рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). Першая п’еса — «Мара мая... Індыя» (1960). П’есы на сучасныя тэмы «104 старонкі пра каханне» (паст. 1964, другая назва «Яшчэ раз пра каханне», экранізавана 1968), «Турбаза» (паст. 1974), «Спартыўныя сцэны 1981 года» (1986), «Я стаю каля рэстарана...» (1987), «Наш Дэкамерон» (1989), гіст. «Размовы з Сакратам» (паст. 1975), «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» (1982), «Апошняя ноч апошняга цара» (1997). Мастацка-гіст. даследаванне «Божа..., выратуй і ўціхамір Расію». Мікалай II: жыццё і смерць» (1993) засн. на раней малавядомых фактах. Аўтар зб-каў прозы «Загадкі гісторыі» (1996), «Загадкі кахання» (1997), аповесцей «Маналог пра шлюб» (1970), «Некалькі сустрэч з нябожчыкам панам Моцартам» (1992), дакумент.-біягр.кн. «Сталін» (1997), кінасцэнарыяў, тэлеапавяданняў пра персанажаў рус. і еўрап. гісторыі. П’есы Р. ставіліся на Беларусі: «Яшчэ раз пра каханне» ў Бел. т-ры імя Я.Купалы (1965), Гродзенскім абл.драм. т-ры (1967), «Рулетка» (паводле Ф.Дастаеўскага) у Дзярж.рус.драм. т-ры (1996), «Яна ў адсутнасці кахання і смерці» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1980).
Тв.:
Соч.: В 7 т. Т. 1—5. М. 1998—99;
Беседы с Сократом: Пьесы. М., 1982;
«Последняя из дома Романовых»: Повести в диалогах: (Торопливая проза). М. 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОДу гісторыі,
супольнасць кроўных сваякоў, якія вядуць паходжанне ад агульнага продка (часам легендарнага) і маюць пэўныя агульныя сац., паліт., эканам., рэліг. інтарэсы. Мае вял. значэнне ў традыц. грамадствах. У феад. Беларусі роднасць вялася па мужчынскай лініі. Само паняцце «Р.» мела сэнс толькі ў дачыненні да вышэйшых пластоў грамадства (князёў, шляхты, духавенства і інш.). Члены шляхецкага Р. карысталіся агульным прозвішчам (канчаткова ўсталяваліся ў 16 ст.) і агульным гербам (уведзены Гарадзельскім прывілеем 1413 для католікаў, на праваслаўных пашыраны Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434). Прызнаваліся агульныя юрыд. правы і абавязкі шляхецкіх Р., якія спачатку неслі агульную адказнасць перад законам. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір устанавіў індывідуальную адказнасць шляхціцаў за злачынствы. Р. захоўвалі права выкупу сваіх родавых маёнткаў (вотчын) з рук пабочных асоб. У ВКЛ існавала каля 50 магнацкіх Р., члены іх мелі буйныя зямельныя ўладанні і займалі вышэйшыя дзярж. пасады (міністэрскія і сенатарскія). Значныя Р. аб’ядноўваліся вакол агульных паліт. інтарэсаў і ўтваралі своеасаблівыя партыі («фамілія» Чартарыйскіх, пратэстанцкая і каталіцкая лініі Радзівілаў, Сапегаў). З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. шляхецкія Р. страцілі паліт. ўплыў, а з развіццём капіталістычных адносін у 19 ст. зніклі як супольнасці з агульнымі эканам. інтарэсамі. У Рас. імперыі ўрад вёў улік членаў дваранскіх Р. (гл.Радаводныя кнігі), якія карысталіся пэўнымі сац.-эканам. прывілеямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ФО́РУМ,
ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст.н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),
1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.
