КАРСА́ВІН (Леў Платонавіч) (13.12.1882, С.-Пецярбург — 20.7.1952),

рускі філосаф, гісторык-медыявіст; адзін з ідэолагаў еўразійства. Брат Т.П.Карсавінай. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), з 1918 яго прафесар. У 1922 высланы за мяжу. Жыў у Берліне, Парыжы; з 1928 праф. ун-таў у Каўнасе і Вільні. У 1949 арыштаваны па абвінавачанні ў антысав. дзейнасці, прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Памёр у лагерным шпіталі ў Комі АССР. Імкнуўся стварыць цэласную сістэму хрысц. светапогляду пад уплывам раннехрысц. вучэнняў і рус. рэліг. філасофіі 19 ст. Катэгорыю ўсеадзінства (уведзена У.​С.​Салаўёвым) дапоўніў паняццем трыадзінства (быццё як адлюстраванне боскай траістасці і адначасова як дыялектычны працэс: «першаадзінства» — «самараз’яднанне» — «самаўз’яднанне»). Падобны падыход характэрны і для яго вучэння пра асобу. Свет, паводле К., гэта ўсеадзіная сімфанічная асоба (уяўляе сабой адзінства індывід. быцця і іншабыцця), або іерархічнае адзінства сімфанічных асоб рознага парадку. Кожная сімфанічная сац. асоба (сям’я, народ, культура) — гэта недасканалае выражэнне вышэйшай боскай асобы. Сэнс і прызначэнне асобы бачыў у пераадоленні недасканаласці праз яднанне з боскай рэчаіснасцю як носьбітам адзінства. Сярод прац: «Каталіцтва» (1918), «Усход, Захад і руская ідэя» (1922), «Аб пачатках (Вопыт хрысц. метафізікі)» (1925), «Пра асобу» (1929). Як гісторык даследаваў еўрап. сярэдневякоўе; з’яўляецца адным з першых рус. папярэднікаў т. зв. гіст. антрапалогіі — кірунку ў сучаснай еўрап. гіст. навуцы: «Культура сярэдніх вякоў» (1914), «Асновы сярэдневяковай рэлігійнасці...» (1915), «Гісторыя еўрапейскай культуры» (т. 1—5, 1931—36).

Тв.:

Религиозно-философские сочинения. Т. 1. М., 1992;

Монашество в средние века. М., 1992;

Философия истории. СПб., 1993;

Малые сочинения. СПб., 1994.

Літ.:

В память о Л.​П.​Карсавине. Брюссель, 1990;

Историк-медиевист — Л.​П.​Карсавин (1882—1952). М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, У.​Буднік, Ю.​Семяняка, С.​Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;

Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.​Кірэенкі. Мн., 1986.

М.​П.​Кенька.

К.Кірэенка.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАСВЕ́ТНЫЯ ПЛА́ВАННІ,

плаванні па Сусветным акіяне вакол Зямлі, пры якіх перасякаюцца ўсе мерыдыяны. Даюць магчымасць больш дасканала вывучаць Сусветны ак., выяўляць яго рэсурсы і магчымасці выкарыстання. Першае К.п. зрабіла ісп. экспедыцыя Ф.Магелана (1519—22) праз Атлантычны і Ціхі ак. да Філіпінскіх і Малукскіх а-воў, па Індыйскім ак. вакол Афрыкі. Толькі карабель «Вікторыя» пад камандай Х.​С.​Элькана завяршыў К.п. Экспедыцыя эксперыментальна пацвердзіла тэорыю шарападобнасці Зямлі, адзінства Сусветнага ак., яго перавагу па плошчы над сушаю. Другое К.п. ажыццявіў Ф.Дрэйк (1577—80). У 17—18 ст., каб пракласці марскія шляхі і адкрыць новыя землі для каланізацыі, экспедыцыі арганізоўвалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя. Значныя адкрыцці зрабілі ў час К.п. англічанін У.Дампір (1683—91), нідэрландзец Я.​Рогевен (1721—23), француз Л.А. дэ Бугенвіль (1766—69), англічанін Дж. Кук (1768—80), экспедыцыя Р.Фіцрая (1831—36) з удзелам Ч.Р.Дарвіна. У 19 ст. шмат К.п. здзейснілі рас. мараплаўцы І.Ф.Крузенштэрн, Ю.Ф.Лісянскі, О.Я.Кацэбу, В.​М.​Галаўнін, Ф.П.Літке, С.В.Макараў і інш. Рас. экспедыцыя Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава (1819—21) зрабіла значныя адкрыцці ў Антарктыцы. У 2-й пал. 19 ст. ажыццёўлена англ. экспедыцыя на судне «Чэленджэр». У 20 ст. ў час К.п. зроблены адкрыцці ў Антарктыцы і пачата сістэм. вывучэнне Сусв. акіяна. Вылучаюцца К. п.: дацкае на судне «Дана» (1928—30), англ. на «Дыскаверы II» (1935—40), шведскае на судне «Альбатрос III» (1947—48). У сярэдзіне 20 ст. вывучалася магнітнае поле Зямлі ва ўсіх акіянах сав. немагнітнай шхунай «Зара». У 19—20 ст. шмат К. п. праведзена з турысцкімі і спартыўнымі мэтамі, у т. л. больш за 40 К.п. маракоў-адзіночак.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1—5. 3 изд. М., 1982—86.

