Па́сынак 1, па́сыньнік ’няродны сын для мужа ці жонкі ў сям’і’ (ТСБМ, Нас., Маш., Клім., Касп., Бяльк., Ян.; КЭС, лаг.; Яшк. Назвы), пасынчовы ’прыёмны сын’ (Мат. Гом.). Укр. па́синок, рус. пасынок ’тс’, ’прыёмны сын’, ст.-рус. пасынъкъ ’тс’; ’член княжай дружыны’, чэш. рэдкаўжыв. pasynek ’пасынак’, серб. -харв. по̀синак, макед., балг. пасинок ’тс’. Прасл. pasynъkъ, якое складаецца з прэфіксе pa‑ (са значэннем ’под’) і назоўніка synъ‑, разам азначаючы ’несапраўднае тое, што называе другі член’, як і ў балт. мовах (ст.-прус. possons, літ. posūnis) — ’нібыта сын, сапраўдны сын’ (Борысь, Prefiks., 48; Фасмер, 3, 216). Сюды, відаць і па́сынак ’гарлавіна ў нераце, якая не дае магчымасці рыбе выбрацца з сеці’ (Тарн.).

Па́сынак 2, пасыньнік, па́сынькі, ст.-дар. па́сын, драг. пасэ́ньне ’бакавы атожылак дрэва, памідораў, вазона’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., Бяльск., Бір., Клім., Сл. ПЗБ; Лучыц-Федарэц), ’зародак у качана капусты паміж ніжнімі лістамі’ (Нас.), ’бакавы адростак сланечніка’ (Ян.), ’прыток ракі, ручая’ (Клім.), пух. ’адростак рога ў аленя’, ст.-дар. па́сыньне ’параснік’ (Сл. ПЗБ), пасынкава́ць ’абчышчваць адросткі ў пазухах раслін’ (Інстр. II). Да па́сынак 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́віць 1 ’маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць чым-небудзь’, ’адпраўляць імшу’ (ТСБМ, Мік.), ’кіраваць (лейцамі)’ (Сл. рэг. лекс.), ’выконваць, рабіць’: правіць гаспадарку (Байк. і Некр.), ’рамантаваць, папраўляць (недахопы, памылкі)’ (ашм., Стан.; Гарэц.). Рус. пра́вить ’кіраваць; выпраўляць; адпраўляць царкоўную службу’, укр. правити ’рабіць, выконваць, выпраўляць; адпраўляць царкоўную службу’, ст.-рус. правити ’кіраваць; выконваць; адпраўляць (імшу)’, польск. prawić ’адпраўляць (імшу)’, серб.-харв. пра̀вити ’рабіць; ствараць’, балг. пра́вя ’рабіць’, макед. прави. Прасл. *praviti < pravъ (гл. правы) (Махэк₂, 481).

Пра́віць 2 ’гаварыць’ (Шат.; воран., астрав., віл., беласт., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; паст., ДАБМ, камент., 916), ’сцвярджаць, паўтараць адно і тое ж’ (ашм., Стан.). Польск. prawić ’тс’; у гэтым значэнні дзеяслоў вядомы яшчэ ў чэш. (praviti), славац. (vypávať, rozprávať) і славен. (praviti). Брукнер (435) выводзіць з правіць 1, але Махэк₂ (481) аддзяляе яго ад правіць 1, таму што не бачыць семантычнай сувязі паміж імі і параўновае з хец. palvāi ’тс’. Няпэўна. Хутчэй за ўсё. ад *pravъ (гл. правы ў другасным значэнні ’які мае рацыю; правільны’), параўн. сваё правіць ’даводзіць сваю рацыю’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́дзя ’адлегласць паміж канцамі расстаўленых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі; старая мера даўжыні’ (ТСБМ; барыс., шальч., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), пʼя́дзя ’тс’ (ТС), пядзь ’тс’ (Шымк. Собр., Ян., Сцяшк.; чэрык., Мат. Гом.), пʼядзь ’тс’ (ТС), пядь (пйядь) ’тс’ (Бес.), пядь ’тс’ (Бес.), пя́дя ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. пядь, сюды ж пядень ’тс’ (Шымк. Собр.), пя́да ’мера адлегласці ад верху вялікага пальца да канца сярэдняга (роўная 3 кархам або 1/2 локця)’ (свянц., Крывіч, 1926, 12, 106). Параўн. укр. пʼядь, рус. пядь, дыял. пя́да, пя́дя, польск. piędź, чэш. píď, славац. piaď, в.-луж. pjedź, н.-луж. pěź, славен. pẹ̑d, серб.-харв. пе̑д, балг. пе́дя, макед. педа, ст.-слав. пѧдь. Прасл. *pędь суадноснае з *pęti (суфікс *‑dь, SP 1, 64), гл. пяць ’цягнуць, напружваць’; роднаснае да літ. spęsti, spéndžiu ’расстаўляць сіло, лавіць у пастку’, spiñdis ’пастка’, ст.-літ. spándyti ’нацягваць’, лат. spanda ’перавязь у плузе’, параўн. таксама лац. pendēre ’вісець’, ст.-в.-ням. spanna ’пядзя’ (Фасмер, 3, 423; Бязлай, 3, 20; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Махэк₂, 448; Скурат, Меры, 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіння́ 1 ‘парнакапытная млекакормячая жывёліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), свіня́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Цых.) свінья́ ‘тс’ (ТС). Укр. свиня, рус. свинья́, ст.-рус. свинья, польск. świnia, в.-луж. swinjo, н.-луж. swinja, чэш. svině, славац. sviňa, серб.-харв. сви́ња, славен. svínja, балг. свиня́, макед. свиња. Прасл. *svinьja, дэрыват ад прыметніка ж. р. *svini < прасл. *svinъ (гл. свіны), якому адпавядае лац. suīnus ‘свіны, свінячы’. Паводле Крэтава (Этимология–1994–1996), адбылася падвойная субстантывацыя: спачатку прыметніка *svinъ, ад якога пры дапамозе суф. ‑ьj‑ утвораны прыметнік свин‑ьj‑, субстантывацыя якога ў ж. р. дала назоўнік свинья. Гл. Фасмер, 3, 579; Слаўскі, SP, 1 , 84; Шустар-Шэўц, 1387–1388; Борысь, 623; Сной₁, 624; БЕР, 6, 551. Агляд апошніх меркаванняў гл. Жураўлёў, Язык и миф, 383–384.

