, заснаваны на правілах (у 1 знач.); беспамылковы. Правільнае напісанне. □ Ярохін сказаў не на зусім правільнай, але выразнай англійскай мове: — Малайчына! Вы паглядзіце толькі, дзе ён пасадзіў нас. Па пятаку. Шамякін. // Заканамерны, рэгулярны. [Лютынскі:] Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак. Крапіва.

2. Які адпавядае сапраўднасці; праўдзівы. [Валя] трымае.. [гадзіннік] у руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час. Пестрак.

3. Такі, як патрэбна, які прыводзіць да патрэбных вынікаў. Правільны ўчынак. □ Адзіка правільным шляхам да шчасця — да заможнага і культурнага жыцця — для нас, сялян, з’яўляецца калгасны шлях. Брыль. // Разм. Добры, справядлівы (звычайна пра чалавека). — Правільны чалавек наш камандзір, — зазначыў ён нібы сам сабе. Краўчанка. — Правільны чалавек твой бацька, — пахваліў Васільеў. Алешка.

4. Рытмічны, раўнамерны, які дзейнічае пастаянна. Правільны пульс.

5. Які адпавядае правілам прапорцыі, сіметрыі. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам. Колас. Сталь — белая, бы чыстае срэбра, — правільным авалам астывала ля гарлавіны. Савіцкі. / Пра рысы твару. [Жанчына] мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам. Карпюк.

6. Спец. Такі, усе стораны і вуглы якога роўны паміж сабой (пра многавугольнік). Правільны многавугольнік.

•••

Правільны дроб гл. дроб ​2.

Збіцца з правільнай дарогі гл. збіцца.

Збіць з правільнай дарогі гл. збіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праміну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н. [Паходня] прамінуў завулак, што вёў дахаты, і пашыбаваў да будынка ў цэнтры вёскі. Хадкевіч. Машына, узнімаючы за сабою пыл, ужо даўно прамінула шэрыя станічныя гароды. Чыгрынаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прайсці, мінуць (пра час, здарэнні і пад.). Дзень прамінуў. Ужо ў імгле Стаў набліжацца вечар. Танк. Мы нават не заўважылі з табою, Як прамінула наша маладосць І мы ўступілі ў сталыя гады. Глебка.

3. што. Зрабіць пропуск (у пісьме, пры пытанні). Прамінуць радок. Прамінуць дзве старонкі.

4. перан.; што і з дадан. сказам (звычайна з адмоўем). Упусціць выпадак зрабіць, сказаць што‑н. Дануся ні аднаго разу не прамінула, каб не сустрэцца са мной. Карпюк. [Далідовіч] не прамінуў выпадку, каб распытаць у сувязных, ці не ведаюць яны што-небудзь пра партызанскага разведчыка, якога захапілі немцы. Шахавец.

5. перан.; каго-што. Прапусціць, абысці каго‑, што‑н. На службе аб гэтым канцэрце яшчэ задоўга прагудзелі ўсе вушы, і я вырашыў не прамінуць яго і, канешне, запрасіць Соню. Ракітны. Трэба сачыць, каб нікому лішняга не прыпісаць і нікога не прамінуць. Кавалёў.

6. перан.; каго-што. Абысці, не закранаючы (у размове, пры абмеркаванні і пад.). Гаворачы пра вобраз масы ў паэме, нельга прамінуць такога моманту, як гістарычная канкрэтнасць. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго-што.

1. Імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць. Прывабіць рабчыка. Прывабіць глушца. // Прыцягваючы ўвагу якой‑н. прынадай, прымусіць наблізіцца (рыб, звяроў і пад.). На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. В. Вольскі.

2. Прыцягнуць чыю‑н. увагу, погляд і пад. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў .. [немца], бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Якімовіч. [Шарон:] Па акно павесь які рызман, Каб не прывабіла каго святло. Танк.

3. Выклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў якімі‑н. рысамі характару, знешнасцю і пад. Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Навуменка. Магчыма, што .. [Люба] ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Шамякін. // Выклікаць цікавасць, станоўчыя адносіны да сябе. Ля новага дома Стаяў я з дзяўчынай. Прывабіў праект У аконнай вітрыне. Арочка. Сваім патрыятызмам прывабіў Багдановіча і верш Самійленкі. Лойка.

