ТУБЯРО́ЗА (Polianthes tuberosa),

кветкавая расліна сям. амарылісавых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Культывуецца з 16 ст. як эфіраалейная і дэкар. расліна пераважна ў Міжземнамор’і, Паўд.-Усх. Азіі.

Шматгадовая травяністая цыбульная расліна. Кветаноснае сцябло выш. да 120 см. Прыкаранёвае падоўжанае лісце ў разетцы, сцябловае ўкарочанае, вузкалінейнае. Кветкі пахучыя, белыя, дыяметрам 5—8 см, у рыхлым коласападобным суквецці. Эфірны алей кветак выкарыстоўваюць у парфумерыі.

т. 16, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМА́Н (Pulicaria),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — У. звычайны (Р. vulgaris). Трапляецца на вільготных пясчаных лугах, водмелях і берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы лямцава-апушаныя, прамастойныя, галінастыя. Лісце чаргаванае, сядзячае, суцэльнае. Кветкавыя кошыкі паўшарападобныя, сабраныя ў агульнае мяцёлчата- або шчыткападобнае суквецце. Плод — сямянка. Лек., інсектыцыдныя расліны.

Уман звычайны.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕК СЕРАБРЫ́СТЫ, мерлуза серабрыстая (Merluccius bilinearis),

рыба сям. мерлузавых атр. траскападобных. Пашыраны ў Атлантычным ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Жыве пераважна на глыб. 30—300 м.

Даўж. да 70 см, пераважае даўж. 35 см. Палаваспелы ў 3—4 гады. Нераст парцыённы, з мая па кастрычнік, на глыб. 40—150 м.

Плоднасць да 400 тыс. ікрынак. Корміцца беспазваночнымі і рыбай. Аб’ект промыслу.

Хек серабрысты.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАБАЧО́К АМУ́РСКІ (Pseudorasbora parva),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў бас. Амура, у Кітаі, Карэі, Японіі, на Тайвані; сустракаецца таксама ў сажалкавых гаспадарках Еўропы і Сярэдняй Азіі.

Даўж. да 11 см. На целе буйная луска, у верхняй ч. цела на лускавінках цёмны абадок. Уздоўж бакоў цела вузкая цёмная паласа. Рот маленькі, верхні, папярочны. Корміцца ракападобнымі і лічынкамі хіранамід.

Чабачок амурскі.

т. 17, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

груз, ‑у, м.

1. Цяжар, вага. Самалёт падскочыў, вызваліўшыся ад грузу скінутых бомбаў. Шамякін. // Цяжкі прадмет. Начапіць груз на леску. // перан.; чаго. Тое, што гняце, мучыць. І людзі выпростваюць плечы, Скідаюць нявольніцтва груз. Астрэйка.

2. Тавары, паклажа, прызначаныя для перавозкі. Сям-там на пуцях стаялі.. платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Лынькоў. Неўзабаве ўвесь нарыхтаваны груз быў перанесены на сані. М. Ткачоў.

•••

Мёртвы груз — пра матэрыяльныя каштоўнасці, якія ляжаць без выкарыстоўвання. Золата мёртвым грузам ляжыць у зямлі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Прабіцца, прарвацца праз што‑н. з сілай — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мабыць, па гэтай шашы ў мірныя дні і машын хадзіла вельмі мала, бо праз каменне бруку сям-там папрабіваліся чэзлыя зялёныя парасткі. Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Выступіць на паверхню — пра ўсё, многае. Пачырванеў.. [брыгадзір], аж кроплі поту на носе папрабіваліся. Шынклер.

3. Накалоцца на што‑н. вострае — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБВО́ЙНІК (Periploca),

род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.​Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).

Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.

Абвойнік грэчаскі.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́Р,

чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.

Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.

Агар.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМА́Й (Sorhum halepense), сорга алепскае, джонсанава трава,

адзін з відаў сорга, шматгадовая травяністая расліна сям. злакаў, пустазелле. Пашыраны ад Міжземнамор’я да Індыі і Кітая; на Пд Сярэдняй Азіі і Казахстана, у Закаўказзі, на Паўн. Каўказе, у Крыме. Цяжкавынішчальнае пустазелле ў раёнах арашальнага земляробства, засмечвае пасевы с.-г. культур. Размнажаецца вегетатыўна (ад карэнішчаў) і насеннем. Зялёная маса гумая — корм для буйн. раг. жывёлы і коней.

Гумай.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУІ́Н, жоўты павіян (Papio cynocephalus),

вузканосая малпа сям. мартышкападобных. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы. Жыве ў стэпавых і гарыстых мясцовасцях.

Даўж. цела да 75 см, хваста 60 см. Афарбоўка поўсці жаўтаватая (адсюль другая назва). Склад цела моцны. Морда падоўжаная, галава падобная на сабачую. Валасяное покрыва шорсткае, доўгае. Вядзе наземны спосаб жыцця. Жыве вял. (да некалькіх сотняў) статкамі. Корм раслінны і жывёльны.

Сям’я бабуінаў.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)