2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Сяргей Міхайлавіч) (17.5.1820, Масква — 16.10.1879),
расійскі гісторык. Бацька У.С.Салаўёва. Чл. Пецярбургскай АН (1872). Д-р рускай гісторыі, праф. (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1842), з 1847 выкладаў у ім, у 1871—77 рэктар. У апошнія гады жыцця старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, дырэктар Аружэйнай палаты ў Крамлі. У гіст. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад славянафільства да памяркоўна-ліберальнага заходніцтва. У гал. працы «Гісторыя Расіі з найстаражытнейшых часоў» (т. 1—29, 1851—79) проціпаставіў сваю гіст. канцэпцыю поглядам М.М.Карамзіна. Гіст. развіццё зводзіў да змен дзярж. форм, грамадска-паліт. жыццю адводзіў другарадную ролю. Адзначаў агульнасць рыс у развіцці Зах. Еўропы і Расіі, аднак своеасаблівасць апошняй бачыў у геапаліт. становішчы краіны, псіхалогіі народаў у яго ўзаемаадносінах з суседзямі. Гісторыю Беларусі разглядаў у кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці. Унутр. супярэчнасці ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай трактаваў найперш як рэліг. барацьбу насельніцтва супраць націску каталіцызму, станоўча ацэньваў ролю правасл. царквы ў гэтай барацьбе. У працы «Гісторыя падзення Польшчы» (1863) адлюстраваў гісторыю Беларусі канца 18 — пач. 19 ст. Факталагічны бок прац С. да нашага часу не страціў сваёй актуальнасці для вывучэння гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛІДА́РНАСЦЬ»
(Solidarność),
прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн.чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Літ.:
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 19.2.1919, с. Новаіванаўскае Амвросіеўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),
расійскі матэматык, адзін з заснавальнікаў тэорыі матэм. мадэліравання і выліч. эксперыменту. Акад.Рас.АН (1976; чл.-кар. 1966). Замежны чл.Нац.АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1945). З 1953 у Ін-це прыкладной матэматыкі АНСССР, з 1990 у Ін-це матэм. мадэліравання Рас.АН (у 1990—98 дырэктар). Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі нелінейных працэсаў, выліч. матэматыцы. Пабудаваў агульныя тэорыі рознасных схем, ітэрацыйных метадаў рашэння сетачных ураўненняў. Распрацаваў новыя прынцыпы апраксімацыі шматмерных задач, аналітычныя і лікавыя метады рашэння актуальных задач ядз. фізікі, фізікі плазмы, цеплаправоднасці і інш. Правёў разлік атамнага выбуху і дынамікі выбуху тэрмаядз. зараду. Сааўтар адкрыцця эфекту Т-слоя ў плазме, адзін са стваральнікаў тэорыі рэжымаў з абвастрэннем у нелінейных суцэльных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1954. Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997 (разам з А.П.Міхайлавым);
Разностные схемы с операторными множителями. Мн., 1998 (разам з П.М.Вабішчэвічам, П П.Матусам);
Уравнения математической физики. 6 изд. М., 1999 (разам з А.М.Ціханавым);
Численные методы математической физики. М., 2000 (разам з А.У.Гуліным).
Літ.:
А.А.Самарский: (К 80-летию со дня рождения) // Дифференц. уравнения. 1999. Т. 35, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПУНО́Ў (Аляксей Парфенавіч) (27.3.1851, г.п. Усвяты Пскоўскай вобл., Расія —2.10.1924),
бел. гісторык, археограф, краязнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1873). У 1873—96 настаўнік лац. і грэч. моў у Віцебскай гімназіі. З 1896 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў, з 1897 выкладчык Маскоўскага ун-та. У 1901—07 і з 1913 сакратар Віцебскага губ. стат. к-та. У 1907 выбраны дэпутатам ад Віцебскай губ. ў Дзярж. думу 3-га склікання, дзе падтрымліваў акцябрыстаў. З 1918 заг. секцыі дэмаграфіі ў губ. стат. бюро, з 1919 — у Віцебскім губ. архіве. Удзельнік стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Адзін з ініцыятараў адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, у якім выкладаў у 1911—22 (з 1913 праф.). Даследаваў гісторыю, л-ру, этнаграфію, археаграфію, архітэктуру, фальклор Беларусі, пераважна Падзвіння. Выявіў і зрабіў палеаграфічныя апісанні стараж. рукапісных помнікаў, апісаў Барысавы камяні, архівы Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Мінска. Сярод твораў: «Полацкі Сафійскі сабор» (1888), «Дзвінскія або Барысавы камяні» (1890), «Рака Заходняя Дзвіна: Гісторыка-геаграфічны агляд» (1893), «Помнікі часоў старажытных і найноўшых у Віцебскай губерні» (1903), «Універсітэт у Полацку» (1908) і інш.Найб. буйная праца С. — зб. дакументаў «Віцебская даўніна» (т. 1, 4—5, 1883—88).
Літ.:
Стукалич В.К. А.П.Сапунов: К 25-летию его ученой и лит. деятельности. Витебск, 1905;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІН (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 14.6.1931, в. Марына Тамбоўскага р-на, Расія),
бел. спявак (драматычны барытон). Засл. арт. Расіі (1961). Нар.арт. Беларусі (1963). З 1952 працаваў у оперных т-рах Масквы, Чэлябінска, Адэсы, Новасібірска. У 1962—88 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, характэрнага тэмбру. Яркі сцэнічны талент артыста дазваляе яму ствараць псіхалагічна дакладныя вобразы. Найб. ярка творчая індывідуальнасць С. раскрылася ў ролях драм. і трагедыйнага планаў. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Апанаса («Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпана («Яснае світанне» А.Туранкова), Леўчука («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Кізгайлы («Сівая легенда» Дз.Смольскага). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Рыгалета, Аманасра, Яга, граф ды Луна, маркіз ды Поза, Жэрмон («Рыгалета», «Аіда», «Атэла», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята» Дж.Вердзі), Зурга, Эскамільё («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Фрыдрых фон Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Лістрат («У буру» Ц.Хрэннікава), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). У камерным рэпертуары рамансы рус. і замежных кампазітараў-класікаў, песні і рамансы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.Дрэйзін.