абрасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. аброс, ‑расла, ‑расло; зак.
1. Пакрыцца, зарасці якой‑н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой. // Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
2. перан. Набыць чаго‑н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым‑н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі. □ І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло. Бураўкін. // Аказацца ў акружэнні каго‑, чаго‑н. Навучальны корпус аброс жыллёвымі будынкамі. // Расшырыць кола абавязкаў. Набываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе. Кулакоўскі.
3. Пакрыцца слоем чаго‑н. Абрасці граззю.
•••
Абрасці карою — стаць неахайным, брудным.
Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абсе́сці, ‑сядзе; зак., каго-што.
1. Сеўшы, размясціўшыся вакол каго‑, чаго‑н., абкружыць. Наш дзядзька, мілы наш Антоні, У дзіцячым часта быў палоне; Вось так гуртом яго абсядуць І час работы яго крадуць. Колас.
2. Сеўшы ў мностве, заняць паверхню чаго‑н. Душна ў хаце. Гудуць мухі, чорным роем абселі стол, у вочы надаедна лезуць. Колас. Сокам чырвоным наліты гранаты, Дружна бы яблыкі, дрэва абселі. Купала. // Абсыпаць, высыпаць у вялікай колькасці (пра болькі і пад.). — А што калі прышчы абсядуць? — паглядзела я на Васіля. Каліна.
3. Апасці, апусціцца, пакрыўшы сабой якую‑н. паверхню. На шашы абсеў за ноч пласт шэрага мяккага пылу. Галавач.
4. Апусціцца, асунуцца ўніз; паваліцца (пра чалавека, жывёліну). Дзед схапіўся рукамі за жывот, разявіў рот, адхінуўся назад і абсеў пад засекам ля кубла. Галавач.
5. Пад дзеяннем уласнага цяжару ці іншых сіл пашчыльнець, апусціцца ўніз; асесці (пра снег, глебу і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
конь, каня́; мн. ко́ні (з ліч. 2, 3, 4 кані́), ‑ей; м.
1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды. Запрагаць каня. Верхавы конь. Ехаць на кані. // Пакладаны самец гэтай жывёліны.
2. Шахматная фігура з галавой каня. Хадзіць канём.
3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў. Практыкаванні на кані.
•••
Арабскі конь — адна з лепшых парод верхавых коней.
Быў конь, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).
На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць, пабываць і пад.).
Ні па кані, ні па аглоблях — не так, як хацелася (выйшла, атрымалася і пад.).
Па конях! — кавалерыйская каманда для пасадкі на коней.
Траянскі конь — ашуканства, падманныя дзеянні (са старажытнагрэчаскага падання аб узяцці Троі з дапамогай вялікага драўлянага каня, у сярэдзіне якога былі схаваны воіны).
Ход канём гл. ход.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Падчэпліваючы чым‑н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што‑н.; рабіць у чым‑н. паглыбленне. Калупаць тынкоўку. □ [Рымша] палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына. Гурскі. [Даніла] збянтэжана калупаў відэльцам хлебную скарынку. Дуброўскі. // Капаць, ускопваць. «Рана бабка свае градкі калупае», — падумаў [Васіль]. Шамякін. — Ну, тайга, дык тайга, нарабілі мы сабе курані і пачалі сяк-так сек[чы] лес ды калупаць зямлю паміж пнёў. Галавач. // а таксама чым і без дап. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы адтуль што‑н. Пшыбыцкі сеў, пачаў калупаць нейкай трэсачкай у зубах. Курто.
2. перан. Разм. (у спалучэнні са словамі «зямля», «зямелька» і пад.). Займацца земляробствам, весці гаспадарку. [Змітрок:] А з мяне даволі таго, што я ёсць: што ж будзе, калі ўсе ў прафесары пададуцца? А зямельку хто будзе калупаць? Губарэвіч. Я ніколі не памятаю .. [бацькі] за плугам ці з касой у руках, хаця, відаць, і ён часамі калупаў зямлю. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́клік, ‑у, м.
1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.
2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.
3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зжыць, зжыву, зжывеш, зжыве; зжывём, зжывяце; зак.
1. каго. Стварыўшы для каго‑н. невыносныя ўмовы, загубіць, знішчыць. Зжылі злоснікі добрага чалавека.
