ат, выкл.

1. Пры перадачы абвяржэння, рашучага адмаўлення. — Ат, не крывіце душою, дзядзька Цымбал, — высокім нецярплівым голасам умешваецца Ульяна. Скрыган. — Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і прыйду, — супакоіў [жонку] Лявон. Дамашэвіч. Сідар кіне недакурак на зямлю, растопча яго і скажа, зневажальна зірнуўшы на Кручка: — Ат, глупства. Чарнышэвіч.

2. Пры перадачы непрыемнасці, адчаю; эх. — Ат! — махнуў рукой стары. — Быў дуб, ды сваё адшумеў. Хадзем вось лепш у хату. Брыль. [Бацька:] — Ат, скруцілася дурніца. Ніякага зладу з ёю [Гэлькай] няма. Грахоўскі. — Ат, што было, то было, — не залюбіў Сцяпан і, каб перавесці гаворку, зноў пачаў пра сала. Гроднеў.

3. Пры перадачы бесклапотнасці, нядбайнасці: няхай, так. Навіну радасную гэту [прылёг жаваранка] Паслаў адразу ў газету. А што, калі не надрукуюць? Ат, жаваранка й так пачуюць! Вітка. [Цёця Сіма:] — Ат! Зробім усё і без тае цёткі, менш мітусні ў кватэры будзе. Дубоўка. [Васіль Сямёнавіч:] — Ат, што там доўга гаварыць альбо вельмі браць да галавы, калі ўсё ідзе на лад... Паслядовіч.

4. Пры выказванні незадаволенасні, прыкрасці. [Тарэнта:] — Ат, каб не казаць дрэннага слова, не чалавек ты, Мікіта, душы не маеш чалавечай, братавай. Галавач. [Маці:] — Ат, знайшоў каго слухаць — Данілу. Той спіць і ў сне партфель бачыць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сціся, вядзецца; пр. вёўся, вялася, вялося; заг. вядзіся; незак.

1. Адбывацца, ажыццяўляць, праводзіцца. Вядзецца барацьба за высокую якасць прадукцыі. Вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва. □ Страляніна была моцная і інтэнсіўная. Здавалася, што яна вядзецца недзе зусім непадалёку. М. Ткачоў. Пачынаючы з гэтага дня, работы на канале вяліся ўжо штодзённа. Краўчанка. // Прадаўжацца, працягвацца. Жанчына ўздыхала І шаптала: «Вам як знаёмаму па шчырасці скажу...» Хаця знаёмства ў іх не так даўно вялося, Адразу тут каля акна і пачалося. Корбан. Вось так гамонка ў іх вялася У зручны выпадак не раз. Колас.

2. Жыць; пладзіцца, размнажацца. Калісьці зубры вяліся па ўсёй Еўропе. В. Вольскі. Пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, вераб’і, у дуплах вяліся шпакі. Чарнышэвіч. // Гадавацца, даваць прыплод. [Мацвей:] — У мяне свінні, на яго ліха, не вядуцца: падгладзіш крыху, то возьме і прыхварэе. Лобан.

3. Быць, мецца ў наяўнасці. Бацька гаспадарыў, дык і хлеб вёўся. Якімовіч. Кавалачак сала ў нас яшчэ вядзецца, а скончыцца — перабудзем дзён колькі на хлебе. Пальчэўскі.

4. безас. Быць звычаем, падтрымлівацца. Нас знаёміла Зося і ўсіх нас вяла, Як пры [сустрэчах] вялося, у дом да стала. Куляшоў. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з’яўляліся меней значныя асобы. Колас.

5. Зал. да весці (у 1, 2, 4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́браць, ‑беру, ‑бераш, ‑бера; зак.

1. што. Беручы адно за адным, дастаць, выняць усё да апошняга; зрасходаваць. Выбраць ваду са студні. Выбраць сала з кубла. Выбраць ліміты. □ На балоце калісьці капалі торф, і, дзе яго выбралі, стаяла вада. Чорны. // Сабраць ураджай бульбы, агуркоў і пад. Выбраць бульбу ў полі. □ Восень дажджлівая прыйдзе Яблыкі ў садзе атрэсці, Выбраць цыбулю ў гародзе. Танк.

2. каго-што. Параўноўваючы наяўнае, аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. Выбраць спадарожніка. Выбраць месца для начлегу. Выбраць занятак па душы. □ Затое ж дзядзька хват і дока, Набіў на косах сваё вока, І калі выбера ён коску — Не пара іншаму падоску. Колас.

3. што. Адабраць што‑н. па якой‑н. прыкмеце. Выбраць дзесятак спелых яблык. □ [Люба:] — Вось намалоцім новага жыта ў цапы, выберам саломы, тады на лета і [страху] перакрыем. Васілевіч.

