ша́шка ​1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Кружок з дрэва, косці, пластмасы (звычайна белага або чорнага колеру), прызначаны для гульні на спецыяльнай дошцы.

2. толькі мн. (ша́шкі, ‑шак). Гульня па пэўных правілах на дошцы з 64, 100, 144 светлых і цёмных клетак кружкамі адпаведнага колеру паміж двума праціўнікамі. Клопікаў пасля вячэры іграў у шашкі са сваім старым дружбаком. Лынькоў.

3. Разм. Пра тое, што мае форму, узор клетак. Рысунак у дробную шашку.

4. Кубік спрасаванага выбуховага рэчыва. Піраксілінавая шашка. Дымавая шашка. □ Падрыўнікі заклалі шашкі, па камандзе падпалілі кароткія бікфордавыя шнуры і адбегліся ў адхон. Краўчанка.

ша́шка ​2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Халодная зброя ў выглядзе доўгага, злёгку сагнутага клінка (у адрозненне ад шаблі мае не металічныя, а скураныя ножны). Закашляўся Максім, кракнуў, бы гусь, стараста, а ўраднік паправіў ля боку шашку ды разгладзіў далоняй вусы. Каваль.

[Ад кабард. sešxo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о́рган, ‑а, м.

1. Частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю. Органы пачуццяў. Сэрца — орган рэдкай працаздольнасці.

2. перан. Сродак, зброя. Суд у нашай краіне — гэта не толькі орган прымусу. «Звязда».

3. Установа, арганізацыя, якая ўваходзіць у склад сістэмы ўпраўлення і выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця. Органы савецкай улады. Гаспадарчыя органы. □ Да вайны .. [Лёня] працаваў у Мінску ў органах бяспекі. Новікаў. У брыгадзе выбраны савет з найбольш актыўных і паважаных работнікаў. На кароткіх сваіх пасяджэннях пасля работы гэтыя аўтарытэтныя брыгадныя органы падводзяць вынікі работы за дзень. Кулакоўскі.

4. Перыядычнае выданне, якое выпускаецца якой‑н. партыяй, арганізацыяй і выражае іх погляды і дзейнасць.

5. Састаўная частка розных прылад, якая выконвае пэўную функцыю. Сепарыруючыя органы камбайна. Рабочыя органы бараны.

•••

Правізорныя органы — часовыя органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёлін, якія знікаюць у працэсе развіцця арганізма.

Рудыментарны орган — орган, які страціў сваё значэнне ў працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў або які знаходзіцца на шляху да поўнага знікнення.

[Ад грэч. órganon — прылада, інструмент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Меч 1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼa ’шабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч 2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.​А.​Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.​Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.​М.​Аляксееў з удзелам К.​І.​Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.​Кларк). Пасля набыцця палаца І.​Ф.​Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.​Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.​Панятоўскага (скульпт. Б.​Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).

В.​Ф.​Марозаў, В.​Р.​Анціпаў.

Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Да арт. Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ТА-МІКЕ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, Эгейская культура,

умоўная агульная назва культур бронзавага веку в-ва Крыт (мінойскай), астравоў Эгейскага м. (кікладскай) і мацерыковай Грэцыі (эладскай). Узнікла і развівалася ў 3—2-м тыс. да н.э. (30—12 ст. да н.э.). Зведала непасрэдны ўплыў культ. здабыткаў Б.​Усходу (Стараж. Егіпет), але захавала сваю самабытнасць; паліт., эканам. і культ. жыццё мясц. протадзяржаў развівалася ў палацавых гаспадарках гарадоў Крыта, Мікенаў, Троі, Піласа і інш. Яе гісторыя паводле вынікаў археал. даследаванняў англ. археолага А.​Дж.Эванса падзяляецца на 4 перыяды: раннемінойскі, ці дапалацавы (2600—2000 да н.э.); сярэднемінойскі, ці палацавы (2000—1700 да н.э.); сярэднемінойскі, ці новапалацавы (1700—1400 да н.э.); познамінойскі, ці пасляпалацавы (1400—1150 да н.э.). Росквіт гаспадаркі і культуры найб. стараж. дзяржавы на Крыце адбыўся ў 17—16 ст. да н.э. Сумеснай працай многіх пакаленняў архітэктараў, земляробаў, рамеснікаў і рабоў быў пабудаваны суцэльны комплекс прыбл. з 300 памяшканняў — велічны трохпавярховы Кноскі палац, т.зв. Лабірынт. Падобны палац быў у Фесце на Пд Крыта. Рэлігіяй крыцян было мнагабожжа: «Вялікая багіня» (захавалася статуэтка багіні, якая трымае змей), Мінатаўр і інш. Жывапіс прадстаўлены фрэскамі («гульня з быком», «кноская парыжанка» і інш.), расфарбаванымі рэльефамі на сценах («цар-жрэц»). У 1953 дэшыфраваны таблічкі лінейнага пісьма 18—11 ст. да н.э. (гл. Крыцкае пісьмо). З уварваннем з Прыдунаўя на мацерыковую Грэцыю плямён ахейцаў у канцы 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне стараж.-грэч. народнасці і мікенскай культуры (па назве яе цэнтра Мікены). Яе росквіт прыпадае на 15—13 ст. да н.э.

Шахтавыя магілы з мноствам каштоўных рэчаў з золата, серабра і інш. (залатая маска, кераміка, зброя) даследаваны ням. археолагам Г.Шліманам (1876). Асн. цэнтр мікенскай культуры — палацы Мікен, Піласа, Афін, Фіваў і інш. Іх архітэктура адрозніваецца ад крыцкай (умацаванні, магутныя сцены, цытадэлі). Захаваліся фрэскі, размаляваная кераміка, тэракотавыя статуэткі і інш. На мяжы 13—12 ст. да н.э. К.-м.к. і яе цывілізацыя перасталі існаваць пад ударамі плямён дарыйцаў.