2. што. Пазбавіцца ад чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Зжыць недахопы. □ — Вось тут і там, пад гэтымі стрэхамі, жывуць людзі. Жывуць яны ў цемнаце і ў гразі, і многія з іх думаюць, што толькі і свету, што тут, пад гэтымі шэрымі стрэхамі. У сваім жыцці гэтыя людзі як бы ненавідзяць адзін аднаго... Што ж рабіць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Чорны.
3. Пражыць (жыццё, гады і пад.). — Я дык не помню, каб так усё гарэла пад восень. І мама не помніць, не расказвала, а сем дзесяткаў зжыла. Пташнікаў. Век зжыць — не мех сшыць. Прыказка.
•••
Зжыць са свету каго — тое, што і зжыць (у 1 знач.).
Зжыць сябе — выявіць сваю нежыццёвасць, аказацца мала прыгодным, непатрэбным; састарэць. Прыгонніцтва канчаткова зжыло сябе. Ларчанка. Сентыменталізм як плынь зжыў сябе. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
браха́ць, брашу, брэшаш, брэша; незак.
1. Падаваць адрывістыя гукі (пра сабаку, ліса і некаторых іншых звяроў); гаўкаць. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. Чорны. Яшчэ нават не вельмі позна — у хатах, мусіць, гараць яшчэ агні, на вуліцах сярдзіта брэшуць і выюць сабакі. Якімовіч.
2. перан. Разм. Ілгаць, хлусіць, маніць; паклёпнічаць, нагаворваць, абгаворваць. У Алёнкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас. — Чаго гэта мне брахаць? — націскае плячамі Пеця і падае Вольцы парожнія вёдры. — Я, канешне, мог памыліцца — гэта іншая справа, а брахаць... Вось што: гэта можам праверыць. Ракітны.
3. перан. Груб. Балбатаць, малоць языком, пустасловіць. А так Марцін спявае, брэша з хлопцамі.. — «вясёлы, жыццёвы дзядзька». Брыль. // Гаварыць непрыстойнае. Дня няма, Каб зранку.. [Кузьма] не наліваўся. ..Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан.
•••
На ваду брахаць — прагна, многа, бясконца піць.
На пень брахаць — гаварыць непрыстойнасці, неразумнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зба́віць 1, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., што.
1. Адняць (якую‑н. частку) ад агульнай колькасці, вагі і пад. Збавіць кілаграм вагі.
2. таксама чаго. Зменшыць велічыню або колькасць чаго‑н.; убавіць. Збавіць цану. Збавіць крок (пайсці цішэй). Збавіць вагі, у вазе (пахудзець). □ Нам нічога не аставалася, як толькі збавіць ход, каб ненарокам не перакуліць лодку. Сачанка. // Зменшыць сілу чаго‑н.; аслабіць, знізіць. Збавіць тон. □ Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей.
•••
Збавіць газ — зменшыўшы наступленне гаручага, сцішыць ход машыны.
зба́віць 2, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., каго-што.
Памагчы пазбегнуць каго‑, чаго‑н.; пазбавіць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Збавіць ад бяды. Збавіць душу ад пакут. □ Адзіны выхад іх ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.
•••
Божа збаў гл. бог.
зба́віць 3, збаўлю, збавіш, збавіць.
Зак. да бавіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прамавугольны лісток цвёрдай паперы або кардону для запісу на ім якіх‑н. звестак (звычайна як адзінка картатэкі). У картатэцы Івана Іванавіча акуратна, як кніжкі ў добрай бібліятэцы, стаяла шмат картак. Карпюк.
2. Разм. Фатаграфічны здымак. Цёмныя, крыху прыжмураныя, з доўгімі вейкамі вочы хітравата пазіралі на .. [Паходню] з карткі. Хадкевіч.
3. Пасведчанне, уліковы дакумент і пад. у выглядзе невялікага ліста цвёрдай паперы. Уліковая картка. Карэспандэнцкая картка. □ [Камендант] запісаў прозвішчы тых, чые літары супадалі, і завёў на іх крымінальныя карткі. Якімовіч.
4. Бланк з адразнымі талонамі, які дае права на атрыманне прадуктаў пры нарміраванай сістэме іх размеркавання. Прадуктовыя карткі. □ Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць. А. Вольскі.
•••
Візітная картка — картка з імем, імем па бацьку і прозвішчам, часам з адрасам і званнем асобы, якая ўручае яе пры візіце, знаёмстве і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.
1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.
2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».
3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)