АНДА́ТРА, мускусны пацук (Ondatra zibethicus),

млекакормячая паўводная жывёла атр. грызуноў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі. Радзіма — Паўн. Амерыка. У 1905 завезена ў Зах. Еўропу. На Беларусь пранікла з Польшчы. Шырока рассялілася. Жыве ў норах, «хатках» у старыцах, невял. з павольным цячэннем рэчках, каналах, азёрах, сажалках, багатых воднай і прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела да 40 см, хваста да 35 см, маса да 2 кт. Поўсць густая, шаўкавістая, ад светла-карычневай да чорнай. Хвост з бакоў пляскаты, укрыты рагавымі лускавінкамі. У самцоў у перыяд гону залозы выдзяляюць сакрэт з мускусам. Корміцца раслінамі. За год дае да 3 прыплодаў па 3—15 дзіцянят. Аб’ект промыслу (футра, мяса).

Андатра.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЫЛЕ́ННЕ,

перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНІ́ДЫЯ (Actinidia),

род павойных кустовых раслін сям. актынідыевых. Каля 40 відаў. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі, на Д. Усходзе. На Беларусі 4 інтрадукаваныя віды, больш вядомыя актынідыя каламікта (A. kolomicta) і актынідыя востразубчастая (A. arguta).

Актынідыя каламікта (амурскі агрэст) найб. пашыраная ў культуры. Даўж. да 15 м. Кара цёмная. Лісце дробнапілаватае з рыжаватымі валаскамі на жылках. Кветкі белыя. Цвіце ў чэрвені. Плады — зялёныя ягады даўж. 2—3 см, масай да 4 г, з сакавітай мякаццю, багатай цукрамі і вітамінам С, ядомыя. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.

Актынідыя каламікта.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКАЯ САРАНЧА́ (Locusta migratoria migratoria),

падвід насякомых атр. прамакрылых. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела дарослых насякомых 3,5—6 см. Шэра-жаўтавата-зялёныя або зялёныя, надкрыллі ў бурых плямах. У залежнасці ад колькасці і канцэнтрацыі асобін утвараюцца стадная і адзіночная фазы. Лічынкі адзіночнай фазы зялёныя, жоўтыя, чорныя, стаднай — аранжавыя з чорнымі плямамі. Асобіны стаднай фазы ўтвараюць кулігі (шчыльная вял. колькасць лічынак) і чароды (вял. колькасць дарослых). Робіць пералёты на сотні кіламетраў. Вельмі шкодзіць с.-г. і дзікарослым раслінам. Кожны экз. за сваё жыццё з’ядае 300 г расліннай масы.

Азіяцкая саранча. 1 — дарослая; 2 — адзіночная форма лічынкі; 3 — стадыя фаза лічынкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦЬ,

старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.

Асець. Чарцёж (папярочны і падоўжны разрэзы).

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФГА́НСКАЯ МО́ВА, пушту,

адна з іранскіх моў (усх.-іранская група). Адна з дзвюх (разам з дары́) афіц. моў Афганістана, пашырана таксама на ПнЗ і З Пакістана. Шматлікія яе дыялекты падзяляюць на ўсх. і зах. групы.

Паводле грамат. ладу афганская мова флектыўная з элементамі аналітызму. Фанет. сістэма характарызуецца багаццем зычных (30 фанем); націск свабодны, рухомы. Два склоны: прамы і ўскосны ці спалучэнне ўскоснага склону з прыназоўнікам і паслялогам. Катэгорыя роду ўласцівая іменным і дзеяслоўным формам. Марфалогія дзеяслова складаная. Адносна пэўны парадак слоў у сказе: дзейнік — на пачатку, выказнік — у канцы. Пісьмовая традыцыя існуе з 16 ст. Пісьменства на аснове араб. графікі.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІТЫ́НІЯ (Bithynia),

род прэснаводных бруханогіх малюскаў сям. гідрабіід. Каля 20 відаў у Еўразіі і на в-ве Грэнландыя. Занесены ў Паўн. Амерыку. Жывуць у стаячых і праточных вадаёмах, на раслінах, камянях, у глеі. На Беларусі 2 віды: бітынія шчупальцавая (B. tentaculata) пашырана ў рэках, азёрах, вадасховішчах; бітынія Ліча (B. leachi) — рэдкі від, адзначаны ў азёрах Нарач, Дрывяты, Мястра, некаторых вадаёмах Палесся.

Ракавіна выш. да 15 мм, яйцападобная або авальна-канічная, гладкая, радзей спіральнай формы. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Корм для рыб. Ачышчаюць вадаёмы. Некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей, у прыватнасці кашэчай двухвусткі (узбуджальнік апістархозу).

Ракавіна бітыніі шчупальцавай.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БКА,

невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву. Вядома здаўна, на Беларусі пашырана з 2-й пал. 16 ст. Рабілі грубкі з цэглы, абліцаванай дэкар. пліткай, гаршковай паліванай і непаліванай кафляй. Выкарыстоўвалі ў жыллі, грамадскіх будынках (корчмах, аўстэрыях, ратушах, аптэках і інш.).

У сядзібных і палацавых будынках 16 — пач. 20 існавалі па-мастацку аздобленыя грубкі (сядзібныя дамы ў вёсках Агарэвічы Ганцавіцкага, Дзераўная Стаўбцоўскага р-наў, г.п. Карэлічы, г. Шклоў, палац у Нясвіжы і інш.). У дэкоры выкарыстоўвалі паліхромную ўзорыстую кафлю (вёскі Асташын і Дзяляцічы Навагрудскага р-на), з рэльефнымі геральдычнымі выявамі (Заслаўе, Лагойск, Нясвіж, Дзяржынск), з раслінным і інш. арнаментам.

Грубка ў Нясвіжскім палацы. Канец 18 ст.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ (Egretta alba),

птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.

Вялікая белая чапля.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.

Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)