сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАВА́Я ТУРБІ́НА,
цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед. вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРАКУ́ЗЫ (Syrakusai),
старажытнагрэчаскі поліс на ПдУ в-ва Сіцылія. Засн. каля 734 да н.э. выхадцамі з Карынфа. У 7—6 ст. да н.э. жыхары С. заснавалі шэраг калоній у Сіцыліі: Акра, Камарына, Касмена, магчыма, Эна. У пач. 5 ст. да н.э. гарадскі дэмас перамог гамораў (буйных землеўладальнікаў), якія звярнуліся па дапамогу да тырана Гелона, які ў 485 да н.э. захапіў уладу ў С. і ўсталяваў сваю тыранію. Пры яго пераемніку Пероне I [478—467 да н.э.] С. ўключалі значную частку вострава і ператварыліся ў самую магутную дзяржаву ў Міжземнамор’і. Пасля смерці Гіерона 1 дзяржава распалася, у С. усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. У 415—413 да н.э. С. адбілі спробы афінян заваяваць востраў. У 406 да н.э. ўладу ў С. захапіў тыран Дыянісій 1, пры якім С. адбілі агрэсію карфагенян і падпарадкавалі амаль усю Сіцылію. Пасля яго смерці націск Карфагена ўзмацніўся. У канцы 4 ст. да н.э. ў час праўлення Агафокла карфагеняне выгнаны з вострава. У перыяд 1-й і 2-й Пунічных войнаў С. былі на баку Рыма, потым перайшлі на бок Карфагена. С. — родны горад Архімеда, які кіраваў яго абаронай. У 212 да н.э. пасля 2-гадовай асады захоплены, разрабаваны рымлянамі і страцілі б.магутнасць. У рым. эпоху С. — месца знаходжання намеснікаў сіцылійскай правінцыі. З 535 н.э. належалі Візантыі. На месцы стараж. С. пабудаваны сучасны г. Сіракуза (Італія).
зледзяненне, якое доўжылася каля 110 тыс. гадоў з канца шклоўскага міжледавікоўя да пачатку муравінскага міжледавікоўя, перадапошняе зледзяненне на Беларусі ў плейстацэне. У час найб. пашырэння сожскае ледавіковае покрыва 3 вял. патокамі (нёманскім, мінскім, дняпроўскім) дасягала паўн. межаў Бел. Палесся. Яго адклады прадстаўлены пародамі: марэннымі (валунныя супескі і суглінкі), флювіягляцыяльнымі (пясок, жвір, пясчана-жвіровыя сумесі і інш.) і азёрна-ледавіковымі (стужачныя гліны, супескі, пяскі); іх магутнасць месцамі да 80 м. У цэнтр.ч. Беларусі залягаюць з паверхні, таксама ў складзе Гродзенскага, Навагрудскага, Мінскага, Ашмянскага, Аршанскага і інш. узвышшаў Бел. грады, Цэнтральнабярэзінскай і Аршанска-Магілёўскай і інш. раўнін (гл. адпаведныя арт.). У паласе краявых ледавіковых утварэнняў на Бел. градзе самая высокая адзнака — Дзяржынская гара (345 м), па ёй праходзіць гал.еўрап. Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні Гродзенскага, Навагрудскага і Ашмянскага ўзвышшаў маюць складкава-лускаватую будову. Адступанне С.з. адбывалася стадыйна (Ашмянскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі стадыялы), адзначана некалькімі зонамі краявых ледавіковых утварэнняў і звязаных з імі ўчасткамі мёртвага лёду. На Пн сожскія адклады пахаваны пад тоўшчай парод паазерскага зледзянення. На Пд яны пашыраны ў выглядзе зандраў, якія залягаюць на паверхні ў Палескай нізіне. Сожскі ледавік актыўна ўздзейнічаў на падсцілаючыя пароды, што прывяло да ўзнікнення глыбокіх ледавіковых лагчын, гляцыядыслакацый і адорвеняў палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх парод. Большасць даследчыкаў звязваюць утварэнне адкладаў С.з. з сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАМПЛІ́Н (франц. tremplin ад італьян. trampolino, ад trampolo хадулі),
спартыўны снарад (прылада) або збудаванне, якое забяспечвае павелічэнне адлегласці палёту спартсмена ў момант скачка. Адрозніваюць Т. для гімнастычных скачкоў, скачкоў на лыжах, водных лыжах, у ваду, фрыстайле і інш. Т. гімнастычны — спружыністая нахілена пастаўленая дошка, якая выкарыстоўваецца ў гімнастыцы, акрабатыцы для ўзмацнення адскоку ад апоры. Т. для скачкоў на лыжах — спарт. збудаванне, якое складаецца з гары разгону з верт. уступам і гары прызямлення, што пераходзіць у гарыз. пляцоўку. Абсталёўваецца пад’ёмнікам (ліфт, канатная дарога і інш.). У залежнасці ад прызначэння (для абучэння ці спарт. удасканаленасці) т.зв. магутнасць Т. (аптымальная даўж. скачка, на якую разлічаны Т.) бывае да 120 м і больш. Існуюць прыродныя (на схіле гары), штучныя (на эстакадах) і камбінаваныя. Т. для скачкоў у ваду — дошка даўж. 4,8—5 м, шыр. 0,5 м, якая прымацоўваецца да рамы скачковай вышкі на выш. 1 і 3 м ад паверхні вады. Адзін канец яе замацоўваецца шарнірна ці жорстка, у сярэдняй ч. абапіраецца на валік, што дае магчымасць мяняць жорсткасць і амплітуду ваганняў дошкі. Т. для скачкоў на водных лыжах — пакаты нахілены памост з гладкай паверхняй, даўж. да 6,7 м, шыр. каля 4 м, выш. над вадой да 1,8 м у мужчын і да 1,5 м у жанчын. Т. трохступеньчаты — снарад для наземнага навучання і трэніроўкі парашутыстаў. Дае магчымасць выпрацоўваць навыкі прызямлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на У Беларусі. Ахоплівае ПнУ і У Магілёўскай вобл. і крайні ПдУ Віцебскай вобл. Мяжуе з Беларуска-Валдайскай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй. Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны: Аршанска-Магілёўская раўніна і Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ, шыр. каля 100 км, пл. 15,1 тыс.км². Выш. 150—200 м, найб. 239 м (за 6 км на З ад в. Раздзел Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.).
Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Суражскага пахаванага выступу. Платформавы чахол складзены з парод верхняга пратэразою, дэвону, на Пд — юры, мелу, палеагену і неагену, перакрытых адкладамі антрапагену (магутнасць 40—80 м). Рэльеф — павышаная платопадобная, месцамі ўвалістая і спадзістахвалістая марэнная раўніна, сфарміраваная сожскім ледавіком, укрытая лёсападобнымі пародамі ў час паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: мел, мергель, гліны, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты, трэпел, мінер. воды, торф. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Вегетац. перыяд 185—187 сут. Ападкаў да 644 мм за год. Асн. рэкі Дняпро, Сож з прытокам Проня, вярхоўе Друці. Глебы дзярновыя моцна- і сярэднеападзоленыя. Лясістасць (20%) нераўнамерная. Яловыя, шыракаліста-яловыя і другасныя асінавыя лясы. Трапляюцца дубровы. У выніку чарнобыльскай катастрофы (1986) паўд.ч. правінцыі моцна забруджана радыенуклідамі, месцамі шчыльнасць забруджання цэзіем-137 дасягае 15—40 Кі/км² і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАВО́З,
неаўтаномны лакаматыў, які прыводзіцца ў дзеянне цягавымі электрарухавікамі, што сілкуюцца ад кантактнай сеткі або акумулятараў. Бываюць магістральныя (грузавыя, пасаж., грузапасаж), манеўровыя, прамысл. і рудніковыя; пастаяннага і пераменнага току, камбінаваныя. Магутнасць да 9 тыс.кВт, скорасць магістральных пасажырскіх да 220 км/гадз і больш, грузавых да 110 км/гадз.
Уключае мех. частку (кузаў, хадавыя цялежкі, аўтасчэпку), эл. і пнеўматычнае абсталяванне (кампрэсар, рэзервуары для сціснутага паветра, прылады тармазныя, сістэмы кіравання і інш.). У Э. пастаяннага току эл. абсталяванне — цягавыя рухавікі пастаяннага току, рухавікі дапаможных машын (напр., кампрэсараў), пераўтваральнікі напружання для сілкавання нізкавольтных прылад, пускарэгулюючыя і ахоўныя апараты, токаздымальнікі і інш.; у Э. пераменнага току — цягавы трансфарматар і выпрамнікі для сілкавання цягавых электрарухавікоў.
Першы доследны Э. пабудаваны ў 1879 Э.В.Сіменсам у Германіі, у 1880 у Расіі, першы магістральны — у 1895 у ЗША. Масавы выпуск і выкарыстанне Э. пачаліся ў 1932—34. У СССР у 1932 зроблены першы магістральны Э. серыі 11, пачалося праектаванне Э. серыі ВЛ.
На Беларусі грузавыя Э. пачалі выкарыстоўваць у 1981 на ўчастку чыг. Смаленск—Орша, у 1982 — на ўчастку Орша—Мінск. Рамонт Э. ВЛ80 і ЧС4Т асвоены з 1993 у дэпо г. Баранавічы і Мінска.
І.І.Леановіч.
Электравозы: 1 — скарасны для трансеўрапейскіх экспрэсаў і паяздоў «Інтэрсіці» серыі Е-03 (ФРГ); 2 — грузавы пераменнага току ВЛ80М (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА (англ. blockade),
1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш.Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш.эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.
2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам.магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РЫЙ,
імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржаве.
Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах.ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл.Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.
Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).
Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.
Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.