ху́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай хуткасцю. Хуткі бег. Хуткая хада. □ Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Які імкліва перамяшчаецца ў прасторы, які вызначаецца вялікай хуткасцю. Прабягалі хуткія кур’еры За кароткім часам наўздагон. Глебка.

2. Быстры ў сваіх рухах, дзеяннях, рашэннях і пад. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, а калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць. Шамякін. [Сяргей:] — Надта ж марудна кнот тлеецца... [Таня:] — Ах, які ты хуткі на ўсё. Машара. // Паспешлівы. [Андрэй] падаў паперку старэйшаму. Той узяў яе, кінуў хуткі погляд на напісанае. Самуйлёнак. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Бядуля.

3. Які адбываецца ў кароткі адрэзак часу. Хуткі рост прамысловасць Хуткі рост народнай асветы ў рэспубліцы. // Які павінен адбыцца праз невялікі адрэзак часу. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы. Гілевіч.

•••

Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.

Хуткая дапамога гл. дапамога.

У хуткім часе гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шкла. Шкляная маса. □ Багаты скарб Прынёс мой друг — шкляных асколкаў многа. Калачынскі. // Разм. Які мае адносіны да вытворчасці шкла. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр.

2. Выраблены, зроблены са шкла. Шкляны посуд. □ [Жанчына] нерашуча глядзела на Пракаповіча, стоячы са шкляным слоікам у руках, напалову насыпаным маннымі крупамі. Радкевіч. // Пакрыты шклом, зашклёны; з устаўленым шклом. Над адным з карпусоў, што быў пад шкляным дахам, заўсёды ўвечары палыхалі блакітныя бліскавіцы. Сабаленка. Настаўніца падышла да шафы са шклянымі дзверцамі, выбрала дзве кніжкі і дала Ігнасю. Мурашка.

3. перан. Які сваімі рысамі, якасцямі падобны на шкло; такі, як у шкла. Пад вартай ноч: нібы ў дазоры, Над ёй, над возерам шкляным Стаяць касмічным роем зоры, Мігцяць, адсвечваюцца ў ім. Ляпёшкін. // Нерухомы, застылы; халодны (пра вочы, погляд). Бацька, не міргаючы, шклянымі вачыма пазіраў на .. [Улю], і з рукі ў яго міма паперкі сыпаўся на снег самасад. Паўлаў. Суседка па сутарэнню, на якую паказвала Рая, пазірала з кутка застылымі шклянымі вачыма. Мехаў.

•••

Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам гл. бачыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіння́, ‑і; мн. свінні, свіней; ж.

1. Парнакапытная млекакормячая жывёліна, свойскі від якой разводзяць для атрымання сала, мяса, скуры, шчаціння; самка гэтай жывёліны. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч.

2. перан. Разм. Пра бруднага, неахайнага чалавека. На погляд мой, Ты [Вавіла] змог бы праз гадзіну стаць Свіння свіннёй. Корбан. // Нявыхаваны, грубы, некультурны чалавек. Пасадзі свінню за стол — яна і ногі на стол. Прыказка.

3. перан. Разм. Чалавек, які незаслужана робіць каму‑н. непрыемнасці; няўдзячны чалавек. [Максім:] — За каго ты [Паліна] мяне лічыш, свіння ты гэткая? Шамякін. — Што, пагаварыла ўчора на мяне абы-чаго? Я думаў, што ты разумная, аж ты свіння. — Сак сказаў гэтыя словы, пазіраючы Галі ў самыя вочы, у душу, можна сказаць. Ермаловіч.

4. у знач. прысл. свіннёй. Уст. Парадак пастраення войск у выглядзе кліна. Рыцарскія войскі рухаліся свіннёй.

•••

Іаркшырскія свінні — парода свіней, якая характарызуецца хуткім ростам, вялікай вагой і пладавітасцю.

Марская свіння — млекакормячая жывёла сямейства дэльфінавых.

Падлажыць (падсунуць) свінню гл. падлажыць.

Як свінні сядло (падыходзіць) гл. сядло.

Як свіння (напіцца, набрацца) — без разбору, многа выпіць гарэлкі, віна.

Як свіння на саладзінах (знацца, разбірацца) — зусім не разбірацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́віць, устаўлю, уставіш, уставіць; зак., што.