4. каго. Абраць галасаваннем для выканання якіх‑н. абавязкаў. Выбраць прэзідыум сходу. □ Позна ноччу новы прафком выбраў сваім старшынёй Грушэўскага. Карпюк.

5. што. Разм. Знайсці неабходны час для ажыццяўлення чаго‑н.; выкраіць. Выбраць зручны момант. □ І ўспомніў.. [Сцёпка] свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Колас.

6. Спец. Зняць, састругаць рубанкам ці якім‑н. іншым інструментам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Размеркаваць, раздзяліць (на часткі, групы і інш.). Падзяліць рэспубліку на вобласці. Падзяліць хату на дзве палавіны. □ [Дзед:] — Хіба можна бясконца зямлю дзяліць?.. Падзялілі ўздоўж, падзеляць упоперак, а тады што?.. Галавач. Чайную фабрыку пакінулі для агульнага карыстання, а плантацыю падзялілі. Маўр. Праз некаторы час вучняў падзялілі на арцелі. Шыловіч. // Размеркаваць паміж кім‑н., дзелячы на роўныя долі. — Я падзяліў сыры і сала між таварышамі... Бядуля. [Камісараў:] Падзяліце хлеб на ўсіх. Маўзон.

2. Зрабіць падзея маёмасці, гаспадаркі. [Міця:] — Надзелы драбнелі, а людзі множыліся. Як было бацьку падзяліць тры дзесяціны на трох сыноў? Навуменка.

3. Аддаць частку свайго каму‑н. Хадзем, дачка, са мной, — З табой усё, што маю, падзялю я. Астрэйка. І напалам кавалак хлеба З табой па-брацку падзяліў. Прыходзька. // перан. Аддаць, уступіць каму‑н. што‑н. Падзяліць першае і другое месца. Дзеці не падзялілі мячыка.

4. перан. Перажыць што‑н. разам. Мы ўсе — Радзімы мужныя салдаты, Мы з ёй падзелім цяжкі лёс. Бачыла. Так і не падзяліла маці Марынінай радасці. Шахавец. // Далучыцца да чужых поглядаў, выказаць згоду. Падзяліць думкі аўтара.

5. Зрабіць дзеянне дзялення (у 2 знач.). Падзяліць трыццаць на шэсць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіння́, ‑і; мн. свінні, свіней; ж.

1. Парнакапытная млекакормячая жывёліна, свойскі від якой разводзяць для атрымання сала, мяса, скуры, шчаціння; самка гэтай жывёліны. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч.

2. перан. Разм. Пра бруднага, неахайнага чалавека. На погляд мой, Ты [Вавіла] змог бы праз гадзіну стаць Свіння свіннёй. Корбан. // Нявыхаваны, грубы, некультурны чалавек. Пасадзі свінню за стол — яна і ногі на стол. Прыказка.

3. перан. Разм. Чалавек, які незаслужана робіць каму‑н. непрыемнасці; няўдзячны чалавек. [Максім:] — За каго ты [Паліна] мяне лічыш, свіння ты гэткая? Шамякін. — Што, пагаварыла ўчора на мяне абы-чаго? Я думаў, што ты разумная, аж ты свіння. — Сак сказаў гэтыя словы, пазіраючы Галі ў самыя вочы, у душу, можна сказаць. Ермаловіч.

4. у знач. прысл. свіннёй. Уст. Парадак пастраення войск у выглядзе кліна. Рыцарскія войскі рухаліся свіннёй.

•••

Іаркшырскія свінні — парода свіней, якая характарызуецца хуткім ростам, вялікай вагой і пладавітасцю.

Марская свіння — млекакормячая жывёла сямейства дэльфінавых.

Падлажыць (падсунуць) свінню гл. падлажыць.

Як свінні сядло (падыходзіць) гл. сядло.

Як свіння (напіцца, набрацца) — без разбору, многа выпіць гарэлкі, віна.

Як свіння на саладзінах (знацца, разбірацца) — зусім не разбірацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спод, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.

2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.

3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.

4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.

•••

Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць лёгкі шум, шоргат. Дождж шастаў па жалезным даху навеса, як бы нараджаючы спакойную, мяккую музыку. Навуменка. Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Гартны. // чым. Рухаючы чым‑н., шамацець. То шастала [Ганна] сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала. Мележ. За вокнамі вые завіруха, шастаюць голымі галінамі яблыні ў садку, а ў пакоі цёпла ад напаленай грубкі. Хадкевіч.

2. Разм. Сцябаць, біць з шумам. Раса вельмі хутка змачыла калашыны маіх палатняных портак, і яны гучна шасталі па лытках. Сачанка.

