Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАШЧА́КА,
традыцыйная бел. страва — мачанне для бліноў. Падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, свіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. У наш час верашчака пашырана на ўсёй Беларусі пад назвай мачанка.
т. 4, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКО́Н (англ. bacon),
засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).
т. 2, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ КОСЦЕАБПА́ЛЬНЫ І КЛЕЯВА́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1865—1914 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў касцявую муку (1884—95), штучныя ўгнаенні, сталярны клей, касцявы вугаль, касцявое сала, сернакіслы аміяк, мыла, гліцэрыну (1913). У 1895 выраблена прадукцыі на 28,5 тыс. руб. Працавала да 50 рабочых (1905).
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,
бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.
т. 6, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎБІК,
бел. нар. страва; свіны страўнік, начынены мясам. У вычышчаны размяты страўнік шчыльна ўкладвалі папярэдне пасоленыя і прыпраўленыя рэзанае мяса з ашыйка, лапатак, сцёгнаў, сала і зашывалі. Вешалі пад страхой у торбе ці ў кашы. На З Беларусі К. да вясны трымалі ў расоле, потым высушвалі на сонцы. Свіны страўнік начынялі таксама варанымі пасечанымі вантробамі, кашай са скваркамі, дранай бульбай.
т. 8, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫГАХО́Д,
рух крыг і ледзяных палёў на рэках, азёрах і вадасховішчах пад уплывам цячэння або ветру. Адбываецца вясной і восенню, зрэдку зімой пры моцных і працяглых адлігах. Пры веснавым К. рухаюцца льдзіны, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння ледзянога покрыва, пры асеннім — ільдзіны, што сфарміраваліся пры змярзанні ледзянога сала, шарашу, кавалкаў лёду, якія адрываюцца ад заберагаў. К. нярэдка суправаджаецца заторамі лёду. Гушчыня К. на рэках ацэньваецца ў 10-бальнай сістэме, на азёрах — у 3-бальнай.
т. 8, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЫ́РАЎ (Гумер Башыравіч) (н. 7.1.1901, с. Янга-Сала Арскага р-на, Татарстан),
татарскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1931 (апавяданне «Кроў Хашыма»), Збіраў і даследаваў тат. фальклор, які паўплываў на характар яго творчасці. У творах падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў, жыццё вёскі (аповесці «Сіваш», 1937; «Родны край — зялёная мая калыска», 1967; зб-кі апавяданняў «Помста», 1942; «Гарманіст», 1943; раманы «Гонар», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Добрай раніцы», 1963; «Сем крыніц Алтынбікэ», кн. 1—2, 1977—78.
т. 2, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНО́Е ПО́КРЫВА,
ледзяныя ўтварэнні, якія ўкрываюць у халодны перыяд года паверхні акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, а таксама прынесеныя цячэннямі і вятрамі з суседніх раёнаў. У морах і акіянах высокашыротных абласцей існуе на працягу ўсяго года. Марская вада з пачатку замярзання праходзіць стадыі ўтварэння лёду: іголкі, сала, ніласавыя льды (таўшчыня ад 1 да 10 см), маладыя — шэрыя, шэра-белыя і белыя (ад 10 да 100 см). У палярных абласцях шматгадовае Л.п. дасягае таўшчыні 2,5 м і больш.
т. 9, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДАВА́ННЕ,
у славян і інш. народаў традыц. звычай абходу хат на каляды і віншаваць гаспадароў. Каляднікі (калядоўшчыкі) насілі звязду і выконвалі велічальныя калядныя песні, тэатралізаваныя сцэнкі з пераапрананнем у «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жураўля». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. — стараж. агр. абраднасць, прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу, ад каляд сонца паварочвала на лета) і забеспячэнне багатага ўраджаю ў новым гасп. годзе. К. як рэшткі язычніцтва забаранялася царквой. З цягам часу яно ператварылася ў забаву.
А.І.Гурскі.
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)