1. Паставіць, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Уставіць шкло ў раму. □ [Сымон] зайшоў у свіронак, забраў Андрэеву асьміну, якую перад гэтым склаў і ўставіў новае дно, і панёс яе да Андрэя. Чарнышэвіч. Калі з алмазнага пярсцёнка ўставіць у разец крышталь — пад ім засвішчуць стружкай тонкай тытан і бранявая сталь. Русецкі. // Сказаць, уключыўшы ў чыю‑н. размову сваю заўвагу і пад. Стане ажыўлена і весела, глядзіш — ужо нехта кінуў жарт, другі ўставіў трапнае слова, дружны смех нібы ўскалыхнуў сцены. Хадкевіч. — Праўда, Алесь, прыходзь, каяцца не будзеш, — уставіў сваё слова і Мікітка. Сіняўскі. // Запісаць, упісаць куды‑н. З вамі адкрыта, а вы, як толькі што, і ўставіце прозвішча ў артыкул. «ЛіМ». // Унесці дадатак у рукапіс. Уставіць прапушчанае слова.

2. Заняць, укрыць усю паверхню. Умомант пасярод пакоя паставілі стол, накрылі яго абрусам, уставілі бутэлькамі і смажанінай. Лупсякоў. Назаўтра, каля паўдня, увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі. Пальчэўскі.

3. Пільна глядзець на каго‑, што‑н. Мальвіна вушы навастрыла, у мужа ўставіла свой зрок. Колас.

•••

Уставіць вочы — тое, што і уставіць (у 3 знач.).

Уставіць мазгі — прымусіць зразумець памылку, змяніць погляд, думку.

Уставіць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь прыкметы, ледзь бачны; няяркі (пра святло, агонь і пад.). Цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Панчанка.

2. Цёмны, пацямнелы. Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць. Брыль. Мабыць,.. [жанчына] не спала ўжо некалькі начэй, — пра гэта сведчылі цьмяныя кругі пад вачыма. Васілёнак. // Без бляску, без выразнага колеру. [Андрэйка] ўзяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў. Бяганская. Калі на падаконніках і дзвярах фарба стала цьмянай, ёй можна надаць бляск. «Беларусь». // Невыразны, няясны. Цьмяны экземпляр машынапісу. □ З канверта вываліўся цьмяны здымак, зроблены фатографам-аматарам. Даніленка.

3. перан. Без бляску, невыразны (пра вочы, погляд). Вочы .. [маці] цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея. Мележ. Перад .. цьмяным, несвядомым позіркам [першабытнага чалавека] рассцілаліся тыя ж самыя голыя схілы скал. В. Вольскі.

4. перан. Без яснага, выразнага сэнсу; незразумелы. Цьмяная фармуліроўка. □ З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Лынькоў. // Ледзь улоўны, слабы; нязначны. Першы перавод прынёс у дом не толькі грошы, але і цьмяны пробліск надзеі. Пальчэўскі. Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лунь 1 ’мышалоў, Circus Lacép., драпежная птушка з сямейства ястрабіных з шаравата-белым апярэннем у дарослых ’самцоў’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Укр. лун, лунь ’тс’, ’коршак’; рус. лунь ’мышалоў’, ’сокал’, ’сава’, ’голуб’, ст.-рус. лунь ’драпежная птушка’; ст.-польск. łunak ’каня’, ст.-луж. luń, чэш. luňák ’тс’, ходск. ’крэчат’; славац. luniak, lunák ’каня’; славен. lȗnj ’каршун’, ’мышалоў’, ’арол’, ’каня’, серб.-харв. lunj, ljȗna, лу̏ња, љ̏на, ју̏на ’шулёнак’, ’каня’, ’палявы мышалоў’, ц.-слав. лунь ’каршун’. Прасл. lunь ’драпежная птушка з сям’і сокалаў’ (Слаўскі, 5, 311–312; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 227). Генетычна звязана з прасл. luna ’святло, бляск’. Названа паводле белага, сіва-белага, шэра-белага, матавага колеру апярэння. Бернекер (745–746), аднак, звязвае назву птушкі з паняццем ’востры, быстры ясны погляд’. Іншыя этымалогіі менш імаверныя, гл.: Фасмер (2, 534); Уленбек (KZ, 39, 260), Брукнер (KZ, 42, 356), Махэк₂ (344), Скок (2, 231); Бязлай (2, 156).