4. Выклікаць у каго‑н. інтарэс, цікавасць, адкрыць перад кім‑н. цікавыя магчымасці; зацікавіць. Прывабіць добрай пасадай. □ Дземідзецкі, Тумаш, Лазарэвіч і астатнія па сабе ведалі, чым прывабіць крымінальнікаў. Новікаў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. Ці то хлопца прывабіў гэты спакой і яму захацелася напоўніць ім сваю душу, ці што другое, але ён хутка сабраўся.. і пайшоў да ракі. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).

2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.

3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.

4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.

5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.

6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур і пад., якія служаць упрыгожаннем чаго‑н. Намітку накладвалі такім чынам, што распраўлены канец з вышытай разеткай спускаўся па левым плячы, а разетка была на ўзроўні пляча. «Помнікі». // Ордэнскі бант, які носяць у пятліцы.

2. Маленькі сподачак для варэння, мёду, цукру і пад. Седзячы ў качалцы, Кашына ўзяла лыжачку, разетку з варэннем і, пасмоктваючы агрэст, пачала расказваць навіны. Карпаў.

3. Элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры). Цяжка было адвесці вочы ад высокага будынка, складзенага з тоўстых, амаль мядзяных, бярвенняў, якія месцамі былі прыкрыты белымі драўлянымі карункамі розных карнізаў, падаконнікаў, разетак і іншых разбярскіх цудаў. Рамановіч. Дошка [на акне] упрыгожваецца выразаным малюнкам, звычайна накладнога характару, у выглядзе ромбаў, разетак, віньетак, стылізаваных звяроў, птушак, кветак і лісця. «Беларусь».

4. Прыстасаванне для ўключэння асвятляльных, награвальных і іншых прыбораў у электрычны ланцуг. [Толя] стаяў каля сцяны і падключаў да электрычнае, разеткі трансфарматар. Шыловіч.

5. Спец. Група лістоў, якія скучана размешчаны пры самай зямлі па вертыкальным парастку.

6. Шкляны або папяровы абажур для электрычнай лямпы ў выглядзе раструба.

7. Шкляны, фарфоравы або металічны кружок з адтулінай у сярэдзіне, які засцерагае падсвечнік ад капель стэарыну, воску і пад.

[Фр. rosette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

соль 1, ‑і, ж.

1. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, якое ўжываецца як прыправа да ежы. Сталовая соль. □ Тым часам маці тарапліва Закон дзядоў сваіх спаўняе: Кладзе кусочак хлеба з соллю Пад красны кут. Колас.

2. перан. Асаблівы сэнс, значэнне чаго‑н. [Апейка:] — Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць і як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць і слухаюць. Мележ. Але ўся соль твора звычайна выступае на паверхні, адкрываецца ў поўным сваім аб’ёме менавіта ў трапных заключных радках добрай байкі. Бугаёў.

3. Хімічнае злучэнне, рэчыва — прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам. Калійная соль. Глаўберава соль. Берталетава соль. Каменная соль. Горкая соль. Кіслая соль.

•••

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падсыпаць солі гл. падсыпаць.

Пуд солі з’есці з кім гл. з’есці.

Соль зямлі — пра лепшых людзей якой‑н. грамадскай групы, грамадства.

Соль табе ў вочы — прымаўка, якую ўжываюць, каб засцерагчы ад дрэннага вока, ад уроку.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хлеб ды соль гл. хлеб.

Хлеб-соль гл. хлеб.

соль 2, нескл., н.

Пяты гук музычнай тамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук. І цудоўныя гукі то раптам паніжаліся да ніжняга соль і амаль знікалі, то нечакана ўзляталі да верхняга фа дыез. Васілёнак.

[Іт. sol.]

соль 3, ‑я, м.

Грашовая адзінка Перу, роўная 100 сентава.

[Ісп. sol.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дчына, ‑ы, ж.

1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну. Машара. Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў. Танк. // перан. Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры. Лобан. / Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага. Панчанка. З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну. Нядзведскі. // Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам. «Помнікі». [М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай. Гілевіч.

2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Звязда». Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца. Суднік. Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну. Лойка.

3. Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. — А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.

2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.

3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.

4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)