КЛА́РКІ элементаў,

лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш. геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.​М.​Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.​Я.​Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.​І.​Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.​Л.​Фогт і В.​М.​Гольдшміт, амер. Г.​С.​Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.​П.​Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)