Лунь 2 ’хмара’ (віл., Сл. ПЗБ). Да луна́ 3 (гл.).

Лунь 3 ’маўклівы, скаваны ў рухах чалавек’ (міёр., З нар. сл.), ’марудлівы, пасіўны’ (паст., віл., глыб., брасл., Сл. ПЗБ), ’стары чалавек, жывёліна без энергіі’ (паст., глыб., Нар. лекс.), ’разумова недаразвіты, здурнелы, разгублены’ (глыб., брасл., паст., гарад., Нар. лекс.; глыб., в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ), ’здань, прывід’ (чэрв., Сл. ПЗБ; віл., Нар. лекс.); лунь, луніца ’самотны’ (глыб., віл., Нар. лекс.); паст., брасл. аблуне́ць ’стаць зацюканым, прыгнечаным’; паст., віл., глыб., гродз. лунява́ты ’дурнаваты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ); в.-дзв., брасл., лаг. лунь ’той, хто ходзіць без справы’, ’гультай, маруда’ (КЭС, лаг.). Да луна́ 1 (гл.). Аткупшчыкоў (Из истории, 238) лексему лунь выводзіць з *louk‑s‑nis. Семантычна блізка стаіць да луне́ц, луна́цік (гл.). Усё семантычнае поле гл. Мацкевіч₂ (Нар. лекс., 165–167).

Лунь 4 ’глыбокае, небяспечнае месца на балоце’ (гродз., Яшк.). Да луні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

stand​1 [stænd] n.

1. пазі́цыя; по́гляд;

take a stand on smth. займа́ць пазі́цыю адно́сна чаго́-н.;

make a stand for smth./smb. адсто́йваць што-н./каго́-н.

2. супраціўле́нне; абаро́на;

the last stand апо́шняя лі́нія абаро́ны;

a goal-line stand sport абаро́на лі́ніі варо́т

3. падста́ўка; ве́шалка;

a coat-and-hat stand ве́шалка-стая́к;

an umbrella stand падста́ўка для парасо́наў;

a conductor’s stand дырыжо́рскі пульт

4. кіёск, ларо́к;

a fruit stand пала́тка для про́дажу садаві́ны

5. трыбу́на (на скачках);

play to the stands ігра́ць на гледача́

6. ка́федра, трыбу́на

7. стая́нка для машы́н (якія чакаюць пасажыраў)

8. theatre прыпы́нак у які́м-н. ме́сцы для гастро́льных пака́заў;

a one-night stand аднадзённыя гастро́лі

9. ме́сца для све́дак у судзе́

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

look

[lʊk]

1.

v.i.

1) глядзе́ць (-ца); пазіра́ць

Look! — Глянь!

to look at — разгляда́ць; прыгляда́цца

2) шука́ць

3) быць ува́жным; браць пад ува́гу

4) выгляда́ць

it looks as if it might rain — Выгляда́е, што мо́жа быць дождж

2.

n.

1) пагля́д, по́гляд -у m.; по́зірк -у m.

2) агля́д -у m.

Take a quick look around the house — Ху́тка агле́дзьце ха́ту

3) вы́гляд -у m.

•

- look after

- looked after

- look at

- look back

- look down on

- look in

- look into

- look forward to

- look out

- look over

- look up

- look up a word in a dictionary

- looks

- look up to

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

А́ЛГЕБРА,

навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).

Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст. італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.​Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.

У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.​Штэйніца, Э.​Арціна, Э.​Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.​Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.​І.​Мальцаў і А.​Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл. Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.

Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш. Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.

Літ.:

Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;

Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр. М., 1963.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКС ((Marx) Карл) (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),

мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.

Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнік Інтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.

Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л. Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.​І.​Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл. Марксізм, Марксізм-ленінізм).

Тв.:

Бел. пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1951—52;

Рус. пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч. Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.

Літ.:

Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);

Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;

Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;

Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;

Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.​Маркса и Ф.​Энгельса. Мн., 1991;

Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.

П.​Ц.​Петрыкаў.

К.Маркс.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)