КАРСА́ВІН (Леў Платонавіч) (13.12.1882, С.-Пецярбург — 20.7.1952),
рускі філосаф, гісторык-медыявіст; адзін з ідэолагаў еўразійства. Брат Т.П.Карсавінай. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906), з 1918 яго прафесар. У 1922 высланы за мяжу. Жыў у Берліне, Парыжы; з 1928 праф. ун-таў у Каўнасе і Вільні. У 1949 арыштаваны па абвінавачанні ў антысав. дзейнасці, прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Памёр у лагерным шпіталі ў Комі АССР. Імкнуўся стварыць цэласную сістэму хрысц. светапогляду пад уплывам раннехрысц. вучэнняў і рус. рэліг. філасофіі 19 ст. Катэгорыю ўсеадзінства (уведзена У.С.Салаўёвым) дапоўніў паняццем трыадзінства (быццё як адлюстраванне боскай траістасці і адначасова як дыялектычны працэс: «першаадзінства» — «самараз’яднанне» — «самаўз’яднанне»). Падобны падыход характэрны і для яго вучэння пра асобу. Свет, паводле К., гэта ўсеадзіная сімфанічная асоба (уяўляе сабой адзінства індывід. быцця і іншабыцця), або іерархічнае адзінства сімфанічных асоб рознага парадку. Кожная сімфанічная сац. асоба (сям’я, народ, культура) — гэта недасканалае выражэнне вышэйшай боскай асобы. Сэнс і прызначэнне асобы бачыў у пераадоленні недасканаласці праз яднанне з боскай рэчаіснасцю як носьбітам адзінства. Сярод прац: «Каталіцтва» (1918), «Усход, Захад і руская ідэя» (1922), «Аб пачатках (Вопыт хрысц. метафізікі)» (1925), «Пра асобу» (1929). Як гісторык даследаваў еўрап. сярэдневякоўе; з’яўляецца адным з першых рус. папярэднікаў т. зв. гіст. антрапалогіі — кірунку ў сучаснай еўрап. гіст. навуцы: «Культура сярэдніх вякоў» (1914), «Асновы сярэдневяковай рэлігійнасці...» (1915), «Гісторыя еўрапейскай культуры» (т. 1—5, 1931—36).
Тв.:
Религиозно-философские сочинения. Т. 1. М., 1992;
Монашество в средние века. М., 1992;
Философия истории. СПб., 1993;
Малые сочинения. СПб., 1994.
Літ.:
В память о Л.П.Карсавине. Брюссель, 1990;
Историк-медиевист — Л.П.Карсавин (1882—1952). М., 1991.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)