3. Разм. Хадзіць, снаваць туды-сюды. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад’есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць, — .. [Мароз] думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Быкаў. Нячутна шасталі па сценах доўгія цені. Шамякін.

4. Разм. Лазіць, шнарыць з мэтай выгледзець што‑н., сцягнуць, адшукаць што‑н. Ужо заняўся веташок На макаўцы віхрастай. Забудзь стажок і муражок І ў сад чужы не шастай! Барадулін. — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З ўнукам пастараліся. Не будзе больш, шэры, шастаць, дзе не след. Даніленка.

5. Разм. Крэмзаць, пісаць. Ахутаўшыся густымі клубамі махорачнага дыму, .. [Аркадзь Куляшоў] ужо шастае алоўкам на папяровым лісце. Бялевіч.

6. што. Разм. Рэзаць. Шастаць нажом сала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмато́к, ‑тка, м.

1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.

2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.

3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што і без дап. Цягнуць, тузаць кароткімі, рэзкімі рухамі. Да Панаса падышлі абодва хлопцы. Адзін — бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі. Галавач. — Зоя Кірылаўна! Ён мяне за косы шморгае... Дубоўка. // Шморгаючы, зрываць што‑н. або абрываць з паверхні. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Шамякін. Маці з цёткаю пільна завіхаюцца, шморгаюць у кошыкі буйныя спелыя ягады. Ус.

2. што і без дап. Праводзіць па чым‑н., намазваючы што‑н. Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску. Лынькоў. // Церці па чым‑н. Хуценька шморгаю шчоткаю зубы, мыюся — усё раблю спехам. Савіцкі. На парозе.. спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Чорны.

3. чым. Прыціскаючы, праводзіць чым‑н. па якой‑н. паверхні, утвараючы характэрны гук. А сам [Венька] крадком, крадком, паўз сцяну бэзу адбегся падалей і, схаваўшыся за кустамі, пазіраў, як Шурка шморгае карабком па запалцы. Шыловіч.

4. чым. З шумам часта ўцягваць носам паветра. Слаўка стаяў у кутку, шморгаў носам і злосна пазіраў на брата. От, гэты свісток! Няхай. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Любівы, люблівы, лібівы, ліблівы, любовы, любэвы, любывый ’посны, нятлусты (мяса)’, ’сала з праслойкамі мяса’ (Нас., Касп., Мядзв., Юрч., Вешт. дыс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг. і інш.), зэльв. любо́віно мяса (Сцяшк.), усх.-бел. любавіна ’благое, поснае мяса’ (КЭС і Мат. Маг.), ст.-бел. либѣвый ’змардаваны’, либивость ’худзізна’ (Скарына), якія запазычаны з чэш. liběvý, libivost. Рус. любови́на, смал. любавый, кур. либавчина ’слой мяса на сале’, ст.-рус. либивый ’худы’, паўн.-рус. ли́би́вый, либиво́й ’тс’; каш. lëbavi ’павольны, гультаяваты’, ’любівы’, ’высокі, але тонкі і худы’, велікапольск. lubave mʼysu̯o ’любівае мяса’, в.-луж. libojty < libovitъ, ст.-чэш. libivý, чэш. libový ’тс’, мар. lebavý ’пусты, дрэнны’; славен. libovína, lȋbivo ’мяса без косці’, кайк. libiv ’сухі, пусты’, серб.-харв. либовина ’сцягно’, макед. либав ’слабы’, ц.-слав. либавъ ’худы, мізэрны’. Прасл. libavъ, libivъ, libovъ ’худы, слабы’ (Слаўскі, 4, 218–219), утвораныя ад libъ (параўн. каш. lëbi ’высачэзны, слабы’, ст.-польск. luby ’шчуплы’, каш. lubï ’тс’, в.-луж. liba ’жылістае мяса’, ст.-чэш. libí ’поснае (мяса)’; роднаснымі да яго будуць: літ. líebas ’слабы, тонкі, стройны’, ст.-сакс. lêf ’слабы, хворы’ і з чаргаваннем галоснай літ. láibas, лат. laĩbs ’слабы, тонкі, стройны’, літ. leĩnas ’тс’, лат. lèins ’крывалапы’. І.‑е. *lēibho‑ (Слаўскі, 4, 222; Фасмер, 2, 543 і 492; Махэк₂, 330; Скок, 2, 293; Бязлай, 2, 139; Шустар-Шэўц, 11, 837–838). Пераход лі‑ > лю‑ адбыўся пад уплывам слова любовь; у польск. мове мена li‑ > lu‑ назіралася ўжо ў XV ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)