Свіння́ 2 ‘скляпенне ў печы’ (Мат. Маг. 2, Мат. Гом.), свы́нка, свэ́нка ‘частка дымахода паміж чалеснікамі і комінам’ (Сл. Брэс., Шушк.). Відавочна, ад свіння 1, параўн. рус. дыял. свинья́ ‘частка дымахода на гары, якая злучае печ з комінам’, інакш бо́ров, бо напамінае ляжачую свінню, параўн. таксама кабыла 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́йці ‘трэці’ (Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, ТС, Янк. 2; зэльв., Нар. словатв.; беласт., Сл. ПЗБ; ганц., Ск. нар. мовы), трэ́йцяя нядзеля ‘сход месяца, яго 3‑я квадра’ (стаўб., З нар. сл.); трэ́йціе пе́ўні ‘пара сутак’ (Сержп. Грам.), сюды ж трэйця́к, трэйця́ка ‘трацяк, цялушка трэцяга году’ (Мат. Гом., Скарбы, Кліх), трэйтя́к ‘3‑гадовае жарабя’ (пруж., Зн., дыс.); на трэйцяк ‘трэцяя частка ўраджаю’ (ТС), трэйця́к ‘трэці пастух’ (там жа). Паводле Карскага (1, 354), з *трецʼцʼи, параўн. тре́цьцій ‘трэці’ (Бяльк.), як айца < а́сса (гл. айцец). Станкевіч (Язык, 237) лічыць падваенне (падаўжэнне) гукаў у прыметніках і парадкавых лічэбніках нерэгулярным і прапануе тлумачыць з’яўленне й паміж а, о, е і зубнымі вядомымі ў народнай мове выпадкамі тыпу войстры, гайсаць і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 2, 35). Цвяткоў (Запіскі, 78) бачыць аналогію ў польск. miejsce (*mieśće > *mieśśće з распадабненнем і зацвярдзеннем ś пад уплывам c). Параўн., аднак, ст.-бел. третье ‘трэцім разам’ (ГСБМ) адпаведна ст.-слав. третиѥ, третиѥѥ ‘тс’ (ESJSt, 16, 978), што дало форму з падваеннем. Да тры, трэ́йка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,

сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).

Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.

Літ.:

Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.

В.​В.​Валяўка.

Схема аптычнага рэзанатара.
Віды аптычных рэзанатараў: 1 — плоскі лінейны; 2 — сферычны лінейны; 3 — плоскі кальцавы; 4 — сферычны кальцавы.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯНІ́ЗМ, асацыяцыянізм, асацыятыўная псіхалогія,

тэорыя ў псіхалогіі, паводле якой уся сукупнасць псіхічнага жыцця чалавека заснавана на асацыяцыях, гэта значыць сувязях паміж псіхічнымі ўтварэннямі — адчуваннямі, успрыманнямі, ідэямі.

На існаванне асацыяцый звярнуў увагу яшчэ Арыстоцель. Як тэарэт. сістэма асацыянізм сфарміраваўся гал. чынам у англ. эмпірычнай і сенсуалістычнай філасофіі 17—18 ст. (Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Юм, Д.​Гартлі, А.​Бэн). У 2-й пал. 19 ст. тэорыя развіта ў выніку эмпірычных даследаванняў псіхолагаў (Г.​Эбінгаўз, Т.​Зіен, Г.​Мюлер), сацыёлагаў (Г.​Спенсер), педагогаў (І.​Гербарт).

Асацыянізм — асноўная тэорыя ў класічнай псіхалогіі свядомасці. У новы час асацыянізм — псіхал. і гнасеалагічная тэорыя новага навук. прыродазнаўства, дзе чалавек і яго розум усведамляюцца як частка прыроды, якая праз розум і навуку авалодала законамі свету і самога розуму. На пач. 20 ст. ў крыху мадыфікаваным выглядзе асацыянізм пераняты прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму. Даследаванні працэсаў мыслення з канца 19 ст. выявілі абмежаванасць асацыянізму, крытыкавалі яго і прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі, якія сцвярджалі, што свядомасць і паводзіны чалавека падпарадкаваны законам структуры, а не асацыяцый.

Літ.:

Ивановский В.Н. Ассоцианизм психологический и гносеологический. Казань, 1909;

Рубинштейн С.Л. Бытие и сознание. М., 1957;

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,

войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал. ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗ Венг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47 Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64 тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт. Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (БАПЦ),

адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус. правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял. Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.​С.​Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).

В.​В.​Антонаў.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)