БАБКО́Ў (Уладзімір Васілевіч) (н. 31.10.1936, в. Папаратнае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай матэматыкі. Д-р фізіка-матэм. н. (1996), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе. Навук. даследаванні па выліч. метадах рашэння звычайных дыферэнц. ураўненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Вычислительные методы. Т. 1—2. М., 1976—77 (разам з У.​І.​Крыловым, П.​І.​Манастырным);

Избранные численные методы решения на ЭВМ инженерных и научных задач. Мн., 1985 (разам з Л.​М.​Гарадзецкім).

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Беларусі, на р. Мытва, у бас. Прыпяці, у Ельскім раёне Гомельскай вобласці. За 7 км на У ад Ельска, каля в. Бабруйкі. Створана ў 1972 як зона адпачынку і для гадоўлі рыбы. Пл. 1,22 км², даўж. 3,3 км, найб. шырыня 0,8 км, глыб. 3 м, пл. вадазбору 162 км². Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк 19,3 млн. м³. Правы бераг (выш. 5—6 м) зарос хваёвым лесам, на левым (да 10 м) — мяшаны лес, ворная зямля і сенажаць.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́К (Уладзімір Вікенцьевіч) (26.6.1897, в. Навасёлкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 20.9.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1948). Скончыў Казанскі ун-т (1923). З 1937 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па эксперым. і клінічным лячэнні траўматычнага шоку і крывацёку, хірург. лячэнні астэаміэліту, спантаннай гангрэны. Распрацаваў метады лячэння вострай прамянёвай хваробы, апендыкулятарных інфільтратаў, апёкаў, сепсісу.

Тв.:

Травматический шок и острые кровопотери. Мн., 1953;

Оперативная хирургия. Мн., 1962.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ Самойла, майстар касцяной справы 17 ст. Паходзіў з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. вывезены ў Маскву, працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля ў арцелі па маст. апрацоўцы косці. У 1661 вырабіў (з Кірушкам Сцяпанавым, Івашкам Мікіціным, Івашкам і Данілам Грыгор’евымі) з слановай косці шахматы. У 1680 асабіста вытачыў 2 камплекты шахматаў са слановай косці для цара: у адным фігуркі людзей з бердышамі і ружжамі выкананы ў тэхніцы разьбы, у другім — фігуркі гладкія точаныя.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Янка, за 16 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 1,04 км², даўж. 2,42 км, найб. шыр. 0,63 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 11,8 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн сплавінныя. Дно плоскае сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае, зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 3 м. Упадаюць 2 ручаі, на Пд выцякае р. Янка.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́НАВА,

вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́НАЎ (Генадзь Пятровіч) (29.11.1911, с. Тубанаеўка Спаскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1977),

архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1940). У 1946—50 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы ў Мінску: праект забудовы 1-й чаргі праспекта Ф.​Скарыны (1945—54, у сааўт., Дзярж. прэмія Беларусі 1968), Цэнтральнай пл. (1948, у сааўт.), моста цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны (1952, у сааўт.), корпуса гасцініцы «Мінск» і інш. Аўтар праекта забудовы цэнтра г. Улан-Батар (1957—61).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫЛЕ́НКА (Ганна Мартынаўна) (4.4.1908, г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобласці — 16.1.1980),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1952). Скончыла БДУ (1931). Працавала ў Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі (1933—38), БДУ (1944—70). Аўтар манаграфіі «Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1964), шэрагу навук. артыкулаў па праблемах сучаснай бел. мовы. У 1920-я г. друкавала пад сваім прозвішчам і псеўд. Ганна Арахоўская вершы, апавяданні і аднаактовыя п’есы.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫ́ЛЬЧЫК (Валянцін Вячаслававіч) (8.12.1935, г. Полацк — 13.1.1993),

хімік-арганік. Д-р хім. н. (1986), праф. (1987). Засл. вынаходнік СССР (1992). Засл. дз. нав. Чувашыі (1992). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Бел. тэхнал. Ін-це і Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. З 1969 у Чувашскім ун-це. Навук. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў і іх сінт. аналагаў. У супрацоўніцтве з бел. вучонымі атрымаў новыя біялагічна актыўныя прэпараты (пестыцыды) і даследаваў іх эфектыўнасць.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТРЫТАІДЭ́І (Bactritoidea),

надатрад вымерлых малюскаў класа галаваногіх. Існавалі ў ардовіку — трыясе. Каля 20 родаў. Рэшткі выяўлены ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Мелі прамую, радзей сагнутую вонкавую ракавіну дыям. да 3 см, у якой знаходзілася мяккае цела. Жылі ў морах, вялі рухомы спосаб жыцця. Цікавыя для вывучэння эвалюцыі галаваногіх малюскаў як продкаў аманітаў і белемнітаў.

Да арт. Бактрытаідэі: рэшткі малюска з роду Bactrites (выгляд з брушнога боку; павялічана ў 2 разы).

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)