І.​Я.​Афнагель.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС»,

бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.​Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.​Лысятаў, Р.​Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.​Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.​У.​Цяслюк) і інш. Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.​Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.​Міхлееў, аператар У.​Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.​Браслаўскага, рэж. В.​Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.​Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.​Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.​Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.​Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.​Алай, В.​Аслюк, С.​Галавецкі, М.​Заслонава, І.​Калоўскі, А.​Канеўскі, А.​Карпаў, І.​Пікман, М.​Скітовіч, Б.​Стральцоў, Ю.​Цвяткоў, П.​Шамшур, У.​Шаталаў; аператары В.​Арлоў, Ю.​Плюшчаў, С.​Пятроўскі, І.​Рамішэўскі і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),

бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд. філал. н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял. Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​Р.​Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.​Агняцвет) «У людзях» М.​Горкага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1986.

Літ.:

Бугаёў Дз. На арбіце часу. Мн., 1974;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979;

Яго ж. Шматграннасць. Мн., 1970;

Вітка В. Урокі. Мн., 1982;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981;

Куляшоў Ф. Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

М.Лобан.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,

1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.

М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл. Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.​Мельес (Францыя), У.​Пол (Англія), Э.​Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв. маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.​Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав. маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.

На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.​Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.​Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.​Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел. маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.​Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.​Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.​Мележа) В.​Турава, «Альпійская балада» Б.​Сцяпанава (паводле В.​Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.​Рубінчыка (паводле У.​Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.​Клімава (паводле А.​Адамовіча), «Знак бяды» М.​Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.​Рыбарава (паводле В.​Казько).

А.​В.​Красінскі.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́ВІН (Уладзімір Георгіевіч) (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),

бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар. арг. СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж. бел. эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел. нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел. нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.​Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.​Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.​Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.​Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.​Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).

Літ.:

Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;

Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.

Г.​М.​Загародні.

У.Г.Мулявін.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́САЎ (Мікалай Мікалаевіч) (23.11.1908, Кіеў — 26.7.1976),

рускі пісьменнік. Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1932). У 1932—51 кінарэжысёр і мастак-мультыплікатар. Друкаваўся з 1938. Пісаў пераважна для дзяцей. У прозе Н., насычанай гумарам і гульнёй, пед. ідэі і пазнавальны матэрыял праламляюцца праз псіхалогію цікаўнага і смешнага хлопчыка-непаседы: зб-кі апавяданняў «Тук-тук-тук!» (1945), «Прыступкі» (1946), «Фантазёры» (1957, аднайм. фільм 1966), «Прыгоды Толі Клюквіна» (1961, аднайм. фільм 1964), аповесці «Вясёлая сямейка» (1949), «Дзённік Колі Сініцына» (1950), «Віця Малееў у школе і дома» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; экранізацыя пад назвай «Два сябры» 1955) і інш. Трылогія «Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў» (1954), «Нязнайка ў Сонечным горадзе» (1958), «Нязнайка на Месяцы» (1964—65, Дзярж. прэмія Расіі імя Н.​К.​Крупскай 1970) — раман-казка з элементамі навук. фантастыкі і паліт. сатыры. Аўтар «Аповесці пра майго сябра Ігара» (1972), п’ес (зб. «Два сябры», 1962), фельетонаў, сцэнарыяў маст. і анімацыйных фільмаў і інш. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі І.​Грамовіч, А.​Якімовіч і інш. Спектаклі паводле яго твораў пастаўлены ў т-рах Беларусі: «Прыгоды Нязнайкі» ў Дзярж. т-ры лялек (1962), Гомельскім абл. драм. т-ры (1963), «Незвычайны Нязнайка» ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1982).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1-4. М., 1979—82;

Приключения Незнайки и его друзей. Мн., 1988;

Незнайка в Солнечном городе. Мн., 1989;

Веселая семейка: Повесть, рассказы. Мн., 1991;

Незнайка на Луне. Мн., 1992;

Бел. пер. — Віця Малееў у школе і дома. Мн., 1953;

Карасік Апаваданні. Мн., 1954;

Дзённік Колі Сініцына. Мн., 1955;

Пра рэпку. Мн., 1961.

Літ.:

Рассадин С. Николай Носов. М., 1961;

Жизнь и творчество Николая Носова. М., 1985.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)