Літ.:

Колпинский Ю.Д. Искусство Эгейского мира и Древней Греции. М., 1970;

Сидорова Н.А. Искусство Эгейского мира. М.,1972;

Соколов Г.И. Искусство Древней Греции. М., 1980;

История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа М., 1988.

М.​С.​Корзун, К.​А.​Равяка.

Да арт. Крыта-мікенская культура. Ільвіныя вароты ў Мікенах. Рэльеф. 13 ст. да н.э.
Да арт. Крыта-мікенская культура. Маска з грабніцы VI магільнага круга «А» ў Мікенах. 16 ст. да н.э.
Да арт. Крыта-мікенская культура. Зборшчык шафрану. Фрагмент фрэскі з Кноскага палаца. 1700—1600 да н.э.

т. 8, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬСКІ (Максім Тадзеевіч) (19.3.1895, Кіеў — 24.7.1964),

украінскі паэт, вучоны. Акад. АН Украіны (1943), акад. АН СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1915—18). У 1919—29 працаваў настаўнікам. З 1944 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1907. Зб-кам вершаў «На белых астравах» (1910), «Пад асеннімі зорамі» (1918), «Сіняя далячынь» (1922), «Праз буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929) уласцівы зварот да класікі, да лепшых узораў зах.-еўрап. паэзіі. У зб-ках «Знак шаляў» (1932), «Кіеў» (1935), «Лета» (1936), «Украіна» (1938), «Збор вінаграду» (1940) лірызм, філасафічнасць, асацыятыўнасць замяняюцца дэкларатыўнасцю, апавядальнасцю. Мужнасць, грамадзянскасць, патрыятызм характэрны для творчасці Р. перыяду Вял. Айч. вайны (зб-кі «Слова пра маці-радзіму», «Світальная зара», «Светлая зброя», усе 1942; Дзярж. прэмія СССР 1943). Гуманіст. ідэал чалавека і грамадства, духоўнасць, эстэтычнасць уласцівы кн. паэзіі «Ружы і вінаград» (1957), «Далёкія небасхілы» (1959, Ленінская прэмія 1960), «Зімовыя запісы» (1964). Аўтар даследаванняў па літ.-знаўстве, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве, тэорыі перакладу. Перакладаў з інш. моў. За пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча Дзярж. прэмія СССР 1950. Беларусі прысвяціў цыклы вершаў «Шчодрасць» (1955), «На братняй зямлі» (1958), артыкулы пра Я.​Купалу («Янка Купала», 1947, «Пра паэта-рыцара», 1957), Я.​Коласа («Пра паэта і сябра», 1957), П.​Панчанку («Салдат паэзіі», 1961). На ўкр. мову пераклаў творы Ф.​Багушэвіча, Броўкі, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, П.​Глебкі, А.​Зарыцкага, М.​Калачынскага, К.​Кірэенкі, Я.​Коласа, А.​Куляшова, Я.​Купалы, В.​Таўлая. Яму свае вершы прысвяцілі Броўка, Калачынскі, Я.​Колас, артыкулы Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, Т.​Кабржыцкая, Р.​Няхай. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Броўка, Ю.​Гаўрук, Вітка, Гілевіч, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, Калачынскі, Кірэенка, М.​Лужанін, П.​Прыходзька, В.​Рагойша, А.​Русак, Н.​Тарас і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1971.

Тв.:

Твори. Т. 1—10. Київ, 1960—62;

Вибране. Київ, 1967;

Сонети. Київ, 1974;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1952;

Світальная зара: Вершы і паэма. Мн., 1985;

На братняй зямлі // Полымя. 1958. № 12.

Літ.:

Крижанівський С. Максим Рильський. Київ, 1960;

Новиченко Л. Поетичний світ Максима Рильського. Київ, 1980;

Ахрыменка П. Максім Рыльскі і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Воспоминания о Максиме Рыльском. М., 1984;

Вервес Г. Максим Рыльский в кругу славянских поэтов: Пер. с укр. М., 1981.

К.​Р.​Хромчанка.

М.Т.Рыльскі.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

холо́дный в разн. знач. хало́дны;

холо́дная пого́да хало́днае надво́р’е;

холо́дный по́яс геогр. хало́дны по́яс;

холо́дное блю́до хало́дная стра́ва;

поста́вить в холо́дное ме́сто паста́віць у хало́днае ме́сца;

холо́дный пот хало́дны пот;

холо́дное пальто́ хало́днае паліто́;

холо́дные кра́ски хало́дныя фа́рбы;

оказа́ть холо́дный приём аказа́ць хало́дны прыём;

холо́дная клёпка, прока́тка техн. хало́дная клёпка, прака́тка;

холо́дное ору́жие хало́дная збро́я;

холо́дная война́ хало́дная вайна́;

◊

холо́дный сапо́жник хало́дны шаве́ц;

холо́дное се́рдце хало́днае сэ́рца;

покры́ться холо́дным по́том пакры́цца хало́дным по́там.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

biały

biał|y

1. белы;

~y niedźwiedź — белы мядзведзь;

2. белы; светласкуры;

~a rasa — белая раса;

3. ~e мн. шахм. белыя;

ruch mają ~e — ход белых;

~a broń — халодная зброя;

~a kawa — кава з малаком;

w ~y dzień — сярод белага дня;

czarno na ~ym — чорным на белым;

Biała Planeta — астр. Венера;

~y proszek — какаін

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.

2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.

3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.

4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)